01.02.2017

1 лютага 2017 года ў Палаце прадстаўнікоў адбыўся семінар на тэму «Дзяржаўна-прыватнае партнёрства: сусветны вопыт, прававое рэгуляванне і перспектывы развіцця ў Рэспубліцы Беларусь».

Мерапрыемства было арганізавана пры падтрымцы Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь і прайшло ў рамках падрыхтоўкі праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўна-прыватнага партнёрства».

Мэтай семінара сталі далейшае развіццё ў Рэспубліцы Беларусь інстытута дзяржаўна-прыватнага партнёрства, вывучэнне практыкі рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў па такой мадэлі, міжнароднага вопыту ў гэтай сферы і выпрацоўка канкрэтных рэкамендацый па ўдасканальванні інвестыцыйнага заканадаўства.

У семінары прынялі ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мясніковіч М.У., прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі, транспарту і камунікацый, фінансаў Рэспублікі Беларусь, а таксама прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў, бізнес-таварыстваў, навукі і міжнародныя эксперты.

З дакладам аб развіцці заканадаўства аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве ў Рэспубліцы Беларусь выступіў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Шчэпаў У.А.

Вынікі трансфармацыі заканадаўства ў сферы дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў краінах ЕАЭС і вопыт рэалізацыі праектаў у гэтай сферы прадставіў старшыня савета дырэктараў «ТРАНСПРАЕКТ Груп», член Дзелавога кансультатыўнага савета па дзяржаўна-прыватным партнёрстве Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, кандыдат эканамічных навук Максімаў В.В.

Аб фінансавых інструментах рэалізацыі такіх праектаў расказаў першы намеснік Міністра фінансаў Рэспублікі Беларусь Ермаловіч М.Л.

Першы намеснік Міністра транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Аўраменка А.М. азнаёміў удзельнікаў з ходам рэалізацыі першага пілотнага праекта ў сферы дзяржаўна-прыватнага партнёрства — мадэрнізацыяй участка аўтамабільнай дарогі М-10, які ў цяперашні час ажыццяўляецца пры падтрымцы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
Андрэйчанка У.П. адзначыў, што менавіта такі адкрыты фармат дыскусіі дазволіў усебакова абмеркаваць існуючыя праблемы, пачуць розныя пункты гледжання, вывучыць міжнародны вопыт і вызначыць перспектывы развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Беларусі.

Прапановы і рэкамендацыі, выказаныя ўдзельнікамі семінара, будуць прадметна прапрацаваны пры падрыхтоўцы да разгляду ў другім чытанні праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўна-прыватнага партнёрства».

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць