Галоўная / Беларуская версія / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


21.12.2018

Адпавядаць дынамізму часу

21.12.2018

Паважаныя дэпутаты, члены ўрада і запрошаныя!

Пятая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання завяршае сваю работу.

Перыяд развіцця, які перажывае сёння краіна, вельмі дынамічны. Прынцыпова змяняюцца падыходы да кіравання эканомікай, ідзе актыўны пошук новых ідэй і рэсурсаў эканамічнага росту.

Буйныя інвестпраекты, малы і сярэдні бізнес, актыўнае ўкараненне лічбавых тэхналогій і развіццё сферы паслуг закліканы стаць тымі драйверамі, якія выведуць на якасна новы ўзровень эканоміку і, як следства, дабрабыт грамадзян Беларусі.

Зразумела, усе гэтыя пытанні патрабуюць свайго заканадаўчага праламлення. І дэпутаты імкнуліся, каб рашэнні, прынятыя на сесіі, адказвалі дынамізму часу і тым задачам, якія ставіць кіраўнік дзяржавы па фарміраванні новых эканамічных адносін.

З гэтых пазіцый мы падыходзілі да разгляду пакета бюджэтна-падатковых дакументаў. Бюджэт рэспублікі на 2019 год звярстаны менавіта з улікам задач па росце даходаў насельніцтва, павышэнні аддачы ад дзяржпадтрымкі і рацыянальным кіраванні дзяржаўным доўгам. Усё гэта накіравана на ўмацаванне макраэканамічнай стабільнасці, забеспячэнне збалансаванага росту заробкаў і павышэнне сацыяльнай абароны насельніцтва.

З улікам прапаноў бізнес-супольнасці быў сур'ёзна перапрацаваны Падатковы кодэкс. Спрошчаны многія адміністрацыйныя працэдуры, парадак узаемадзеяння плацельшчыкаў з падатковымі органамі. Забяспечана і некаторае зніжэнне падатковай нагрузкі на суб'екты гаспадарання.

Разам з тым работу па стварэнні новага дзелавога клімату неабходна працягваць. Падатковае заканадаўства павінна паслядоўна станавіцца ўсё больш ёмістым, празрыстым і зразумелым для ўдзельнікаў эканамічнага жыцця, ствараць прывабныя ўмовы для легальнай дзейнасці і не правакаваць прадпрымальнікаў адводзіць свой бізнес у цень.

Адно з ключавых месцаў у нашым парадку занялі пытанні прыцягнення ў нацыянальную эканоміку замежнага капіталу і развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Дадатковыя магчымасці для іх вырашэння створаны з прыняццем законапраектаў, якія датычацца інвестыцый і прыватызацыі, дарожнай дзейнасці.

Аднак ужо сёння мы бачым новыя пункты прыкладання сваіх сіл у гэтых абласцях. Вызначыць іх дапамагло правядзенне парламенцкіх слуханняў па інвестыцыйнай праблематыцы. Але, каб рэкамендацыі, прынятыя па іх выніках, не засталіся на паперы, нам трэба ўзмацніць узаемадзеянне з урадам, мясцовымі органамі ўлады, бізнес-супольнасцю і крок за крокам дамагацца пастаўленых мэт.

У ходзе сесіі нароўні са спрашчэннем некаторых умоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці зроблены і шэраг сур'ёзных захадаў па яе дэкрыміналізацыі. З Крымінальнага кодэкса, напрыклад, знікнуць такія паняцці, як ілжэпрадпрымальніцтва, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць і пакаранне ў выглядзе канфіскацыі. Істотна павышаны парогі шкоды, з якіх наступае крымінальная адказнасць. Акрамя таго, за злачынствы ў сферы эканомікі, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, учыненыя ўпершыню, не будзе ўжывацца такая мера, як пазбаўленне волі. Гэта зроблена перш за ўсё для таго, каб неістотныя памылкі суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу не сталі фатальнымі для прадпрымальнікаў і службовых асоб прадпрыемстваў.

Словам, прасторы для манеўру ў прадпрымальнікаў становіцца больш, што дазволіць, дарэчы, больш эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці развіцця прамых сувязяў з прадстаўнікамі замежнага бізнесу, якія адкрываюцца ў сувязі з правядзеннем беларуска-расійскіх і беларуска-ўкраінскіх форумаў рэгіёнаў. Але гэта далёка не канец. У нас створаны нядрэнны зачын па паляпшэнні прававога поля ў гэтай сферы. І я прашу профільныя камісіі трымаць рэалізацыю ўсіх гэтых напрацовак на асаблівым кантролі.

На сесіі прыняты і шэраг значных рашэнняў у галіне сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Рэалізавана некалькі важных дэпутацкіх ініцыятыў у сферы экалогіі і прыродакарыстання. На чарзе — работа яшчэ над цэлым пакетам дакументаў, непасрэдна накіраваных на павышэнне якасці жыцця.

Зразумела, у першую чаргу якасць жыцця вызначаецца ўзроўнем эканамічнага дабрабыту. Стварэнне стабільнага асяроддзя для доўгатэрміновых інвестыцый — гэта неабходная ўмова даверу замежных дзелавых колаў да Беларусі і жадання рабіць тут бізнес. А гэта, у сваю чаргу, прадугледжвае надзейнае забеспячэнне законнасці, правапарадку, грамадзянскага міру і грамадскай згоды ўнутры краіны.

У святле нарастання сусветнай напружанасці здольнасць дзяржавы вырашаць гэтыя задачы значна вырастае ў цане. Менавіта таму Беларусь у апошнія гады ўсё часцей выбіраецца ў якасці пляцоўкі для абмеркавання сур'ёзных пытанняў рэгіянальнага і глабальнага парадку дня.

Дзякуючы ўмацаванню іміджу Беларусі і яе парламента на міжнароднай арэне прыкметна змяніліся дынаміка і якасць нашых двухбаковых кантактаў. Важна, што ў рабоце парламенцкіх груп дружбы пачынае пераважаць канкрэтыка. Па-дзелавому абмяркоўваюцца пытанні пашырэння бізнес-сувязяў, нарошчвання гандлёвага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Асабліва паказальныя тут вынікі кантактаў з нашымі калегамі з Германіі, Чэхіі і Швейцарыі.

Чым больш еўрапейскія палітыкі адкрываюць для сябе Беларусь, тым больш яны бачаць перспектыў для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Гэта, дарэчы, пацвярджае і развіццё нашага дыялогу з прадстаўнікамі Еўрапарламента.

Не менш пазітыўныя тэндэнцыі адзначаюцца і на іншых вектарах міжпарламенцкага супрацоўніцтва. У гэтым плане трэба адзначыць некалькі знакавых падзей, і перш за ўсё афіцыйныя візіты ў Рэспубліку Беларусь егіпецкай і турэцкай парламенцкіх дэлегацый.

Візіт старшыні парламента Егіпта ў Мінск стаў першым за ўсю гісторыю беларуска-егіпецкіх адносін. Важным яго вынікам стала падпісанне Пагаднення аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве. Сумесную заяву, якая спрыяе паглыбленню сувязяў і кантактаў паміж органамі заканадаўчай улады, мы падпісалі і з Турцыяй. Такім чынам, наша дагаворная база папоўнілася адразу двума дакументамі. А ўсяго іх колькасць набліжаецца ўжо да 50.

Такога роду дамовы з'яўляюцца вельмі эфектыўным інструментам развіцця супрацоўніцтва не толькі ў палітычнай, але і ў эканамічнай сферах. Мы ўсе выдатна разумеем, наколькі важныя для Беларусі дыверсіфікацыя рынкаў збыту айчыннай прадукцыі і пошук новых гандлёвых партнёраў. Дзякуючы Мемарандуму аб супрацоўніцтве з парламентам Судана нам удалося аб'яднаць свае намаганні па рэалізацыі волі лідараў дзвюх нашых дзяржаў па рашэнні гэтых задач.

Нядаўняя сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Судана вывела адносіны паміж дзвюма краінамі на стратэгічны ўзровень, пра што кажуць заключэнне кантрактаў на чвэрць мільярда долараў і падпісанне вялікага пакета міжурадавых пагадненняў.

Безумоўна, дэпутатам трэба далучыцца да выканання гэтых дамоўленасцей. Пра гэта, у прыватнасці, мы гаварылі на сустрэчы з прэзідэнтам Судана. Мы таксама пагадзіліся, што развіццю нашых адносін будзе спрыяць наладжванне дыялогу з Панафрыканскім парламентам.

Актыўна мы працуем і ў рамках еўразійскага міжпарламенцкага дыялогу. У гэтым плане хацеў бы адзначыць вынікі трэцяй Нарады спікераў парламентаў краін Еўразіі, якая прайшла сёлета ў кастрычніку ў Турцыі. Гэтая пляцоўка дазваляе нам абмяркоўваць прынцыповыя пытанні забеспячэння міру, бяспекі, стабільнага развіцця рэгіёна і з'яўляецца досыць эфектыўнай платформай нарошчвання эканамічнага супрацоўніцтва.

Наступная нарада пройдзе ў Астане. І на сустрэчы са старшынёй Сената парламента Казахстана, які знаходзіўся ў Мінску ў сувязі з удзелам у сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, мы абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння ў міжнародных структурах з улікам фактараў, якія могуць аказаць сур'ёзны ўплыў на перспектывы еўразійскай інтэграцыі.

Адзін з такіх фактараў — кітайская ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях». Беларусь — актыўны прыхільнік гэтага праекта. Увесну наступнага года ў Мінску пройдзе Міжнародная канферэнцыя Групы падтрымкі Шаўковага шляху ў ПА АБСЕ. І задача дэпутатаў — годна прэзентаваць магчымасці нашай краіны як найважнейшага сувязнага звяна на эканамічнай прасторы Еўразіі.

У гэтых мэтах трэба выкарыстоўваць і патэнцыял работы, якую трэба правесці ў міжпарламенцкіх арганізацыях, тым больш што ў найбліжэйшыя месяцы менавіта ў гэтую сферу перамесціцца цэнтр нашай актыўнасці. Мы прымем удзел у зімовым пасяджэнні ПА АБСЕ ў Вене, сесіях ПАСЕ ў Страсбуры. Акрамя таго, у красавіку ў Санкт-Пецярбургу пройдзе сорак дзявятае пленарнае пасяджэнне МПА СНД.

А ўжо заўтра ў Маскве пачне сваю работу пяцьдзясят пятая сесія Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Галоўным адрозненнем гэтага форуму стане тое, што разам з традыцыйным разглядам Саюзнага бюджэту мы, як і дамаўляліся раней, упершыню правядзём так званую ўрадавую гадзіну. Гэтым разам дыскусія будзе прысвечана пытанням фарміравання адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы, адмены роўмінгу. Мяркую, што менавіта такія інтэрактыўныя формы павінны часцей выкарыстоўвацца саюзнымі парламентарыямі для абмеркавання найбольш вострых пытанняў беларуска-расійскай інтэграцыі.

На заканчэнне, паважаныя калегі, хацеў бы сказаць некалькі слоў пра работу ў выбарчых акругах. Наступны год будзе дастаткова няпросты ў тым сэнсе, што мы паступова ўступаем у перыяд важных выбарчых кампаній. Ужо сёння ў краіне назіраецца паступовае павышэнне палітычнай актыўнасці. Таму нам трэба сур'ёзна ўзмацніць інфармацыйны складнік сваёй работы з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, грамадскімі аб'яднаннямі.

Наша галоўная задача — кансалідацыя грамадства. Людзі павінны з першых рук атрымліваць дакладную і аб'ектыўную інфармацыю аб усіх дзеяннях улады, аб мерах, якія прымае дзяржава па правядзенні палітычнага курсу, накіраванага на захаванне суверэнітэту, мірнага і спакойнага развіцця краіны ў складаных знешнепалітычных і знешнеэканамічных умовах.

Ну а напярэдадні Новага года нам, зразумела, трэба прыняць самы актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці». Гэты дабрачынны марафон — выдатны прыклад таго, як добрыя справы здольныя аб'ядноўваць людзей самых розных узростаў, прафесій і перакананняў. Бо за апошнія гады колькасць неабыякавых грамадзян, якія набываюць для дзяцей цацкі, прадметы першай неабходнасці, пераводзяць грошы на рахункі дзіцячых устаноў, значна вырасла.

Дэпутаты заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у гэтай акцыі, падключаюць да яе прадпрыемствы, грамадскасць. І нам трэба працягнуць гэтую добрую традыцыю — абавязкова наведаць інтэрнаты, дамы сямейнага тыпу, бальніцы, апякунскія і прыёмныя сем'і, аказаць дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем і, вядома, падарыць дзецям свята.

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць