Галоўная / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


06.04.2018

«Дапамагчы канкрэтным людзям канкрэтнымі справамі»

06.04.2018 00:40

Аўтар: Таццяна Лазоўская

Грамадства, Здароўе

Жонка, маці, жанчына, гаспадыня, дэпутат, медык. Ці лёгка сумяшчаць усе абавязкі? Пра гэта і іншае карэспандэнт распытала  намесніка старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, практыкуючага кардыёлага Валянціну Курсевіч.

— Валянціна Вацлаваўна, вы балатаваліся ў дэпутаты па Заслаўскай выбарчай акрузе № 77, куды ўваходзяць аграгарадок Лясны і вёска Бараўляны, якія практычна зрасліся і ўяўляюць сабой «мегаполіс». У Бараўлянах таксама сканцэнтравана шмат медыцынскіх устаноў: рэспубліканскага, абласнога, раённага падпарадкавання. Па дапамогу сюды едуць людзі з усёй краіны. І вядома, неабходна шмат чаго вырашаць, каб камфортна адчувалі сябе не толькі мясцовыя жыхары, але і пацыенты, тыя, хто прыязджае іх наведваць. Што ўжо ўдалося зрабіць? І на што варта звярнуць увагу ў перспектыве?

— Паколькі я сама ўрач, то зацікаўлена ў тым, каб аграгарадок Ляcны і вёска Бараўляны працягвалі развівацца і ўладкоўвацца. У гэтым кірунку ўжо шмат зроблена. За апошнія гады ў добраўпарадкаванне населеных пунктаў укладзены значныя фінансавыя сродкі і матэрыяльныя рэсурсы. І вядома, сфера аховы здароўя будзе ўмацоўвацца і ў далейшым, пра што сведчаць канкрэтныя планы. У прыватнасці, у Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы ўзводзіцца тэрапеўтычны корпус на 180 месцаў. Аб'ект плануецца здаць у другім паўгоддзі 2018-га. Яго ўвод дазволіць палепшыць аказанне медыцынскай дапамогі жыхарам Мінскага раёна, дзе налічваецца больш як 220 тысяч насельніцтва. І колькасць жыхароў штогод павялічваецца амаль на 7 тысяч. Толькі ў адным Бараўлянскім сельсавеце пражывае 55 тысяч чалавек. Зразумела, што патрэбны дадатковыя магутнасці ў галіне медыцыны. Акрамя таго, прадугледжана ўдасканаленне спецыялізаванай дапамогі. З гэтай мэтай вызначаны, так бы мовіць, пункты на базе цэнтральных раённых бальніц: Бараўляны, Салігорск, Маладзечна і Барысаў, якія дазволяць павысіць якасць аказання медыцынскіх паслуг. Змены датычацца літаральна ўсіх раздзелаў медыцыны: траўматалогія, неўралогія, кардыялогія і іншыя.


На базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава ў Бараўлянах плануецца ўвесці ў дзеянне гасцініцу для людзей, якія прыехалі здалёк і не паспелі зрабіць абследаванне за адзін дзень. Яны змогуць тут спыніцца. Вельмі актуальным застаецца пытанне забеспячэння жыллём работнікаў аховы здароўя. У вёсцы Ляскоўка плануецца будаўніцтва трох дамоў для медыкаў Мінскага раёна. У перспектыве мяркуецца рэканструяваць аб'екты нерухомасці, якія не выкарыстоўваюцца, пад інтэрнаты для работнікаў аховы здароўя.

Разам з тым, будуць будавацца дзіцячыя сады, школы. У той жа Ляскоўцы з 1 верасня 2018 года адкрыецца новая школа на 720 месцаў.

— Вы па прафесіі медык, але людзі звяртаюцца да вас не толькі па пытаннях аховы здароўя...

— Так, на першым месцы — праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, на другім — рамонт і рэканструкцыя дарог, затым сацыяльная сфера, ахова здароўя, адукацыя.

У сельскіх Саветах дэпутатаў мы вядзём прыёмы па асабістых пытаннях грамадзян. Папярэдне за два-тры дні да пачатку вывешваем аб'явы, каб чалавек мог своечасова сарыентавацца. Людзі прыходзяць з рознымі пытаннямі. Што датычыцца Заслаўя, то жыхароў хвалюе будаўніцтва новых бальніцы і паліклінікі. У сувязі з гэтым правялі сустрэчу з медработнікамі Мінскага раёна, у якой прымалі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Наталля Баярская, намеснік старшыні Мінскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мякіннік. У інвестыцыйную праграму цэнтральнага рэгіёна на 2018 год унесены будаўнічы праект, архітэктурны ўжо падрыхтаваны.

На парадку дня таксама пытанне якасці вады ў Мінскім раёне. Да 2020 года плануецца пабудаваць станцыю абезжалезвання ў Заслаўі.

У гэтым населеным пункце мы сустракаліся таксама з жыхарамі мікрараёна Хмелеўка па пытаннях добраўпарадкавання. У выніку на вуліцы Анусінскай з'явілася цвёрдае пакрыццё. Распрацаваны план асфальтавання і ўладкавання іншых вуліц. Неаднаразова праводзілі сустрэчы з жыллёва-камунальнымі службамі, водаканалам Мінскага раёна па добраўпарадкаванні ваеннага гарадка Аколіца, які знаходзіцца на тэрыторыі Астрашыцкагарадоцкага сельсавета. І нават разам правялі суботнік. Ужо ўнесены пэўныя карэктывы ў капітальны рамонт дамоў, упарадкаванне тэрыторый. Пытанні, якія падымаюць на прыёмах грамадзяне, наколькі гэта магчыма, імкнёмся вырашаць. Да мяне звярталіся людзі, якія шмат гадоў працуюць ва ўстановах аховы здароўя, з просьбай пасадзейнічаць — аднавіць аўтобусны прыпынак каля садовага таварыства «Узгор'е». З дапамогай кіраўніцтва «Мінаблдарбуда» ў чэрвені аб'ект увялі ў дзеянне. З аналагічнай праблемай пасля будаўніцтва кальцавой дарогі сутыкнуліся і жыхары вёскі Траскоўшчына. У планах на 2018 год прадугледжана будаўніцтва прыпыначнага пункта і ў гэтай вёсцы.

— Дапамога канкрэтным людзям канкрэтнымі справамі ўмацоўвае аўтарытэт народнага абранніка. Але ж ваша камісія робіць нямалы ўнёсак ва ўдасканаленне заканадаўства па ахове здароўя, умацаванні сямейных адносін, развіцці фізічнай культуры. Што новага апошнім часам з'явілася ў гэтай сферы?

— У 2017 годзе наша камісія працавала над законапраектам па аказанні дзяржаўнай дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. У законапраект уносіліся дапаўненні і змяненні некалькі гадоў таму — дэпутатамі пятага склікання. Асноўная ўвага тады ўдзялялася мерам па стымуляванні нараджальнасці: пры з'яўленні ў бацькоў другога, трэцяга і наступнага дзіцяці. Гэта дало свой плён: у 2016 годзе ў Беларусі ўпершыню нараджальнасць перавысіла смяротнасць. Змяненні, якія мы прапанавалі летась, датычыліся падтрымкі найбольш неабароненых у сацыяльных адносінах груп насельніцтва: сем'яў, дзе бацькі-інваліды выхоўваюць дзяцей, і тых сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Раней жанчыны, якія сталі на ўлік у тэрмін да 12 тыдняў цяжарнасці ў дзяржаўных установах, мелі права на атрыманне дапамогі па цяжарнасці і родах. Зараз такім правам карыстаюцца і будучыя маці, якія стаяць на ўліку ў недзяржаўных установах аховы здароўя. Гэта, лічу, вельмі важны пункт. Другі значны законапраект, які прымалі, датычыцца фізічнай культуры і спорту. Сюды ўвайшлі многія змяненні і дапаўненні па функцыях валанцёраў, сцюардаў і іншае.

Сёлета камісія будзе працаваць над законапраектам аб донарстве. Дакумент скіраваны на прыярытэт бясплатнага донарства ў Рэспубліцы Беларусь. Надзвычай актуальны і законапраект аб трансплантацыі органаў і тканак. У 2017 годзе праведзена звыш 500 аперацый. І тут, канешне, мае вялікае значэнне юрыдычны бок пытання. На чарзе таксама абмеркаванне Кодэкса аб сям'і і шлюбе.

— Што, на вашу думку, галоўнае ў сферы аховы здароўя?

— Кожны жыхар Беларусі павінен мець права на якасную, даступную і своечасовую медыцынскую дапамогу. Здаровая нацыя — значыць, моцная сям'я, і адсюль квітнеючая дзяржава. Далёка хадзіць не трэба: па статыстыцы колькасць людзей, якія вядуць здаровы лад жыцця, штогод павялічваецца. Кожны чацвёрты беларус займаецца фізкультурай і спортам. І гэта неабходна прапагандаваць. Хваробу лягчэй прадухіліць, чым затым лячыць. Тым больш што на гэта траціцца шмат дзяржаўных грошай. Прафілактычная работа павінна пачынацца з падлеткаў, моладзі, школьнікаў. Іх варта накіроўваць на тое, што яны не павінны сядзець толькі за падручнікамі. Вядома, вучэбныя праграмы складаныя, і кіраўнік дзяржавы паставіў задачу іх перапрацаваць, адаптаваць да новых эканамічных умоў. Разам з тым, трэба, каб фізкультура была пад асаблівым кантролем. Для гэтага ў нашай краіне робіцца шмат, укладваюцца вялікія матэрыяльныя і фінансавыя сродкі. Не кожны чалавек стане спартсменам, але весці здаровы лад жыцця павінны ўсе.

— Валянціна Вацлаваўна, пра вас вельмі цёпла адгукаюцца людзі: кажуць, вы вельмі ўважліва і чула ставіцеся да пацыентаў, у палату заходзіце з усмешкай... Але не ўсе вашы калегі паводзяць сябе так. Чаму?

— Медыцыну трэба любіць, сюды не павінны трапляць выпадковыя людзі. Гэта маё асабістае меркаванне. Акрамя экзаменаў, якія здаюць абітурыенты, неабходныя псіхалагічныя тэсты, каб даведацца наколькі ім ўласцівы такія чалавечыя якасці, як спачуванне, пачуццё суперажывання, цярплівасць, уменне выслухаць, падтрымаць, падбадзёрыць, супакоіць хворага. Такія рысы характару вельмі важныя для будучага медыцынскага работніка. Не важна, гэта ўрач з вышэйшай адукацыяй або медсястра, санітарка. Ад уважлівага стаўлення з іх боку залежаць настрой і здароўе пацыентаў. Вядома, усе мы людзі са сваімі праблемамі: бытавымі, сямейнымі. Але, калі вы прыходзіце на работу, то павінны пакінуць усе непрыемнасці за парогам.

— Вы чалавек заняты: сустрэчы з выбаршчыкамі, сесіі, нарады, работа. Не крыўдуюць вашы сямейныя, што вы мала ўдзяляеце ім увагі?

— У маёй сям'і ўсе ўрачы. Муж рэаніматолаг, сын — хірург-анколаг, нявестка — кардыёлаг. Таму мяне разумеюць, падтрымліваюць і ідуць насустрач.

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць