01.02.2017

1 лютага 2017 года адбылося сумеснае выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы і Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці з удзелам кіраўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на базе ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі» з парадкам дня «Аб асноўных палажэннях новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі».

У ходзе правядзення пасяджэння яго ўдзельнікі наведалі выставу адукацыйнай, навуковай і выхаваўчай дзейнасці ўніверсітэта, азнаёміліся з асобнымі навуковымі распрацоўкамі, а таксама навучальнымі лабараторыямі.

У выступленні на пленарным пасяджэнні Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Карпенка І.В. адзначыў, што пытанне аб неабходнасці ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі было пастаўлена на парадак дня пасля правядзення маніторынгу Кодэкса, які адбыўся неўзабаве пасля ўступлення яго ў дзеянне. Зараз падрыхтаваны праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб навуковай дзейнасці» і Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі».У адпаведнасці з гэтым законапраектам Кодэкс аб адукацыі будзе выкладзены ў новай рэдакцыі.

Старшыні пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Марзалюк І.А. і Старавойтава І.А. адзначылі важнасць наладжвання сумеснай работы па абмеркаванні асноўных палажэнняў праекта новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі да ўнясення яго на разгляд у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Богуш В.А. у сваім дакладзе расказаў аб структуры новай рэдакцыі Кодэкса, даў кароткую характарыстыку асноўных узроўняў адукацыі, спыніўся на неабходнасці аптымізацыі і далейшага развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі.У яго выступленні не засталіся па-за ўвагай і пытанні размеркавання выпускнікоў устаноў адукацыі.Размеркаванне трэба разглядаць перш за ўсё як меру, накіраваную на прадастаўленне выпускнікам гарантыі на атрыманне першага працоўнага месца.У адпаведнасці з палажэннямі новай рэдакцыі праекта Кодэкса прадугледжваецца таксама дадатковае браніраванне месцаў для выпускнікоў, якія маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне, –– сірот, інвалідаў і г.д.

У ходзе праведзенага абмену думкамі па пытанні парадку дня дэпутаты Анісім А.М., Марзалюк І.А., Якубовіч Т.Р., Рынейская І.М., Кір’як Л.В., Каляснёва А.П., Колб І.М., Няхайчык А.У. узнялі шэраг праблем, якія павінны быць вырашаны ў ходзе ўдасканальвання заканадаўчай базы для сістэмы адукацыі. Міністр адукацыі і яго намеснікі далі вычарпальныя адказы на ўсе пытанні.

Па выніках пасяджэння дасягнута дамоўленасць аб далейшым працягу сумеснай працы над праектам Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб навуковай дзейнасці» і Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі».

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць