Рус Бел En
Галоўная / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


03.04.2019

Базавыя прынцыпы ўстойлівага росту

03.04.2019

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі на адкрыцці шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання

Паважаныя дэпутаты, члены ўрада і запрошаныя!

Пачынае сваю работу шостая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Яе парадак дня фарміраваўся ў цеснай увязцы з ключавымі пытаннямі грамадска-палітычнага жыцця, якія сёння так шырока і зацікаўлена абмяркоўваюцца ў краіне па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы.

У гэты дыялог, важным этапам якога стане зварот Прэзідэнта з Пасланнем да беларускага народа і парламента, уключаны ўсе структуры ўлады, грамадзянскай супольнасці, бізнесу, айчынныя і замежныя медыя.

Усіх удзельнікаў вялікай размовы аб'ядноўвае жаданне бачыць Беларусь свабоднай, мірнай, справядлівай і стабільнай. І гэта цалкам адпавядае курсу на безумоўнае забеспячэнне нацыянальнага суверэнітэту, эканамічнай незалежнасці, абарону канстытуцыйных правоў і гарантый нашых грамадзян.

Менавіта гэтыя прыярытэты былі пакладзены ў аснову нашых заканадаўчых планаў. На сённяшні дзень у пастаянных камісіях знаходзіцца ўжо 65 законапраектаў, 37 з якіх цалкам падрыхтаваны да разгляду ў Авальнай зале.

Пералік змешчаных у іх пытанняў адлюстроўвае амаль увесь спектр задач па развіцці стабільнага дзелавога асяроддзя, ІТ-сектара, пашырэнні зялёнай эканомікі, павышэнні якасці жыцця ў розных сферах, падтрыманні міру, стабільнасці і грамадскай згоды.

Галоўны наш рэсурс — інтэлектуальны патэнцыял. Толькі абапіраючыся на яго, мы зможам прыкметна знізіць сваю сыравінную залежнасць і нарасціць аб'ёмы экспарту. Акрамя таго, павелічэнне колькасці рабочых месцаў у лічбавай сферы фарміруе высокі попыт. Гэта жыццёва важна для многіх галін і прадпрыемстваў, якія традыцыйна арыентаваны на ўнутраны рынак.

Гэтыя пытанні выходзяць сёння на першы план, і для іх паспяховага комплекснага вырашэння трэба аператыўна ствараць адпаведныя прававыя ўмовы.

Для паскоранага ўкаранення навукаёмістых тэхналогій патрабуецца канцэнтрацыя сродкаў пад праекты, якія дадуць гарантаваны эканамічны эфект. Таму сёння вельмі важна заканадаўча прапісаць дакладны механізм фарміравання праграмы інавацыйнага развіцця. Гэта і будзе наша асноўная задача пры карэкціроўцы закона аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы.

Трэба сур'ёзна думаць і аб тым, каб правілы на беларускім рынку станавіліся ўсё больш зразумелымі і зручнымі для інвестараў. Гэта ў першую чаргу трэба ўлічваць пры разглядзе на сесіі законаў па пытаннях аўдытарскай дзейнасці, тэхнічнага нарміравання, стандартызацыі і экалагічнай экспертызы.

Вядома, нельга выпускаць з-пад увагі і тую работу, якая вядзецца пакуль па-за сценамі Авальнай залы. Размова ідзе аб фарміраванні бюджэтна-падатковага заканадаўства. Мы дамовіліся актыўна ўдзельнічаць у гэтым працэсе.

Несумненна, асаблівую ўвагу нашых выбаршчыкаў прыцягне шэраг запатрабаваных законапраектаў сацыяльнага блока, тым больш што на цяперашняй сесіі гэта будзе, бадай, самы аб'ёмны пакет дакументаў.

Падрыхтоўка новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса і паправак у закон аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг прадыктавана неабходнасцю зняць цэлы комплекс праблем, што назбіраліся ў правапрымяненні ў грамадзян, арганізацый забудоўшчыкаў і суб'ектаў гаспадарання.

Кола задач, якія трэба вырашыць у гэтай сферы, дакладна акрэслена кіраўніком дзяржавы ў яго дырэктывах па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўнічай галіны. Гэта перш за ўсё павышэнне якасці абслугоўвання, правядзенне справядлівай тарыфнай палітыкі, падтрымка сацыяльна слабаабароненых катэгорый насельніцтва і развіццё грамадскага кантролю.

Важным паказчыкам дабрабыту грамадства з'яўляецца забеспячэнне канстытуцыйных правоў грамадзян на якаснае медыцынскае абслугоўванне і спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

Зразумела, сістэма беларускай аховы здароўя развіваецца даволі дынамічна. Але гэта якраз і патрабуе пастаяннай увагі да яе з боку заканадаўцаў. Сёння, напрыклад, ёсць відавочная неабходнасць абмеркаваць шляхі паляпшэння санітарна-эпідэміялагічнага кантролю, развіцця айчыннай транспланталогіі і методык лячэння бясплоддзя. Шэраг наспелых рашэнняў неабходна таксама прыняць у сферах экалогіі і радыяцыйнай бяспекі.

Гаворачы пра бяспеку ў цэлым, трэба сказаць, што задача яе забеспячэння ў лічбавую эпоху патрабуе прынцыпова новых падыходаў. І ў гэтым плане адобраная нядаўна Прэзідэнтам краіны Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі — вельмі важны і актуальны дакумент, з улікам якога нам цяпер трэба будзе будаваць усю сваю далейшую работу.

У сувязі з гэтым хачу звярнуць увагу дэпутатаў, па меншай меры, на два сур'ёзныя законапраекты. Адзін з іх датычыцца ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму. Яго значнасць абумоўлена тым, што метады розных дэструктыўных сіл з кожным днём становяцца ўсё больш дасканалымі. Мы ж павінны навучыцца дакладна распазнаваць усе гэтыя пагрозы і жорстка працаваць на апярэджанне.

Другі — антыдопінгавы праект. На першы погляд, яго сувязь з бяспекай у сферы інфармацыі не такая відавочная. Але мы бачым, якую вялікую шкоду допінгавыя скандалы могуць нанесці рэпутацыі спартсменаў, ды і дзяржавы ў цэлым.

Нам гэта зусім не патрэбна, асабліва напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў. Паколькі пазітыўны імідж краіны ствараецца цаной вялікіх намаганняў, у тым ліку ў рамках рэалізацыі міралюбівага шматвектарнага знешнепалітычнага курсу нашай дзяржавы.

Беларусь нацэлена на канструктыўнае вырашэнне міжнародных праблем, разглядаючы абсалютна ўсіх, хто гатовы супрацоўнічаць з намі, як раўнапраўных партнёраў. Таму забеспячэнне збалансаванасці нашых кантактаў на ўсіх вектарах беларускай знешняй палітыкі мы бачым галоўнай задачай сваёй парламенцкай дыпламатыі.

Перш за ўсё гэта датычыцца нашых намаганняў на заходнім і ўсходнім напрамках супрацоўніцтва. Бо менавіта ў гэтым вялікім рэгіёне свету пачынаюць сёння паступова праступаць контуры прынцыпова новай архітэктуры міжнародных адносін. І, зразумела, мы кроўна зацікаўлены ў тым, каб знайсці і замацаваць тыя кропкі, дзе сыходзяцца галоўныя эканамічныя і гуманітарныя інтарэсы на кантыненце.

Ідэю інтэграцыі інтэграцый, у аснове якой — умацаванне ўзаемнага даверу і эканамічнага супрацоўніцтва, беларускія парламентарыі актыўна падтрымліваюць на ўсіх міжпарламенцкіх пляцоўках, у прыватнасці ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Менш як праз месяц у сталіцы Беларусі пройдзе канферэнцыя Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ па пытаннях павышэння інвестыцыйнай, транзітнай і турыстычнай прывабнасці краін, зацікаўленых у рэалізацыі гэтай ініцыятывы.

Форум абяцае быць даволі змястоўным. У ім прымуць удзел прадстаўнікі 23 дзяржаў. І мы перакананы, што абмен думкамі будзе вельмі карысны і пазітыўна паўплывае на ўмацаванне ўсебаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. У гэтых мэтах мы, вядома, пастараемся прадставіць нашым замежным партнёрам максімальна поўную інфармацыю аб патэнцыяле Беларусі ў якасці важнага звяна Эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

Яшчэ адной беларускай ініцыятывай у рамках ПА АБСЕ стане праект чарговай рэзалюцыі, якую мы плануем вынесці на абмеркаванне ў ліпені бягучага года ў Люксембургу на 28-й штогадовай сесіі асамблеі. Нагадаю, што дакумент прысвечаны ўмацаванню супрацоўніцтва ў галіне тэхналагічнага прагназавання.

Вельмі сур'ёзны комплекс задач пры актыўным удзеле парламентарыяў вырашаецца сёння ў рамках Саюзнай дзяржавы. Карыстаючыся выпадкам, хачу сардэчна павіншаваць усіх беларусаў і расіян са святам — Днём яднання нашых народаў.

Цалкам відавочна, што Саюзная дзяржава — гэта наша рэальнае дасягненне. Бо абсалютная большасць ініцыятыў, што пашыраюцца намі сумесна на міжнароднай арэне, адпрацоўваецца менавіта на гэтай пляцоўцы. Пры гэтым шэраг ключавых напрацовак «двойкі» пакуль не мае аналагаў.

Пры падрыхтоўцы прапаноў па паглыбленні інтэграцыі нам важна сканцэнтравацца на пытаннях больш поўнага раскрыцця патэнцыялу нашага навукова-тэхнічнага, вытворчага ўзаемадзеяння і развіцця кааперацыі. Толькі моцная інавацыйная эканоміка можа зрабіць нас мацнейшымі і забяспечыць павышэнне дабрабыту нашых народаў.

Грамадзяне Беларусі і Расіі павінны рэальна адчуваць эканамічныя і сацыяльныя выгады інтэграцыі. Таму задача парламентарыяў — максімальна садзейнічаць устараненню ўсяго, што перашкаджае сёння свабоднаму перамяшчэнню тавараў, паслуг, капіталу, рабочай сілы, стварэнню аднолькавых умоў і гарантый для суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін.

Важна, што ў гэтых пытаннях мы знаходзім разуменне і падтрымку нашых расійскіх калег. У рамках бягучых мерапрыемстваў саюзнага парламента ідзе вельмі насычаная і плённая работа па падрыхтоўцы да 56-й сесіі Парламенцкага сходу, якая пройдзе ў Беларусі, і шостага Форуму рэгіёнаў, запланавага на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Асноўны акцэнт тут трэба рабіць на кантролі за выкананнем раней прынятых рашэнняў.

Даволі нядрэнны зачын у нас ствараецца і для нарошчвання сувязяў з дзяржавамі іншых рэгіёнаў свету. Гэтаму садзейнічаюць кансультацыі, якія мы актыўна вядзём на палях міжпарламенцкіх арганізацый і на ўзроўні груп дружбы, а таксама пастаянныя кантакты з прадстаўнікамі ўплывовых міжнародных структур, дзелавых колаў і дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі.

Нас задавольвае, як зацікаўлена і па-дзелавому будуецца сёння дыялог з нашымі еўрапейскімі калегамі. Вельмі карысна, у прыватнасці, прайшлі перагаворы з прадстаўнікамі парламентаў Германіі, Нідэрландаў, Швецыі.

Пастаянны і плённы характар маюць сустрэчы з парламентарыямі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Яркі прыклад таго — цяперашні візіт у Беларусь высокай парламенцкай дэлегацыі Кітая.

У мінулым годзе мы практычна зрабілі прарыў у беларуска-егіпецкіх парламенцкіх адносінах. А ў чэрвені бягучага года чакаецца афіцыйны візіт у Мінск прэзідэнта Егіпта. Плануецца, што ён выступіць перад беларускімі парламентарыямі з прамовай. Гэта будзе першае выступленне кіраўніка замежнай дзяржавы ў Авальнай зале.

У цэлым жа наша міжнародная праграма будзе даволі напружанай. Я не буду пералічваць усе мерапрыемствы. Скажу толькі, што кожнае з іх мы павінны разглядаць як падставу для замацавання пазіцый, дасягнутых у пашырэнні нацыянальных інтарэсаў. Ключавым пунктам прыкладання нашых намаганняў тут па-ранейшаму застаюцца гандлёва-эканамічныя пытанні.

Часта іх вырашэнне ўпіраецца ў праблему СГА, далучэнне да якой абяцае Беларусі як немалыя выгады, так і відавочныя рызыкі. Дэпутаты падключыліся да вывучэння гэтай праблемы. І яна павінна стаць прадметам усебаковага аналізу ў рамках семінара, які плануецца арганізаваць сумесна з Сакратарыятам СГА.

Паважаныя калегі!

Задачы, якія нам трэба будзе вырашаць у ходзе сесіі, маюць прамую праекцыю на забеспячэнне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, устойлівага эканамічнага развіцця і паслядоўнага павышэння якасці жыцця нашых грамадзян.

У гэтым плане глыбока сімвалічна, што сесія праходзіць у год святкавання 25-годдзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, 25-годдзя інстытута прэзідэнцтва і напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта гэтыя падзеі ўвасабляюць для нас найвышэйшыя каштоўнасці, што складаюць унутраны стрыжань беларускага народнага характару і трывалую аснову нацыянальнай дзяржаўнасці.

Незалежнасць, міралюбнасць, сацыяльная справядлівасць, эвалюцыйны характар пераўтварэнняў. Аб'яднанне грамадства і дзяржавы вакол гэтых базавых прынцыпаў — галоўная ўмова забеспячэння нашай агульнай упэўненасці ў заўтрашнім дні.

Дзяржава — для народа. У гэтым і заключаецца глыбокі сэнс адкрытай і сумленнай размовы, якую Прэзідэнт вядзе з краінай. І мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб наша дзейнасць адпавядала патрабаванням кіраўніка дзяржавы і чаканням выбаршчыкаў.

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць