Галоўная / Беларуская версія / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі
12.07.2019

Моладзь Мядзельшчыны наведала парламент

12.07.2019

Экскурсію ў парламент здзейснілі юныя жыхары раёна. Прынялі ў ёй удзел навучэнцы Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, гімназіі-інтэрната райцэнтра, Мядзельскага ВПК яслі/сад-сярэдняя школа, Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка, Нарацкай СШ №1. Адбыўся візіт па запрашэнні дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталіі Жыбуль.

Завіталі падлеткі ў Дом урада, дзе і працуе Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Хлопцы і дзяўчаты агледзелі музейную экспазіцыю, якая расказвае пра станаўленне парламентарызму ў Беларусі. Даведаліся, як працавалі дэпутаты Вярхоўнага Савета ў часы БССР, якія змены адбыліся ў апошнія дзесяцігоддзі, пра напрамкі дзейнасці дэпутацкага корпуса, якія дэпутаты былі самыя маладыя і якія — з найбольшым досведам працы. Пра ўсё гэта расказаў намеснік начальніка інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Кірыл Праяненкаў. Таксама дазналіся, што галасуюць дэпутаты пра дапамозе імянной карткі, якая дзейнічае не ўвесь тэрмін паўнамоцтваў, а толькі адно пасяджэнне. Потым яе здаюць і перапраграміруюць. Пабачылі фотаматэрыялы з жыцця і дзейнасці Палаты прадстаўнікоў і памятныя сувеніры ад замежных дэлегацый.

Пазнаёміліся і з гісторыяй будынка Дома ўрада. Пабудаваны ён у 30-ыя гады мінулага стагоддзя па праекце архітэктара Іосіфа Лангбарда. Цікавая і гісторыя ўзвядзення Дома ўрада.

— Усё рабілі ўручную: лапатамі капалі катлаван, рабілі падмурак, — распавёў  Кірыл Праяненкаў. — Не было бетонамяшалак, кранаў — па палях уручную падымалі метал, цагліны. Усё было зроблена літаральна за пяць год.

Вось так і  з'явіўся вялізны будынак, які паклаў пачатак фарміраванню новага цэнтра горада. Агульная плошча Дома ўрада — больш за 40 тысяч квадратных метраў.  У ім размешчана больш за тысячу кабінетаў.

Разам з дэпутатам удзельнікі сустрэчы пабывалі ў абноўленай Авальнай зале,  у сценах якой прымаюцца заканадаўчыя акты. Яны даведаліся, як праходзяць пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў, падзівіліся на велізарную крыштальную люстру «Зорка», што важыць 5 тон.

Працягнулася размова з Наталіяй Жыбуль у прэс-цэнтры. Яна расказала, якія камісіі існуюць у Палаце прадстаўнікоў, як дэпутаты працуюць над законапраектамі. Паведаміла пра сваю дзейнасць у акрузе, работу са зваротамі грамадзян і тое, якія пытанні найчасцей прыводзяць людзей на прыёмы (большасць зваротаў тычыцца якасці дарог, пітной вады, адкрыцця і закрыцця магазінаў і г. д.).

Дарэчы, на прыём да дэпутата звяртаюцца і з прапановамі змяненняў у законы.

— Задача дэпутата заключаецца ў тым, каб гэту прапанову дасканала прапрацаваць і абавязкова данесці да адпаведнай камісіі, — расказала Наталія Пятроўна. —  За час маёй дзейнасці былі пэўныя законапраекты, у якія ўнеслі змяненні менавіта па прапановах грамадзян нашай выбарчай акругі.

Задалі ўдзельнікі сустрэчы пытанні дэпутату і яе памочніку Таццяне Логінавай. Прытым, цікавілі іх сур'ёзныя рэчы: эўтрафікацыя азёр Мястра і Нарач, магчымасці культурнага адпачынку для дзяцей і моладзі ў Мядзеле, нарматывы для ўстаноўкі урнаў для смецця. Пытанні гэтыя будуць на кантролі ў дэпутата.

— З якой мэтай праводзяцца такія сустрэчы з моладзю? — запытаў у Наталіі Жыбуль.

— Каб яны ведалі і на практыцы ўбачылі, як арганізавана праца ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Думаю, такі  прыезд дасць ім больш за нейкія тэарэтычныя веды. А яшчэ сустрэчы прызначаны для таго, каб маладыя людзі пазнаёмілася з дэпутатам і зразумелі, чым ён займаецца канкрэтна для Мядзельшчыны.  І як на сённяшняй сустрэчы — каб была магчымасць агучыць тыя пытанні, якія яны лічаць праблемнымі для свайго рэгіёну.

— Такія ж сустрэчы праводзяцца не ўпершыню. Сёння вы адзначылі, што мядзельская моладзь задавала пытанні больш практычныя...

— Так. Звычайна пытаюцца: «Чаму сталі дэпутатам?», «Якую кнігу любіце чытаць?», а сёння дзяцей хвалявалі праблемы раёна. Прыемна, што яны прыехалі не проста паглядзець, у якіх сценах працуюць дэпутаты, у якіх крэслах сядзяць, зрабіць сэлфі, а непасрэдна ўзняць пытанні, якія лічаць сур'ёзнымі — і з майго пункту погляду, яны сапраўды такія. Увогуле, рада, калі прыязджаюць дзеці, бо кантактаванне з імі заўжды дае станоўчы зарад і нават пэўнае ўзрушэнне — з імі нават у пэўнай меры складаней чым з дарослымі.

А якія ж уражанні засталіся ў навучэнцаў?

Аляксандр Вярбіцкі, гімназія-інтэрнат Мядзела:

— Адным словам, адчуванні засталіся класныя. Адчуў сябе грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Запомнілася Авальная зала сваёй прыгажосцю і маштабнасцю. Даведаўся, што 110 дэпутатаў працуюць ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі  Беларусь і яшчэ 64 — у Савеце Рэспублікі.

Маша Жыхар,  Мядзельская СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі:

— Вельмі спадабалася размова з дэпутатам Наталіяй Жыбуль. Яна дужа адкрыты чалавек. Цікавая была экскурсія. Усё вельмі спадабалася і хочацца вярнуцца сюды яшчэ раз.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

На здымках: дэлегацыя раёна разам з Наталіяй Жыбуль у Авальнай зале; экспанаты музейнай экспазіцыі. 

Фота аўтара.

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць