Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне
Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь
Факс: +375 (17) 222-32-13
Тел.: +375 (17) 222-64-75
+375 (44) 755-22-94
Электронная пошта:
inform@house.gov.by
12 снежня 2018 года адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы на базе ўстаноў адукацыі г. Гродна з парадкам дня «Актуальныя аспекты ўдасканалення выхаваўчай і ідэалагічнай работы ў сучасных умовах».

У пасяджэнні
камісіі акрамя дэпутатаў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі,
культуры і навуцы прынялі ўдзел дэпутаты пастаянных камісій па заканадаўстве і
па міжнародных справах, адказныя работнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі
Беларусь, галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскага
гарвыканкама, кіраўнікі і работнікі шэрагу ўстаноў адукацыі г . Гродна.

Сваю працу ўдзельнікі пасяджэння пачалі з наведвання Культурнага цэнтра «Фестывальны», дзе яны пазнаёміліся з арганізацыяй работы па выхаванні падрастаючых пакаленняў. Затым праца прадоўжылася ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа №38 г. Гродна», дзе ўдзельнікам пасяджэння была прадстаўлена творчая візітоўка рэгіянальнай сістэмы выхавання Гродзенскай вобласці. Павітаўшы гасцей, дырэктар школы С.М.Кісялёў прапанаваў ім наведаць тэматычныя пляцоўкі па напрамках ідэалагічнай і выхаваўчай работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Кастрычніцкага раёна г. Гродна:
– выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці;
– інфармацыйна-дасугавы цэнтр;
– прэзентацыю моладзевых ініцыятыў;
– прэзентацыю кадэцкага руху, дзейнасці ваенна-патрыятычных лагераў на базе пагранічных застаў Гродзенскай памежнай групы;
– кабінет кітайскай мовы і культуры;
– музей хрысціянскіх каштоўнасцей і патрыятычных традыцый у сям’і.
Завяршаючы працы
ў СШ № 38, удзельнікі пасяджэння паглядзелі пастаўлены сіламі творчых
калектываў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі
дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці мюзікл «Зямля бацькоў –– жыцця крыніца».

Адкрываючы
пленарнае пасяджэнне, якое праходзіла ў будынку Гродзенскага абласнога
выканаўчага камітэта, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па
адукацыі, культуры і навуцы І.А.Марзалюк адзначыў, што правядзенне
мерапрыемства актуальна ў сувязі з тым, што ў цяперашні час у завяршальнай
стадыі знаходзіцца работа па падрыхтоўцы Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь
праекта новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, які ў бліжэйшы
час паступіць для разгляду ў Палату прадстаўнікоў. У новай рэдакцыі Кодэкса
прапануюцца ўдакладненні асобных складнікаў выхавання з улікам абнаўлення
зместу выхавання ў сучасных умовах. Дапаўненні, што ўносяцца ў дакумент, удакладняюць
функцыі педагагічных работнікаў у дзейнасці, накіраванай на дасягненне мэты
выхавання і рашэнні задач выхавання пры дапамозе ўвядзення паняцця «выхаваўчая
праца ў пазавучэбны час». Усталёўваецца новы парадак ажыццяўлення педагагічнымі
работнікамі выхаваўчай працы ў пазавучэбны час з навучэнцамі, якія асвойваюць
змест адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, спецыяльнай адукацыі на
ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай
і вышэйшай адукацыі.

Ўстановы адукацыі г. Гродна штогод становяцца эксперыментальнымі пляцоўкамі па актуальных праблемах выхавання падрастаючага пакалення, у тым ліку па пытаннях развіцця дадатковай адукацыі, арганізацыі аздараўлення школьнікаў, ўкаранення новых прыёмаў фарміравання цікавасці ў вучнёўскай моладзі да гісторыі і культуры Беларусі. Рэгіянальная сістэма адукацыі на працягу шэрагу гадоў займае лідзіруючыя пазіцыі ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь. Па выніках працы галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама неаднаразова з’яўлялася пераможцам у намінацыі «Лепшае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама ў Рэспубліцы Беларусь».
У адпаведнасці з праграмай пасяджэння былі заслуханы выступленні начальніка Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Сангіна А.Г., начальніка аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Сяманчыка А.А., галоўнага спецыяліста аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Асмалоўскай Т.В.
У ходзе праведзенага абмену думкамі ўдзельнікі пасяджэння паднялі шэраг праблем, якія павінны быць вырашаны ў ходзе ўдасканалення заканадаўчай базы для сістэмы адукацыі.
У рамках пленарнага пасяджэння адбыўся «палітычны дыялог» парламентарыяў з выбранымі дэпутатамі Моладзевага парламента 4-га склікання пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ўдзел ва ўрачыстым ўручэнні пасведчанняў нававыбраным маладым калегам.
Па выніках пасяджэння прынята рашэнне прааналізаваць паступіўшыя ў ходзе яго правядзення прапановы з мэтай іх абагульнення і магчымага ўліку пры рабоце над праектам новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.