Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


02.10.2017

2 кастрычніка 2017 года на пасяджэнні трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання сфарміраваны рабочыя органы сесіі, зацверджаны парадак дня, разгледжаны 12 праектаў нарматыўных прававых актаў.

Кіраўніком сакратарыята трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў выбрана намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Навумчык А.А. Падліковую камісію ўзначаліў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Сокал А.М.

Зацверджаны парадак дня сесіі, які ўключае 28 пытанняў.

У ходзе пасяджэння ў першым чытаннідэпутацкім корпусам прыняты праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». З дакладам па законапраекту выступіў Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Гусакоў У.Р., з судакладам — член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Каляснёва А.П.

Праект Закона накіраваны на прывядзенне Закона «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» ў адпаведнасць з Статутам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2003 г. № 56.

У прыватнасці, праектам Закона прапануецца:

выключыць з Закона палажэнні аб рэгіянальных філіялах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;

удакладніць тэрміналогію Закона ў частцы статусу арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;

дапоўніць Закон задачамі па арганізацыі правядзення геафізічнага маніторынгу, правядзенню маніторынгу жывёльнага і расліннага свету і комплекснага маніторынгу натуральных экалагічных сістэм на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях у рамках Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь, навуковым забеспячэнні вядзення дзяржаўных кадастраў расліннага свету і жывёльнага свету, ажыццяўленню ведамаснага кантролю, правядзенню адзінай дзяржаўнай палітыкі, каардынацыі і дзяржаўнаму рэгуляванню дзейнасці арганізацый у галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах, за выключэннем планавання, размеркавання і эфектыўнага выкарыстання радыёчастотнага спектру;

удакладніць склад Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і парадак прызначэння на пасаду акадэміка-сакратара аддзялення Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Парламентарыі прынялі ў другім чытанні два законапраекты.

Па праекце Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб крэдытных гісторыях» выступіла член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Ніжэвіч Л.І.

У законапраекце пералік суб’ектаў, на якіх распаўсюджваецца дзеянне Закона «Аб крэдытных гісторыях», дапаўняецца адкрытым акцыянерным таварыствам «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь», мікрафінансавымі і лізінгавымі арганізацыямі.

Удакладняюцца значэння тэрмінаў «крэдытная здзелка», «суб’ект крэдытнай гісторыі» і «крыніца фарміравання крэдытнай гісторыі», а таксама канкрэтызуюцца функцыі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь у частцы выкарыстання звестак, якія ўваходзяць у склад крэдытнай гісторыі.

Акрамя таго ў праекце Закона дэталізаваны звесткі, якія падлягаюць адлюстраванню ў дагаворах гарантыі і паручыцельства, якія заключаюцца мікрафінансавымі арганізацыямі.

У мэтах павышэння якасці кіравання банкамі сваімі рызыкамі і ўмацавання ўстойлівасці банкаўскай сістэмы ў крэдытных гісторыях прадугледжана адлюстраванне груп рызыкі, па якіх банк класіфікаваў актыў і (або) умоўнае абавязацельства альбо іх частка.

Аб праекце Закона «Аб прызнанні страціўшымі сілу заканадаўчых актаў і іх асобных палажэнняў» парламентарыям далажыла член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Марачкава Т.Б.

Праект Закон прадугледжвае прызнанне страціўшымі сілу 40 законаў Рэспублікі Беларусь, 14 пастаноў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, тры ўказы Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і адной пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

У ходзе пасяджэння дэпутацкім корпусам прыняты сем законапраектаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў.

Праект Закона «Аб ратыфікацыі Дагавора аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Судан» прадставілі намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Дапкюнас А.В. і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Шаўцоў Д.Я.

У Дагаворы прадугледжваецца, што Рэспубліка Беларусь і Рэспубліка Судан будуць будаваць свае адносіны як дружалюбныя дзяржавы на аснове прынцыпаў узаемнай павагі, незалежнасці, дзяржаўнага суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, раўнапраўя i неўмяшання ва ўнутраныя справы, непрымянення сілы або пагрозы сілай, мірнага ўрэгулявання спрэчак і добрасумленнага выканання міжнародных абавязацельстваў.

Жадаючы надаць якасна новы ўзровень двухбаковым адносінам, бакі дамовіліся развіваць раўнапраўнае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльнай, гуманітарнай і іншых галінах; садзейнічаць развіццю сувязей паміж парламентамі і іншымі выбарнымі органамі ўлады дзвюх краін; спрыяць пашырэнню прамых сувязей і супрацоўніцтва на ўзроўні адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак у рамках іх кампетэнцыі; развіваць супрацоўніцтва ў рамках Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і іншых міжнародных і рэгіянальных арганізацый у мэтах умацавання міру і бяспекі, вырашэння эканамічных, экалагічных і іншых актуальных міжнародных праблем; заахвочваць і абараняць узаемныя інвестыцыі, развіваць гандаль і ствараць сумесныя арганізацыі, у тым ліку з удзелам партнёраў з трэціх краін; садзейнічаць транзіту праз сваю тэрыторыю транспартных сродкаў, пасажыраў і грузаў іншага дагаворнага боку, ажыццяўляць і развіваць супрацоўніцтва ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару; супрацоўнічаць у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, тэрарызмам, незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іншымі супрацьпраўнымі дзеяннямі;

Дакладчыкам па законапраекту «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб фінансаванні трансгранічнага супрацоўніцтва (ТГС)» (праграма трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза «Латвія ― Літва ― Беларусь» на 2014 ― 2020 гады) выступіў намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Шастакоў Я.А. Пазіцыю дэпутатаў па гэтым пытанні выклала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Папко В.М.

Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва, якія традыцыйна з’яўляюцца адным з асноўных элементаў узаемадзеяння Беларусі з Еўрапейскім Саюзам у сферы міжнароднай тэхнічнай дапамогі, дазваляюць прыцягваць значныя фінансавыя рэсурсы ЕС на патрэбы сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускіх пагранічных рэгіёнаў. Пагадненне накіравана на падтрымку супрацоўніцтва паміж краінамі—удзельнікамі і іх сумежнымі тэрыторыямі ў такіх галінах, як кіраванне дзяржаўнай граніцай, барацьба з трансгранічнай злачыннасцю, абарона навакольнага асяроддзя, сумеснае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі, падтрымка прадпрымальніцтва, развіццё турызму, аховы здароўя і сацыяльных паслуг, ахова культурнай спадчыны, стымуляванне міжкультурных сувязей і кантактаў паміж людзьмі.

Бюджэт Пагаднення «Латвія ― Літва ― Беларусь» складае 81,4 млн. еўра, з якіх 74 млн. еўра складае ўклад Еўрапейскага Саюза, астатнія 10 працэнтаў ― сродкі нацыянальнага суфінансавання краін― удзельніц.

У рамках рэалізацыі Пагаднення ў 2014 ― 2020 гады ў Беларусі мяркуецца пазаконкурсная рэалізацыя трох буйнамаштабных праектаў на суму ў 7,4 млн. еўра.

У мэтах павышэння аператыўнасці ўзаемадзеяння пагранічных службаў Беларусі і Літвы на беларуска-літоўскай граніцы плануецца рэалізацыя праекта па развіццю тэлекамунікацыйнай інфраструктуры. Уклад Еўрасаюза ў мерапрыемствы на беларускім баку складзе 3,3 млн. еўра. Запланавана таксама мадэрнізацыя міжнароднага пункта пропуску «Урбаны ― Сілене» на граніцы Беларусі і Латвіі (уклад Еўрасаюза ў мерапрыемствы на беларускім баку ― 3,5 млн. еўра). Вынікам удасканалення інфраструктуры міжнароднага пункта пропуску «Грыгораўшчына-Патэрніекі» на беларуска-літоўскай граніцы стане рэканструкцыя пад’язных пуцей і інжынерных камунікацый (уклад ЕС ― 600 тыс. еўра).

Е.А.Шастакоў і В.М.Папко таксама прадставілі праект Закона «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб фінансаванні трансгранічнага супрацоўніцтва (ТГС)»(праграма трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза «Польшча ― Беларусь ― Украіна» на 2014 ― 2020 гады).

Бюджэт Пагаднення складае 201,3 млн. еўра, з якіх 183 млн. еўра складае ўклад Еўрапейскага Саюза, астатнія 10 працэнтаў ― сродкі нацыянальнага суфінансавання краін ― удзельніц. У рамках Пагаднення ў 2014 ― 2020 гадах у Беларусі мяркуецца пазаконкурсная рэалізацыя трох праектаў на суму ў 12.7 млн. еўра. За гэтыя сродкі на граніцы Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча ў міжнародным пункце пропуску «Бераставіца-Баброўнікі» плануецца пабудаваць дадатковы аўтамабільны мост праз раку Свіслач (уклад ЕС у бюджэт праекта ― 4 млн. еўра). На беларуска-польскіх пагранічных тэрыторыях будзе ўмацаваны патэнцыял пажарных і выратавальных служб (уклад ЕС у рэалізацыю мерапрыемства ― 4,06 млн. еўра). Для паляпшэння транспартных зносін у беларуска-польскім паграніччы будуць ажыццяўлены мадэрнізацыя і будаўніцтва аўтамабільнай дарогі Р-16. Уклад Еўрасаюза ў бюджэт праекта складзе 4,64 млн. еўра.

Інфармацыю пра законапраект «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Грузіі аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый» прадставілі намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Дапкюнас А.В. і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Місявец В.Р.

Пагадненнем прадугледжваецца абавязак дагаворных бакоў ствараць спрыяльныя ўмовы для інвестараў у мэтах ажыццяўлення iнвестыцый на тэрыторыi сваiх дзяржаў, дапускаць такія інвестыцыі згодна з нацыянальным заканадаўствам, прадастаўляць узаемным інвестыцыям справядлівы і раўнапраўны рэжым, а таксама поўную абарону і бяспеку. Акрамя таго, бакі прымаюць на сябе абавязак не перашкаджаць кiраванню, падтрыманню, выкарыстанню або распараджэнню інвестыцыямі шляхам прыняцця неабгрунтаваных або дыскрымінацыйных мер.

Пагадненне ўстанаўлівае для інвестараў бакоў, іх інвестыцый і даходаў нацыянальны рэжым і рэжым найбольшага спрыяння, а таксама змяшчае неабходныя гарантыі па кампенсацыі страт. У прыватнасці, прадугледжваецца права інвестара ў дачыненні да аднаўлення, пакрыцця страт, кампенсацыi або iншага ўрэгулявання на не менш спрыяльны рэжым, чым той, які прадастаўляецца нацыянальным iнвестарам або iнвестарам любой трэцяй дзяржавы.

Пагадненне дэталёва рэгламентуе парадак экспрапрыяцыі інвестыцый, прадугледжваючы выплату інвестару на недыскрымінацыйнай аснове своечасовай, адэкватнай i эфектыўнай кампенсацыi, у якую ўваходзяць кампенсацыйная выплата па стаўцы не нiжэй за стаўку LIBOR у дачыненні да валюты, у якой былі ажыццяўлены інвестыцыі. Урэгуляваны таксама пытанні пераводу плацяжоў. Гарантуецца права інвестараў пасля выплаты імі адпаведных падаткаў і збораў на бесперашкодны перавод звязаных з інвестыцыямі плацяжоў, які павінен ажыццяўляцца без затрымкі ў свабодна канверсуемай валюце ў адпаведнасці з правіламі валютнага рэгулявання прымаючай дзяржавы.

Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Шамко А.І. выступіў дакладчыкам па праекце Закона «Аб ратыфікацыі Дадатковага пратакола да Канвенцыі супраць прымянення допінгу». Судаклад па гэтым пытанні зрабіў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Дзевятоўскі В.А.

Дадатковы пратакол прадугледжвае ўзаемнае прызнанне дзяржавамі — удзельнікамі Канвенцыі кампетэнтнасці спартыўных і нацыянальных антыдопінгавых арганізацый па правядзенні допінг-кантролю спартсменаў з іншых краін; канкрэтызацыю палажэнняў Канвенцыі, якія рэгламентуюць правядзенне маніторынгу выканання антыдопінгавых правіл; прызнанне паўнамоцтваў Сусветнага антыдопінгавага агенцтва і арганізацый, якія дзейнічаюць пад яго кіраўніцтвам, па ажыццяўленні праверак спартсменаў па-за спаборніцтвамі.

Ратыфікацыя Дадатковага пратакола прадаставіць Рэспубліцы Беларусь магчымасць пашыраць міжнародныя кантакты ў антыдопінгавай сферы, будзе садзейнічаць фарміраванню станоўчага іміджу, павышэнню аўтарытэту Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне, выкананню ўзятых краінай абавязацельстваў па барацьбе з допінгам у спорце, а таксама спросціць правядзенне акрэдытацыі Нацыянальнай антыдопінгавай лабараторыі.

Законапраект«Аб ратыфікацыі Дзявятага дадатковага пратакола да Статута Сусветнага паштовага саюза, Першага дадатковага пратакола да Агульнаму рэгламенту Сусветнага паштовага саюза, Сусветнай паштовай канвенцыі і Заключнага пратакола Сусветнай паштовай канвенцыі, Пагаднення аб паштовых плацежных паслугах і Заключнага пратакола Пагаднення аб паштовых плацежных паслугах» прадставілі дэпутацкаму корпусу міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Папкоў С.П. і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Юніцын А.Ю.

Названыя акты Сусветнага паштовага саюза былі разгледжаны на XXVI Сусветным паштовым кангрэсе 6 кастрычніка 2016 года ў г. Стамбуле. У адпаведнасці з рашэннямі, прынятымі ў ходзе кангрэса, у іх унесены змяненні і дапаўненні ўдакладняючага характару ― канкрэтызаваны паняцці «паштовая служба», «адзіная паштовая тэрыторыя», «адпраўленне пісьмовай карэспандэнцыі», «адпраўленне пасылачнай пошты», «адпраўленне EMS», «закрытая дэпеша», «рэкламацыя» і інш.

У дзявятым дадатковым пратаколе да Статута Сусветнага паштовага саюза замацоўваецца распаўсюджванне сферы дзейнасці Сусветнага паштовага саюза на абмен усімі паштовымі адпраўленнямі, а не толькі на адпраўлення пісьмовай карэспандэнцыі.

Першым дадатковым пратаколам да Агульнага рэгламенту Сусветнага паштовага саюза пашыраны функцыі Адміністрацыйнага савета, удакладнены склад і функцыі Савета паштовай эксплуатацыі і Кансультатыўнага камітэта, устаноўлены парадак аплаты членскіх узносаў краінамі — членамі Сусветнага паштовага саюза.

У Сусветную паштовую канвенцыю ўнесены змяненні, накіраваныя на стварэнне ўмоў эфектыўнага функцыянавання міжнароднай паштовай службы за кошт удасканалення работы нацыянальных паштовых аператараў (пашыраны пералік асноўных і дадатковых паслуг, якія прадстаўляюцца прызначаным аператарам, прадугледжана магчымасць перадачы персанальных дадзеных кліентаў электроннымі сродкамі сувязі, урэгуляваны пытанні выкарыстання бланкаў Сусветнага паштовага саюза, удакладнены ўмовы перасылкі небяспечных грузаў, устаноўлены тарыфы розных відаў паштовых паслуг).

У Заключны пратакол Сусветнай паштовай канвенцыі да шэрагу яе артыкулаў членамі Сусветнага паштовага саюза ўнесены агаворкі. У адпаведнасці з агаворкай Рэспублікі Беларусь у адступленне ад артыкула 15 Канвенцыі краіне дазваляецца спаганяць паштовыя тарыфы, якія адрозніваюцца ад устаноўленых, калі гэтыя тарыфы дапускаюцца нацыянальным заканадаўствам.

Пагадненнем аб паштовых плацёжных паслугах уведзены абавязак краін — членаў Сусветнага паштовага саюза паведамляць у Міжнароднае бюро назву і адрас аператараў, афіцыйна прызначаных для забеспячэння эксплуатацыі паштовых аплатных паслуг на сваёй тэрыторыі, а таксама прадугледжана права прызначанага аператара перадаваць часткова ў субпадраду міжсеткавае ўзаемадзеянне і эксплуатацыю паштовых плацежных паслуг.

Дэпутаты таксама прынялі законапраект «Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб мерах па ўрэгуляванню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў ад 12 студзеня 2007 г.». З дакладам па ім выступіў старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі Ляшэнка І.В., з судакладам — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Салаўёў П.А.

Пратакол, падпісаны ў г. Маскве 13 красавіка 2017 года, накіраваны на павышэнне эфектыўнасці функцыянавання нафтаперапрацоўчай галіны Рэспублікі Беларусь.

Гэтую задачу плануецца вырашыць за кошт выканання наступных мерапрыемстваў. Пастаўкі ўсяго аб’ёму расійскай нафты (24 млн. тон) у Рэспубліку Беларусь будуць забяспечвацца трубаправодным транспартам. Раней 1 млн. тон пастаўляўся чыгуначным транспартам.

У 2017 ― 2019 гадах будзе рэалізаваны механізм прамых паставак нафты ў аб’ёме да 6 млн. тон штогод (замест нафтапрадуктаў, выпрацаваных з гэтай жа колькасці нафты) за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза. Акрамя таго, выключаны абавязацельствы Рэспублікі Беларусь па пастаўцы на расійскі рынак аўтамабільных бензінаў у аб’ёме 1 млн. тон у год. Гэтыя пастаўкі будуць рэалізаваны за межамі мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза з выплатай вывазной мытнай пошліны ў бюджэт Рэспублiкi Беларусь.

У ходзе пасяджэння Палаты прадстаўнікоў парламентарыі разгледзелі два Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Першы намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Надольны Т.Ю. прадставіў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2017 г. № 3 «Аб змяненні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». З судакладам па гэтым пытанні выступіў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Вабішчэвіч П.А.

Дэкрэт прадугледжвае ўнясенне змяненняў у Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2008 г. № 22 «Аб гарантыях захаванасці грашовых сродкаў фізічных асоб, размешчаных на рахунках і (або) у банкаўскія ўклады (дэпазіты)» і накіраваны на забеспячэнне ўстойлівасці фінансавага становішча Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Дэкрэтам выключаецца норма аб штогадовым накіраванні 80 працэнтаў прыбытку Нацыянальнага банка, вызначанага на падставе гадавога бухгалтарскага балансу, у рэзерв «Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб». Такая карэкціроўка дазволіць Нацыянальнаму банку ўтрымліваць любы прыбытак для пакрыцця страт мінулых гадоў, павелічэння статутнага, рэзервовага i iншых фондаў.

У сувязі з адсутнасцю ў Нацыянальнага банка прыбытку на працягу апошніх пяці гадоў, выключэнне названай крыніцы фарміравання рэзерву Агенцтва не прывядзе да скарачэння даходнай часткі рэзерву Агенцтва і выбыцця крыніцы фінансавання яго дзейнасці.

У той жа час Нацыянальным банкам будуць прымацца дзейсныя меры па забеспячэнні стабільнасці банкаўскай сістэмы, накіраваныя на недапушчэнне пагроз для функцыянавання сістэмы гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў).

Акрамя таго, фінансаванне Нацыянальным банкам Агенцтва захаваецца праз размяшчэнне сродкаў Агенцтва ў дэпазіты і аблігацыі Нацыянальнага банка.

З дакладамі аб Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 жнiўня 2017 г. № 4 «Аб змяненні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» выступілі Т.Ю.Надольны і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Бабаловіч А.С.

Дэкрэт падрыхтаваны ў сувязі з неабходнасцю ўдасканалення прававога рэгулявання адносін па звароце спагнання на заклад маёмаснага права (патрабавання) на атрыманне грашовых сродкаў.

Уводзіцца норма, якая прадугледжвае магчымасць задавальнення патрабаванняў залогатрымальніка шляхам пакідання закладзенага маёмаснага права (патрабавання) на атрыманне грашовых сродкаў за сабой шляхам накіравання належных крэдытаатрымальніку грашовых сродкаў у кошт пагашэння запазычанасці па крэдытнаму дагавору без правядзення дадатковых працэдур у выглядзе рэалізацыі трэцім асобам або продажу з таргоў закладзенага маёмаснага права (патрабавання).

Прапанаваныя карэктывы дазволяць у самыя кароткія тэрміны задаволіць патрабаванні залогатрымальніка за кошт закладзенага маёмаснага права (патрабавання) на атрыманне грашовых сродкаў на вызначаных у пагадненні альбо ў дагаворы залогу ўмовах, а таксама істотна скараціць тэрмін пазасудовай рэалізацыі закладзенага маёмаснага права (патрабавання) на атрыманне грашовых сродкаў і, такім чынам, паменшыць пратэрміноўку даўжнiка, скараціць памер штрафных санкцый, які знаходзіцца ў прамой залежнасці ад часу, выдаткаванага на рэалізацыю маёмасных правоў (патрабаванняў) трэцім асобам.

Чарговае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання адбудзецца 25 кастрычніка 2017 года.

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць