Галоўная / Беларуская версія / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


18.09.2019

Няма месца цудоўней, чым наша старонка

Гэтыя словы чырвонаю ніткай прайшлі праз усё свята – у мінулую суботу, 14 верасня, аграгарадок Ленінскі адзначыў свой чарговы дзень нараджэння.

Задоўга да ўрачыстасці пачалі сваю работу гандлёвыя рады і атракцыёны: на свята ў Ленінскі завіталі індывідуальныя прадпрымальнікі з Брэста, Кобрына, Камянца, Пружанаў, Жабінкі, працавалі пракат электрамабіляў і самакатаў, батуты, жадаючыя мелі магчымасць пакатацца на жывых поні. Малеча з задавальненнем ласавалася попкорнам і салодкаю ватай, сагрэцца можна было кубачкам гарачай гарбаты і кавы, а таксама паспрабаваць смачны шашлык. Госці Ленінскага маглі пазнаёміцца і з выставай сельскагаспадарчай тэхнікі ААТ “Рагазнянскі”.

Святочную праграму распачаў валейбольны турнір сярод дваровых каманд на кубак старшыні Ленінскага сельвыканкама – такім чынам, жыхары аграгарадка прадэманстравалі свае спартыўныя здольнасці. Далей адбылося асвячэнне драўляных скульптур нябеснай заступніцы зямлі беларускай Еўфрасінні Полацкай і свяціцеля Кірылы Тураўскага, створаных драгічынскім майстрам па дрэве Юрыем Новікам. Цяпер яны будуць сустракаць і бласлаўляць усіх жыхароў і гасцей Ленінскага, а таксама тых, хто імчыць па хуткаснай трасе М1. Абрад асвячэння здзейсніў настаяцель храма святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра вёскі Чыжэўшчына протаіерэй Анатоль Пучынскі.

Думаю, што неўзабаве ўсім праязджаючым будуць відаць з дарогі падрослыя і ўзмужнелыя маладыя дубочкі, алея якіх была закладзена ў дзень нараджэння аграгарадка яго жыхарамі і шаноўнымі гасцямі. Дрэвы пасаджаны ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Свае ўменні паказалі падчас выступлення і юныя каратысты, якія трэніруюцца пад кіраўніцтвам Віктара Журомскага.

Вядучыя запрасілі на сцэну старшыню Ленінскага сельвыканкама Мікалая Лугаўскога. Ён павіншаваў жыхароў і гасцей аграгарадка са святам і зазначыў, што яго насычаная праграма дае магчымасць у поўнай меры прадэманстраваць як спартыўныя, так і творчыя таленты землякоў.

На свяце ў Ленінскім былі і ганаровыя госці. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Віталь Кулак. Віталь Уладзіміравіч падкрэсліў, што Ленінскі – першы сельскі населены пункт нашага раёна, якому быў прысвоены статус аграгарадка, і самы вялікі: у ім пражывае больш за 1700 жыхароў. Тут ёсць усе ўмовы, каб развівацца, ствараць сем’і, гадаваць дзяцей і працаваць. Так, на тэрыторыі Ленінскага сельсавета размешчаны такія буйныя прадпрыемствы, як ААТ “Рагазнянскі”, торфабрыкетны завод, санаторыі “Буг” і “Надзея”. З наданнем статуса аграгарадка населены пункт мяняецца і прыгажэе: вядуцца работы па добраўпарадкаванні, рамантуюцца шматкватэрныя жылыя дамы – іх фасадная частка, дахі, прыводзяцца ў парадак тратуарныя дарожкі, прыдваровыя тэрыторыі. Усё гэта робіць аграгарадок камфортным і ўтульным, і ў гэтым бачыцца немалая заслуга яго працалюбівых жыхароў.

За поспехі ў рабоце і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Ленінскага сельсавета кіраўнік раёна ўручыў Пісьмо падзякі райвыканкама Васілю Бенедзісюку і Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў Кацярыне Галабароцька.

Са словамі віншавання да прысутных звярнулася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка. Жанна Уладзіміраўна адзначыла, што жыхары Ленінскага ўмеюць і працаваць, і адпачываць, ствараць утульнасць у сваіх дамах і дварах. Яна ўзнагародзіла пераможцу ў намінацыі “Сямейны ўзорны падворак” – шматдзетную сям’ю Дзмітрыя і Юліі Шамайлаў.

Мікалай Лугаўскі ўручыў граматы Ленінскага сельвыканкама і каштоўныя падарункі гаспадарам лепшых падворкаў аграгарадка: Аляксандру і Наталлі Філіманюкам, Яўгену і Наталлі Міхалічукам, Алегу і Таццяне Співакам, Міхаілу і Ірыне Хандрыкам, Мікалаю і Наталлі Мельнічукам. Асаблівыя словы са святочнай сцэны вядучыя гаварылі ў адрас старажылаў аграгарадка: Агаф’і Георгіеўны Аляшчук, Надзеі Паўлаўны Бурдзюк, Любові Іванаўны Булах, Мікалая Раманавіча Ярашчука, Кацярыны Міхайлаўны Казак, Марыі Аляксандраўны Вавулінай, Феафаніі Юльянаўны Казловіч, за плячыма якіх мудрасць гадоў і багаты жыццёвы вопыт. Для доўгажыхароў кіраўнік фермерскай гаспадаркі “АцячызнаАгра” Руслан Папоў падрыхтаваў падарункі: наборы гародніннай прадукцыі на зіму, якія будуць дастаўлены ім на дом.

Незадоўга да свята Ленінскі папоўніўся яшчэ адным маленькім жыхаром – у Дар’і і Уладзіслава Віцязяў нарадзілася дачушка Сафія.

Напярэдадні Дня аграгарадка абнавілася і Дошка гонару Ленінскага сельсавета. Яе ўпрыгожваюць імёны тых, хто сваёй добрасумленнай самаадданай працай славяць свой край, прадпрыемствы, установы і арганізацыі. Сёлета ганаровае права быць у галерэі перадавікоў атрымалі: работнікі ААТ “Рагазнянскі” – намеснік галоўнага бухгалтара Ганна Яшчук, вадзіцель Віталь Здзярук, трактарыст-машыніст Аляксандр Краўчук, аператар машыннага даення Валянціна Салей; медыцынская сястра і сястра-гаспадыня санаторыя “Буг” Галіна Балтрамяюк і Наталля Галюк; намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ленінскай сярэдняй школы Аксана Шалягейка; памочнік выхавальніка ясляў-сада аграгарадка Ленінскі Ніна Раўнова; аператар кацельні і медсястра санаторыя “Надзея” Віктар Максімук і Ірына Фісенкіна; начальнік брыкетнага цэха і апаратчык па сушцы торфу ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” Міхаіл Маш’янаў і Мікалай Кот; прадавец магазіна № 10 аграгарадка Ленінскі Вера Чырук; стараста вёскі Чыжэўшчына Тамара Гацялюк і кіраўнік фермерскай гаспадаркі “АцячызнаАгра” Руслан Папоў. Усе яны былі запрошаны на святочную сцэну і ўзнагароджаны старшынёй Ленінскага сельвыканкама.

У той жа дзень віншаванні гучалі ў адрас залатых юбіляраў Надзеі Іванаўны і Мікалая Сяргеевіча Небельчукоў, якія шмат гадоў ідуць поруч і ў горы, і ў радасці, паказваючы маладым парам прыклад вернасці і кахання.

Сустрэць разам такі ж годны юбілей жадалі Дзмітрыю і Ганне Гамалюкам, якія толькі абмяняліся залатымі пярсцёнкамі.

Традыцыйна на свяце віншавалі тых, у каго асабісты дзень нараджэння і Дзень аграгарадка супадаюць. Так, 14 верасня, свае юбілеі адзначылі Алена Мітрохіна і Ірына Гурская. На сцэну запрашаліся імяніннікі Валянцін Шляжко і Ігар Козел.

Не забыліся і пра спартыўныя перамогі валейбалістаў. Каманда-пераможца турніру была ўзнагароджана кубкам і сертыфікатам.

На працягу ўсёй урачыстасці гучалі музычныя нумары ў выкананні самадзейных артыстаў устаноў адукацыі і культуры Ленінскага сельсавета, прыемным сюрпрызам на свяце стала выступленне творчага цэнтра “ART-PIPPER” з горада над Бугам. Завяршылася мерапрыемства танцавальнай праграмай.

Свята атрымалася, гэта адзначалі як жыхары аграгарадка, так і яго госці. У 2020-м Ленінскі адзначыць сваё 50-годдзе, а як вядома, да юбілею патрэбна рыхтавацца загадзя. Цікава, чым жа здзівіць нас Ленінскі?

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць