Рус Бел En
Галоўная / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі
27.06.2017

У цэнтры ўвагі — эканоміка і сацыяльная стабільнасць

27.06.2017 08:49

Палітыка, Парламент

Выступленне старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У. П. на закрыцці другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання

Паважаныя дэпутаты, члены ўрада і запрошаныя!

Другая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання завяршае сваю работу.

Важнейшыя рашэнні, прынятыя ў гэты перыяд, нацэлены на рэалізацыю ўстановак кіраўніка дзяржавы, адрасаваных дэпутатам у яго Пасланні беларускаму народу і парламенту, а таксама дакументаў, якія вызначаюць стратэгію сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў бягучым пяцігоддзі.

Заканадаўчыя напрацоўкі сесіі адлюстроўваюць практычна ўвесь спектр актуальных задач па развіцці дзелавой актыўнасці, фінансавага рынку, прыцягненні інвестыцый, дыверсіфікацыі экспарту з улікам фактараў, што абумоўліваюць асноўныя тэндэнцыі ў сусветнай эканоміцы.

На стварэнне больш камфортных умоў вядзення бізнесу накіравана карэкціроўка Закона «Аб крэдытных гісторыях» і ўдасканаленне заканадаўства па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю. У гэтым жа ключы вядзецца падрыхтоўка змяненняў у Банкаўскі кодэкс.

Разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы прадугледжвае не проста адмову ад залішняй бюракратыі, але і стварэнне надзейнай сістэмы эканамічных стымулаў. Менавіта такі падыход рэалізаваны ў праекце Закона «Аб інвестыцыйных фондах», адна з задач якога — зацікавіць прадпрыемствы і грамадзян больш актыўна ўкладаць сродкі ў нацыянальную эканоміку.

Паскорыць развіццё айчыннага рынку пасажырскіх перавозак дазволяць навацыі, унесеныя ў Закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках». За кошт больш шырокага прыцягнення ў гэты сектар прыватнікаў і ўстанаўлення правіл работы розных анлайн-сэрвісаў людзі атрымаюць дадатковыя маршруты, а канкурэнцыя прывядзе да павышэння якасці паслуг і зніжэння цэн.

У ходзе сесіі створаны добры задзел на будучае.

Пастаянныя камісіі прадаўжаюць працаваць над законапраектамі, прызначанымі ўмацаваць пазіцыі банкаўскага сектара, аптымізаваць сістэму дзяржаўных закупак, павысіць ролю прыватнай ініцыятывы ў рэалізацыі інфраструктурных праектаў, узмацніць антыманапольную палітыку. Падрыхтавана некалькі дэпутацкіх ініцыятыў, накіраваных на паляпшэнне інвестыцыйнага клімату.

Гэта работа праводзіцца ў максімальна адкрытым фармаце.

І згаданыя вышэй, і многія іншыя не менш значныя пытанні сталі прадметам сур'ёзных публічных дыскусій, праведзеных дэпутатамі. Эфектыўнасць расходавання дзяржаўных сродкаў, прамысловая і энергетычная бяспека, сацыяльная абарона грамадзян у чарнобыльскіх раёнах, надзённыя праблемы адукацыі, асаблівасці бюджэтнага працэсу — вось далёка не поўны пералік тэм, якія выносіліся на шырокае грамадскае абмеркаванне.

Апошняе пытанне асабліва актуальна з улікам таго, што ва ўрадзе сёння актыўна абмяркоўваюцца асноўныя напрамкі бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі на чарговы год. Парламентарыі таксама ўдзельнічаюць у гэтай рабоце. У нас ёсць дакладнае разуменне, што сацыяльна-эканамічны прагноз павінен быць рэалістычным, а ўкладзеныя ў эканоміку рэсурсы — прыносіць максімальную аддачу. У гэтых мэтах праведзены дэталёвы аналіз вынікаў выканання рэспубліканскага бюджэту і бюджэтаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў за 2016 год. Яго вынікі стануць зыходнай кропкай для фарміравання нашых прапаноў па праекце галоўнага фінансавага дакумента краіны.

Сярод законапраектаў сацыяльнага блока, прынятых на сесіі, трэба асабліва адзначыць новую рэдакцыю Закона «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей». Яго нормы дадуць магчымасць павысіць памер асобных дапамог і павялічаць колькасць грамадзян, якія маюць права іх атрымліваць. Дзякуючы папраўкам, унесеным у Закон «Аб сацыяльным абслугоўванні», стане прасцейшай працэдура размяшчэння дзяржаўнага сацыяльнага заказу, пашырацца магчымасці ў аказанні дапамогі людзям, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Сур'ёзная работа праведзена і па абнаўленні заканадаўства ў сферах аховы здароўя, фізкультуры і спорту.

Своечасова вырашаны шэраг прынцыповых пытанняў умацавання абараназдольнасці краіны, абароны дзяржаўных сакрэтаў, барацьбы з тэрарызмам і ўдасканалення сістэмы аховы грамадскага парадку.

Даволі важкія вынікі прынесла рэалізацыя міжнароднай праграмы Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты прынялі актыўны ўдзел у планавых мерапрыемствах па лініі міжнародных структур, уключаючы Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, Парламенцкую асамблею АДКБ, Парламенцкае вымярэнне Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы.

Цалкам зразумела, што асаблівую ўвагу мы засяродзілі на падрыхтоўцы 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая стартуе ў г. Мінску практычна праз тыдзень. Беларусь упершыню прымае ў сябе такі значны форум. Парламенту і зацікаўленым дзяржаўным органам давялося вырашыць нямала складаных арганізацыйных праблем. Работа, праведзеная ў цесным кантакце з Міжнародным сакратарыятам ПА АБСЕ, дае магчымасць спадзявацца, што Беларусь пацвердзіць сваю рэпутацыю надзейнай дыялогавай пляцоўкі для абмеркавання самых важных пытанняў міжнароднага парадку дня.

Вынікам сесіі ПА АБСЕ стане прыняцце дакументаў, якія адлюстроўваюць рэакцыю міжнароднай супольнасці на трывожныя тэндэнцыі сучаснасці. Беларусь таксама падрыхтавала праект рэзалюцыі, у якой прапануюцца меры па ўзмацненні барацьбы са з'яўленнем новых псіхаактыўных рэчываў. Яна атрымала ўжо вялікую падтрымку нашых замежных калег, і мы разлічваем на яе паспяховае пашырэнне.

Не сакрэт, што магчымасці гэтага форуму мы імкнёмся выкарыстоўваць і для ўмацавання нашых эканамічных пазіцый на міжнароднай арэне. У вядомай ступені вырашэнню гэтай задачы практычна поўнасцю падпарадкавана ўся парламенцкая дыпламатыя.

У рамках старшынства Беларусі ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве дэпутаты прынялі актыўны ўдзел у пасяджэнні Парламенцкага камітэта Парламенцкага вымярэння ЦЕІ. Прадстаўнікі 12 еўрапейскіх дзяржаў абмяняліся ў г. Мінску вопытам у галінах эканомікі, укаранення інтэлектуальных тэхналогій, развіцця чалавечага капіталу.

Эканоміка была ў цэнтры ўвагі і пры абмеркаванні пытанняў саюзнага будаўніцтва. 15 чэрвеня ў г. Мінску прайшла 52-я сесія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Яе вынікам сталі прапановы па ўдасканаленні падрыхтоўкі дакументаў, якія вызначаюць прыярытэты развіцця Саюзнай дзяржавы. Шэраг рэкамендацый накіраваны на паскарэнне працэдур прыняцця, укаранення ў вытворчасць і павышэнне ўзроўню камерцыялізацыі саюзных праграм. Вызначаны таксама перспектывы збліжэння заканадаўства ў розных сферах, уключаючы забеспячэнне аднолькавых правоў грамадзян Беларусі і Расіі.

У перыяд сесіі сур'ёзна актывізаваліся і нашы двухбаковыя кантакты. Умацаванне адносін абмяркоўвалася з партнёрамі з Ізраіля, Кітая, Латвіі, Пакістана, Польшчы, Тайланда, Эстоніі. У Нацыянальным сходзе створаны групы па супрацоўніцтве з парламентамі Егіпта і Судана.

Да знакавых падзей сесіі трэба аднесці афіцыйны візіт у Беларусь кітайскай парламенцкай дэлегацыі на чале са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам. У ходзе візіту была падпісана сумесная заява, у якой вызначаны далейшыя крокі па развіцці сувязей і ўмацаванні ўзаемадзеяння ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях.

Атрымаў развіццё і наш дыялог з Пакістанам. Двухбаковая прававая база папоўнілася двума новымі дакументамі. У рамках нядаўняга візіту ў гэту краіну беларуская дэлегацыя правяла плённыя перагаворы і сустрэчы. Адбыўся першы беларуска-пакістанскі сельскагаспадарчы форум, дзе была праведзена прэзентацыя нашай мяса-малочнай прадукцыі і абмеркавана магчымасць будаўніцтва ў Пакістане некалькіх прадпрыемстваў па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі з выкарыстаннем беларускіх тэхналогій.

Прадоўжылася актыўная работа і на лацінаамерыканскім напрамку. Наведваючы Эквадор, мы таксама гаварылі з Прэзідэнтам і старшынёй парламента гэтай краіны аб перспектывах супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі. А праз некаторы час эквадорскія парламентарыі спецыяльна прыбылі ў Беларусь, каб вывучыць магчымасці нашага аграпрамысловага комплексу.

У другім паўгоддзі дынаміка міжнародных кантактаў і сустрэч будзе нарастаць. Ужо ў рамках 26-й сесіі ПА АБСЕ трэба будзе рэалізаваць даволі шчыльны графік сустрэч і перагавораў з замежнымі палітыкамі. Прадоўжыцца сістэмная работа ў фармаце міжнародных парламенцкіх арганізацый. У бліжэйшы час чакаюцца візіты ў нашу краіну кіраўнікоў парламентаў Грузіі, Індыі, Малдовы, Пакістана і Судана. Мы плануем прыняць удзел у чацвёртым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, а таксама наведаць Арменію, Польшчу і Румынію.

Паважаныя дэпутаты!

Галоўнымі крытэрыямі ацэнкі рашэнняў, прынятых па ўсіх напрамках парламенцкай дзейнасці, былі і застаюцца бяспека, дабрабыт, упэўненасць у будучым нашых грамадзян. Але задачы, якія паўстаюць перад краінай, пастаянна ўскладняюцца. Вырашаць іх паспяхова можна толькі салідарнымі намаганнямі дзяржавы і грамадства.

Ад умення парламентарыяў весці прамы і адкрыты грамадскі дыялог па ўсіх злабадзённых пытаннях шмат у чым залежыць давер народа да ўлады, а значыць, і захаванне сацыяльнай стабільнасці як важнейшай умовы дынамічнага развіцця.

Нашы прыярытэты ў выбарчых акругах дакладна вызначаны. Галоўныя з іх — занятасць, новыя рабочыя месцы, падтрымка слабаабароненых слаёў насельніцтва. Выпрацоўка канкрэтных прапаноў па ўсіх гэтых пазіцыях — прамое даручэнне кіраўніка дзяржавы. Каб прапануемыя меры былі зразумелымі і абгрунтаванымі, важна знайсці агульную мову з мясцовымі ўладамі, структурамі грамадзянскай супольнасці, працоўнымі калектывамі. Толькі так можна забяспечыць баланс інтарэсаў. А гэта сёння самае галоўнае.

На заканчэнне, паважаныя калегі, хачу падзякаваць вам за праведзеную работу і павіншаваць усіх прысутных з надыходзячым святам — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця і новых здзяйсненняў на карысць Радзімы.

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць