Рус Бел En
Галоўная / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі
17.05.2017

Якія захады патрэбны для павышэння ролі мясцовага самакіравання?

17.05.2017 00:38
Аўтар: Вераніка Пуставіт, Уладзiслаў Лукашэвіч
Грамадства, Рэгіёны, Дыялог

На жаль, далёка не ўсе выбаршчыкі ведаюць свайго дэпутата. Ужо гутарка не ідзе пра тое, ці цікавіцца насельніцтва, асабліва ў вялікіх гарадах, пытаннямі, якія вырашаюць мясцовыя ўлады... Як зрабіць прадстаўнікоў саветаў дэпутатаў больш пазнавальнымі, а іх працу больш эфектыўнай, — пра гэта ішла размова падчас круглага стала «Роля мясцовага самакіравання ў грамадскім і сацыяльна-эканамічным жыцці рэгіёнаў і краіны ў цэлым».

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел Лілія АНАНІЧ, міністр інфармацыі Беларусі, Аляксандр ПАПКОЎ, старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Леанід ЦУПРЫК, старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ, намеснік міністра інфармацыі, Павел СУХАРУКАЎ, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», Аляксандр ІВАНОЎСКІ, прафесар-кансультант Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Іван ЛІПНІЦКІ, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, Ігар ЖУК, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, Георгій АТАМАНАЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў мандатнай, па галоснасці, самакіраванні, правапарадку і міжнародных сувязях, Віктар РАЖАНЕЦ, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў, Наталля СУШКО, старшыня Жодзінскага гарадскога Савета дэпутатаў, Жанна ВАРАБЕЙ, старшыня Бараўлянскага сельскага Савета дэпутатаў, Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ, галоўны рэдактар газеты «Мінская праўда», Тамара ВЯЦКАЯ, дырэктар радыёстанцыі «Мінская хваля», Вадзім ШЧАГЛОЎ, галоўны рэдактар газеты «Бабруйскае жыццё».

Леанід Цупрык:

Дэпутат павінен быць пазнавальны сярод тых, хто яго абраў. Вось возьмем тыраж раённай газеты — каля 6 тысяч экзэмпляраў. Памнажаем на 3 ці 4, па колькасці членаў сям'і. Значыць, калі рэгулярна ў ёй друкуюцца матэрыялы аб працы дэпутата, аб прамых лініях, аб прыёмах грамадзян, якія ён праводзіць, то, напэўна ж, чалавек павінен запомніць хоць бы прозвішча дэпутата! Ёсць інтэрнэт, ёсць адпаведныя сайты. Але існуе адзін нюанс: чалавек не абавязаны чытаць усё, што яму прапануецца.

Галоўны сакрэт пазнавальнасці дэпутата — гэта выніковасць. Галоўны вынік працы — вырашаныя праблемы выбаршчыкаў. Але тут галоўная складанасць у тым, што яны, праблемы, вельмі разнапланавыя. Дэпутат выказвае інтарэсы людзей, але людзі вельмі розныя. Тым не менш рашэнне пытанняў выбаршчыкаў для дэпутата павінна быць першараднай задачай.

Калі адбываецца распрацоўка законапраекта, мы зацікаўлены ў тым, каб ён быў поўным, вычарпальным, выканальным. У законе «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» ў главе 3 размова ідзе пра тэрытарыяльнае грамадскае самакіраванне. У артыкуле 26 гаворыцца, што «асноўнай мэтай тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання з'яўляюцца развіццё і ажыццяўленне на адпаведнай частцы адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ініцыятыў грамадзян па пытаннях мясцовага значэння». Менавіта гэтая структура можа вырашыць існуючыя праблемы. Гэтая частка закона недастаткова выкарыстоўваецца людзьмі, у тым ліку і мясцовымі саветамі. І калі артыкул 26 будзе працаваць, а яго магчымасці пачнуць цалкам выкарыстоўвацца, многія пытанні грамадзян пачнуць вырашацца хутчэй.

Кажучы пра іншыя якасці дэпутата, думаю, што ён павінен успрымаць усё новае, выкарыстоўваць прагрэсіўныя падыходы, ведаць, як і што адбываецца ў свеце, як працуе мясцовае самакіраванне ў іншых краінах, асабліва ў найбліжэйшых суседзяў — у СНД і ў Еўропе. Многія тамтэйшыя працэсы ў дадзенай сферы супадаюць з нашымі: звязаныя з тэрытарыяльным дзяленнем, узбуйненнем мясцовых суполак. І безумоўна, сам дэпутат павінен мець энергію для самаразвіцця і актыўнай працы.

Поўная версія артыкула «Якія захады патрэбны для павышэння ролі мясцовага самакіравання?».

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць