Рус Бел Eng

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75           

Электронная пошта:
inform@house.gov.by

02.04.2020

2 красавіка 2020 года ў адпаведнасці з артыкулам 95 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь семага склікання.

З уступным словам на сесіі выступіў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Андрэйчанка У.П.






ВЫСТУПЛЕННЕ СТАРШЫНІ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ АНДРЭЙЧАНКІ У.П.

Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

Пачынае сваю работу другая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Галоўнай палітычнай падзеяй у гэты перыяд стане Пасланне Кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Парламенту, ключавыя палажэнні якога будуць пакладзены ў аснову фарміравання стратэгіі развіцця Беларусі ў новым пяцігоддзі.

Гэтая стратэгія павінна не толькі насіць антыкрызісны характар, але і працаваць на перспектыву, на эфектыўнае выкарыстанне галоўнай нашай канкурэнтнай перавагі — чалавечага капіталу і тых галін эканомікі, якія стануць драйверамі ўпэўненага развіцця краіны ў ХХІ стагоддзі.

Безумоўна, сітуацыя на сусветных рынках на фоне нафтавых войн і ўспышкі каронавіруса складваецца няпростая. У многіх краінах спыняюцца прадпрыемствы і цэлыя галіны, падае дзелавая актыўнасць.

На жаль, пандэмія ўносіць свае карэктывы і ў жыццё Беларусі. Зразумела, згушчаць фарбы не варта, але і спрашчаць гэтую праблему таксама нельга. Бо галоўнае для нас — клопат пра здароўе і жыццё нашых грамадзян.

Своечасовае прыняцце дзяржавай эфектыўных прэвентыўных мер дазволіла ўзяць сітуацыю пад кантроль. Вельмі важна, што грамадзяне з разуменнем ставяцца да таго, што адбываецца, захоўваюць спакой і вытрымку. Але самай глыбокай удзячнасці заслугоўваюць нашы ўрачы — за прафесіяналізм, мужнасць і самаадданасць, якія яны праяўляюць, выконваючы сваю высакародную місію. Падтрымаць іх у гэты няпросты час — наш абавязак.

Не менш актуальная задача — мінімізацыя ўплыву эпідэміі на гаспадарчую дзейнасць. Трэба прадумаць формы падтрымкі дзелавой актыўнасці, прасачыць, каб людзі своечасова атрымлівалі зарплаты, пенсіі, каб ім аказваліся неабходныя сацыяльныя паслугі.

Вядома, для падтрымання стабільнасці важна сумесная салідарная работа дзяржавы і грамадства, суб’ектаў гаспадарання і грамадзян. Бо адказнасць тут размяркоўваецца на ўсіх практычна ў роўнай ступені.

Больш актыўную пазіцыю ў гэтым пытанні павінны займаць і дэпутаты. Трэба ведаць, што адбываецца на прадпрыемствах і ў арганізацыях акругі, тлумачыць людзям, якія меры прымаюцца для барацьбы з вірусам, чаму так важна праяўляць самадысцыпліну і дакладна выконваць рэкамендацыі медыкаў.

І, праводзячы гэтую работу, нам трэба не выпусціць з-пад увагі іншыя не менш важныя напрамкі дзейнасці. Перш за ўсё варта ясна бачыць тыя практычныя задачы, якія трэба сёння вырашаць, каб адстаяць ключавыя сацыяльна-эканамічныя пазіцыі Беларусі.

З гэтага мы павінны зыходзіць пры вызначэнні заканадаўчых прыярытэтаў сесіі. На першы план тут выходзіць стварэнне ўмоў, якія дазваляюць знізіць ўспрымальнасць нацыянальнай эканомікі да знешніх шокаў. Важнейшыя з іх — стабільнае дзелавое асяроддзе, павышэнне эфектыўнасці дзяржсектара, развіццё прадпрымальніцтва і нарошчванне экспарту.

Асаблівы акцэнт у сувязі з гэтым хацеў бы зрабіць на фарміраванні праекта рэспубліканскага бюджэту на 2021 год. Нам разам з Урадам трэба знайсці вельмі вывераныя рашэнні, якія дазволяць не проста эканомна, але і максімальна эфектыўна расходаваць бюджэтныя сродкі, каб выканаць сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы не ў шкоду развіццю эканомікі.

Забяспечыць гэты баланс з улікам усіх абставін няпроста. Таму дэпутатам трэба аператыўна падключацца да работы і самым дэталёвым чынам адпрацоўваць літаральна кожны пункт гэтага дакумента.

Акрамя таго, неабходна завяршыць работу над папраўкамі ў законы аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі, аб гаспадарчых таварыствах. Важнымі таксама з’яўляюцца прававыя навацыі ў сферах сельскай гаспадаркі, дзяржаўнага рэгулявання гандлю і цэлы шэраг іншых норм эканамічнага блока.

Зразумела, моцная, стрэсаўстойлівая эканоміка — гэта аснова. Але практычна раўназначнай для нас з’яўляецца задача развіцця чалавечага патэнцыялу. І ў рамках гэтай сесіі найбольш аб’ёмны пакет змяненняў закране айчынную сферу аховы здароўя.

Плануемыя навацыі дапамогуць зменшыць чэргі ў паліклініках, аптымізаваць графікі праходжання медаглядаў, забяспечыць бясплатнымі медыкаментамі пацыентаў дзённага стацыянара і зрабіць лекі больш даступнымі для жыхароў вёскі, асабліва тых населеных пунктаў, дзе няма аптэк.

У комплексе ўкараненне гэтых і шэрагу іншых навацый дасць магчымасць не толькі павысіць якасць меддапамогі, адказнасць спецыялістаў і цэлых устаноў, але і падняць аўтарытэт нашай медыцыны ў грамадстве на тую вышыню, якую яна, безумоўна, заслугоўвае.

Нам таксама трэба фарсіраваць работу над праектам Закона аб правах інвалідаў. Гэта вельмі рэзанансная тэма. Бо гаворка ідзе не проста аб безбар’ерным асяроддзі, а аб актыўнай сацыяльнай інтэграцыі гэтай катэгорыі нашых грамадзян і значным пашырэнні магчымасцей іх прафесійнай самарэалізацыі.

Вялікі блок пытанняў датычыцца нацыянальнай бяспекі, аховы правапарадку, павышэння даступнасці і празрыстасці правасуддзя. Упершыню на заканадаўчым узроўні будуць урэгуляваны пытанні абароны персанальных дадзеных.

Усе гэтыя законапраекты сёння ў цэнтры ўвагі грамадства. Таму трэба дакладна выконваць тэрміны іх падрыхтоўкі, перш за ўсё тых, з якімі пастаянныя камісіі працуюць ужо на працягу года і больш.

Пры гэтым нельга зніжаць увагу да дакументаў, распрацоўка якіх знаходзіцца на пачатковай стадыі. Асаблівае месца тут адводзіцца карэкціроўцы кодэксаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Гэта даручэнне Прэзідэнта.

Людзі ўважліва сочаць, як прасоўваецца наша работа, бо практыка прымянення гэтых законаў — адзін са значных індыкатараў стану канстытуцыйнай законнасці ў краіне. Толькі ў Палату прадстаўнікоў паступіла больш за 600 прапаноў, якія тычацца змяненняў норм кодэксаў, што наглядна сведчыць аб запыце грамадства на ўдасканаленне гэтай сферы.

На аснове вывучэння зваротаў грамадзян дэпутатамі ініцыяваны яшчэ адзін важны дакумент. Ён прадугледжвае ўнясенне паправак у Закон аб занятасці насельніцтва і закліканы садзейнічаць зніжэнню беспрацоўя, развіццю дзелавой актыўнасці і выраўноўванню развіцця рэгіёнаў.

Нарэшце, шэраг законапраектаў накіраваны на ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва. Найбольш актуальная тэма тут для нашых грамадзян — два законапраекты аб ратыфікацыі пагадненняў з Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, якія мы плануем разгледзець ужо сёння.

Што да нашай міжнароднай праграмы ў цэлым, яе асноўныя палажэнні і напрамкі нашай дзейнасці выпрацаваны. Аднак яе рэалізацыя ўскладняецца тым, што краіны сыходзяць на каранцін, адмяняюцца або пераносяцца запланаваныя мерапрыемствы, у тым ліку буйныя міжнародныя форумы.

Назіраючы за працэсамі, што сёння адбываюцца на планеце, мы разумеем, што свет уступае ў абсалютна новую эпоху. Пандэмія наглядна паказала чаго варта сучасная сістэма міжнароднай бяспекі. У свеце пануе разгубленасць, урады дзейнічаюць у адзіночку, а міжнародная супольнасць дэманструе няздольнасць аб’яднаць высілкі.

З улікам выпрацоўкі стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступнае пяцігоддзе мы павінны ўважліва аналізаваць, як усе гэтыя тэндэнцыі могуць адбіцца на будучай архітэктуры светаўладкавання.

Бо сітуацыя і да гэтага была няпростая. Але на сённяшні дзень эканамічная складнік міжнародных адносін яшчэ больш ускладніўся. Па сутнасці, свабоднае перасоўванне людзей, тавараў і капіталу амаль спынілася.

Для Беларусі, безумоўна, прынцыповае значэнне мае тое, як у гэтых умовах будуць працякаць інтэграцыйныя працэсы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і Саюзнай дзяржавы.

Ва ўмовах глабалізацыі прынцып нацыянальнага эгаізму не працуе. І з пандэміяй, і з сусветным крызісам, і з іншымі выклікамі можна справіцца толькі ў тым выпадку, калі ўсе краіны будуць супрацоўнічаць, паважаючы інтарэсы адзін аднаго.

У гэтым плане вельмі важна памятаць урокі гісторыі. Цудоўную нагоду для гэтага нам дае юбілей Вялікай Перамогі, які свет будзе адзначаць у гэтым годзе.

75 гадоў таму вялікія дзяржавы змаглі пераадолець узаемны недавер і аб’яднацца, каб зберагчы свет ад фашызму. Гэта дазволіла ім не толькі ў даволі кароткія тэрміны справіцца з наступствамі Другой сусветнай вайны, але і перажыць эканамічны ўздым.

Гэты факт як нельга лепш гаворыць пра выгаду адносін, пабудаваных на прынцыпах добрасуседства, раўнапраўя, узаемнага даверу і развіцця эканамічнага супрацоўніцтва.

Пры гэтым вядучыя сусветныя ігракі павінны пачуць не толькі адзін аднаго, але і тыя дзяржавы, якія, не маючы глабальных амбіцый, гатовы і могуць выступаць як актыўныя суб’екты пабудовы больш справядлівага, бяспечнага і шчаслівага свету.

Паважаныя дэпутаты, на гэтай сесіі Палаце прадстаўнікоў трэба будзе прыняць яшчэ адно важнае палітычнае рашэнне — прызначыць дату выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Цалкам натуральна, што ў такія адказныя для краіны моманты ўзмацняюцца дыскусіі аб шляхах яе развіцця, эфектыўнасці дзеянняў органаў улады па рэалізацыі палітычнага курсу. І тут адна з вядучых ролей павінна належаць парламентарыям.

Дэпутаты павінны быць разам са сваімі выбаршчыкамі і прынцыпова рэагаваць на ўсе пытанні, якія тычацца забеспячэння канстытуцыйных праў і законных інтарэсаў грамадзян. Сёння гэта перш за ўсё занятасць, дастойная зарплата, жыллё, бяспека, экалогія і надзейныя сацыяльныя гарантыі.

Нароўні з рашэннем чыста практычных пытанняў, з якімі да нас звяртаюцца нашы выбаршчыкі, нам трэба пастаянна падтрымліваць жывую зваротную сувязь з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, мясцовымі органамі ўлады і больш актыўна працаваць у інфармацыйнай прасторы.

У гэтым плане трэба звярнуць асаблівую ўвагу на сацыяльныя сеткі як на адно з самых запатрабаваных сродкаў зносін. У нас ужо маецца пазітыўны вопыт у гэтай сферы. Але нам неабходна пашыраць гэтую практыку, каб ісці ў нагу з часам.

Дыялог — гэта важная ўмова ўзаемнага даверу і кансалідацыі, якія ў любых складаных сітуацыях дапамагаюць беларускай дзяржаве і грамадству знаходзіць правільныя рашэнні і паслядоўна прасоўвацца па шляху стварэння моцнай і незалежнай Беларусі.

На заканчэнне, паважаныя калегі, хачу павіншаваць усіх прысутных з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі, падзякаваць за добрую падрыхтоўку да сесіі і запрасіць да работы.

 


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць

220010, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Савецкая, 11

Аддзел па арганізацыі работы з дакументамі
Тэл. (017) 222 32 62
Факс: (017) 327 37 84
E-mail: kc1@house.gov.by

Аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб
Тэл. (017) 222 62 52
          (017) 222 63 58
E-mail: letters@house.gov.by

Накіраваць электронны зварот на адрас Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і яе Cакратарыята вы можаце тут

Тэл. (017) 222 64 75
Факс: (017) 222 32 13
E-mail: inform@house.gov.by