Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


16.02.2017

14 лютага 2017 года пад старшынствамТ.П.Красоўскай адбылося пашыранае пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях па разглядзе Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 студзеня 2017 г. № 1 «Аб змяненні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

У пасяджэнні прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Кавалькоў В.В., намеснік Міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Шаўчэнка С.А., намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Літрэеў А.В., прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Адкрываючы пашыранае пасяджэнне камісіі, Т.П.Красоўская праінфармавала ўдзельнікаў аб выніках разгляду Дэкрэта ў пастаянных камісіях, адзначыўшы, што атрыманыя прапановы і пытанні ў большай ступені тычацца практыкі прымянення той ці іншай нормы Дэкрэта.

У мэтах усебаковага абмеркавання заўваг, якія паступілі як у камісію, так і ў адрас дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, разгляд іх праводзіцца сёння з удзелам шырокага кола зацікаўленых.

Старшыня камісіі таксама выказала меркаванне, што большая частка насельніцтва разумее, што прынятае Кіраўніком дзяржавы рашэнне ў першую чаргу накіравана на папярэджанне сацыяльнага ўтрыманства. Пры гэтым канстатавала, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у сваёй працы сутыкаюцца з рэальнымі жыццёвымі сітуацыямі выбаршчыкаў, у дачыненні да якіх прымяненне норм Дэкрэта выклікае пэўныя цяжкасці. Для гэтага неабходна правядзенне растлумачальнай працы.

В.В.Кавалькоў падчас свайго выступу дэталёва спыніўся на нормах, якімі ўводзяцца новыя перыяды ўдзелу грамадзян у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, а таксама на нормах, якія тычацца заліку (узаемазаліку) падаткаў, выплачаных грамадзянамі, уліку стандартных, сацыяльных і маёмасных падатковых вылікаў пры выплаце падаходнага падатку з фізічных асоб і інш.

Асаблівая ўвага была ўдзелена палажэнню аб прадастаўленні мясцовым Саветам дэпутатаў або па iх даручэнні мясцовым выканаўчым і распарадчым органам права вызваляць грамадзян ад выплаты збору ў сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Вывучэнне цяжкай жыццёвай сітуацыі грамадзян павінна ажыццяўляцца на месцах калегіяльна з прыцягненнем экспертаў у той ці іншай галіне, якая тычыцца канкрэтнай цяжкай жыццёвай сітуацыі.

С.А.Шаўчэнка давяла да ведама прысутных, што ў адрас грамадзян накіравана больш за 470 тысяч паведамленняў на выплату збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў.

База даных плацельшчыкаў збору фарміруецца ў электронным выглядзе на падставе звестак аб грамадзянах, якiя ўтрымлiваюцца ў базах даных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. Цалкам аўтаматызаваць працэс збору звестак у сучасны момант не ўяўляецца магчымым па аб’ектыўных прычынах. У прыватнасці, многія грамадзяне ў 2015 годзе выехалі на працу або вучобу ў дзяржавы –– члены ЕАЭС. Улічваючы адсутнасць граніц, правесці аўтаматызаваны ўлік перыяду знаходжання грамадзяніна за межамі рэспублікі не ўяўляецца магчымым.

Пры гэтым С.А.Шаўчэнказвярнула ўвагу, што грамадзянін, які атрымаў паведамленне на выплату збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, мае права прадставіць у падатковы орган дакументы і (або) тлумачэнні, якія сведчаць аб адсутнасці ў яго абавязку па выплаце збору за адпаведны год альбо аб няправільным вылічэнні сумы збору.

Такія дакументы і (або) тлумачэнні могуць быць прадстаўлены ў падатковы орган любым зручным для грамадзяніна спосабам: асабіста, праз давераную асобу або накіраваны ў падатковы орган па пошце або ў выглядзе электроннага паведамлення з прымацаванымі файламі праз размешчаны на сайце Міністэрства http: www.nalog.gov.by сэрвіс «Электронны зварот».

Прадстаўленыя дакументы і (або) тлумачэнні разглядаюцца падатковым органам у месячны тэрмін, і пры наяўнасці падстаў прымаецца рашэнне аб ануляванні паведамлення на выплату збору.

Грамадзяне, якія па палажэннях Дэкрэта не могуць быць вызваленыя ад выплаты збору, маюць права звярнуцца ў мясцовыя органы ўлады (мясцовыя Саветы дэпутатаў або па iх даручэнні мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы) з заявай аб вызваленні ад выплаты збору ў сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Акрамя таго, у адпаведнасці з артыкулам 43 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь мясцовыя Саветы дэпутатаў або па iх даручэнні мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы маюць права прадастаўляць ільготы па рэспубліканскіх падатках, зборах (пошлiнах), якiя поўнасцю выплачваюцца ў мясцовыя бюджэты, асобным плацельшчыкам –– фізічным асобам па аб’ектах падаткаабкладання, не звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці, зыходзячы з іх маёмаснага становішча. У мэтах рэалізацыі свайго права на льготу па выплаце збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў грамадзянін таксама мае права звярнуцца з заявай у вышэйназваныя органы.

А.В.Літрэеў спыніўся на палажэнні Дэкрэта, якое прадугледжвае прэферэнцыі па выплаце збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў для сельскіх жыхароў, зямельныя ўчасткі якім прадастаўлены для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Калі рашэнне аб выдзяленні зямельнага ўчастка змяшчае іншыя фармулёўкі, то сельскі жыхар не можа быць вызвалены ад выплаты збору.

Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Богдан А.Л. у сваім выступе адзначыла, што ў мэтах зняцця сацыяльнай напружанасці Міністэрствам падрыхтаваны тлумачэнні механізму выдачы ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку дакументаў, неабходных пры разглядзе пытання аб вызваленні ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Напрыклад:

выпіскі з медыцынскіх дакументаў устаноўленай формы, якая змяшчае рашэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі аб наяўнасці ў грамадзяніна прыкмет часовай непрацаздольнасці за канкрэтны перыяд часу –– у выпадках аказання медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах (пры вострых захворваннях, абвастрэнні або дэкампенсацыі хранічных захворванняў, аператыўных умяшаннях) і медыцынскага нагляду за жанчынамі падчас цяжарнасці, родаў і ў пасляродавы перыяд (з 30 тыдняў цяжарнасці на 126 каляндарных дзён, а жанчынам, якія пастаянна (пераважна) пражываюць, працуюць, праходзяць службу, навучаюцца на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, –– з 27 тыдняў цяжарнасці на 146 каляндарных дзён);

эпікрызу медыцынскай карты стацыянарнага пацыента (яго дубліката), які пацвярджае канкрэтны перыяд аказання медыцынскай дапамогі ў стацыянарных умовах.

Акрамя таго, А.Л.Богдан падкрэсліла, што такая інфармацыя можа быць прадастаўлена як асабіста грамадзяніну, так і па пісьмовым (электронным) запыце з падатковых органаў або мясцовых органаў улады пры наяўнасці згоды грамадзяніна на прадастаўленне інфармацыі, якая складае ўрачэбную тайну.

У ходзе праведзенай дыскусіі дэпутаты звярнулі ўвагу на неабходнасць карэкціроўкі пераліку адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, і выпрацоўкі механізму рэалізацыі нормы ў сувязі са знаходжаннем грамадзян у цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Прадстаўнікі міністэрстваў адказалі на шматлікія пытанні, якія тычацца вызвалення ад выплаты збору грамадзян перадпенсійнага ўзросту, грамадзян, якія маюць працяглы стаж працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў, грамадзян, якія атрымліваюць адукацыю ў завочнай форме, у перыяд знаходжання ў адпачынках, якія прадстаўляюцца на час сесіі, здачы экзаменаў, падрыхтоўкi i абароны дыпломнага праекта (работы), а таксама пацвярджэння факту знаходжання ў Расійскай Федэрацыі больш за 183 дзён у годзе, перыяду ўдзелу ў фінансаванні дзяржвыдаткаў цяжарнымі жанчынамі і інш.

Падводзячы вынікі, Т.П.Красоўская падзякавала за адкрытую, дзелавую размову, якая дазволіла на высокім прафесійным узроўні абмеркаваць існуючыя пытанні, і адзначыла, што практыка прымянення Дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства напрацоўваецца. Дэкрэт утрымлівае шырокія магчымасці для прыняцця рашэнняў на карысць чалавека і з’яўляецца ў цяперашні час неабходным. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў варта прыкласці намаганні па тлумачэнні палажэнняў Дэкрэта ў сваіх выбарчых акругах.

Па выніках пасяджэння вырашана рэкамендаваць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў прыняць Дэкрэт да ведама.

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць