02.02.2017

2 лютага 2017 года Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах правяла пасяджэнне круглага стала па абмеркаванні праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыйных фондах».

У пасяджэнні, якое праходзіла на базе ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа», прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ШчэпаўУ.А., Салаўёў П.А., Курсевіч В.В., першы намеснік Міністра фінансаў Рэспублікі Беларусь Ермаловіч М.Л., кіраўнікі і супрацоўнікі ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа», Дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, РУП «Рэспубліканскі цэнтральны дэпазітарый каштоўных папер», прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага і камерцыйных банкаў, навуковых колаў, бізнес-таварыства, грамадскіх арганізацый, работнікі сакратарыятаў Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Дабрыніна Л.А. адзначыла, што прапануемы да абмеркавання праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыйных фондах» прызваны заканадаўча забяспечыць стварэнне інстытута інвестыцыйных фондаў у мэтах эфектыўнага размеркавання фінансавых рэсурсаў для рашэння прыярытэтных эканамічных задач, узмацнення інвестыцыйнай актыўнасці суб’ектаў гаспадарання і грамадзян. Яна падкрэсліла, што дыскусія па гэтым пытанні своечасовая ў сувязі з тым, што ў цяперашні час дэпутаты — члены гэтай камісіі працуюць над падрыхтоўкай законапраекта да разгляду ў другім чытанні.

Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, першы намеснік Міністра фінансаў Рэспублікі Беларусь Ермаловіч М.Л. указаў на важнасць абмеркавання законапраекта ў фармаце круглага стала, што дазволіць зацікаўленым выказаць прапановы па найбольш спрэчных пытаннях дакумента і прапанаваць магчымыя шляхі іх рашэння.

Старшыня Праўлення ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа» Аўхіменя А.Р. азнаёміў удзельнікаў пасяджэння з гісторыяй развіцця, функцыямі і асноўнымі відамі дзейнасці біржы. Было адзначана, што галоўнай мэтай дзейнасці біржы з’яўляецца садзейнічанне фарміраванню ў рэспубліцы паўнавартаснага арганізаванага фінансавага рынку, які адпавядае патрэбам яго ўдзельнікаў, дае дзяржаве эфектыўныя рыначныя механізмы рэалізацыі грашова-крэдытнай і бюджэтнай палітыкі, выканання ім кантрольных і рэгулюючых функцый.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Барадзеня В.А., адказны за падрыхтоўку законапраекта, нагадаў аб выніковасці правядзення шырокага абмеркавання праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб рынку каштоўных папер» пры яго дапрацоўцы да разгляду ў другім чытанні, што дазволіла забяспечыць паўнату прававога рэгулявання адносіну сферы рынку каштоўных папер.

Намеснік дырэктара Дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь Красінскі А.Д. раскрыў асноўныя палажэнні праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыйных фондах». Законапраект накіраваны на вызначэнне прававога палажэння інвестыцыйных фондаў у Рэспубліцы Беларусь, рэгуляванне адносін, звязаных з дзейнасцю акцыянерных інвестыцыйных фондаў, іх рэарганізацыяй і ліквідацыяй, умовамі і парадкам фарміравання, існавання і спынення існавання паявых інвестыцыйных фондаў у Рэспубліцы Беларусь, а таксама рэгулюе пытанні кіравання маёмасцю інвестыцыйнага фонду і асобныя аспекты дзейнасці інвестыцыйных фондаў на рынку каштоўных папер.

Начальнік аддзела развіцця прэміяльнага абслугоўвання і інвестыцыйных прадуктаў ААТ «Прыорбанк» Лявонцьеў А.В. і дырэктар ЗАТ «Агракапітал» Яцкевіч А.Д. падзяліліся вопытам арганізацыі дзейнасці фондаў банкаўскага кіравання і кіравання партфельнымі інвестыцыямі.

У ходзе абмену думкамі ўдзельнікі круглага стала абмеркавалі пытанні кіравання маёмасцю інвестыцыйнага фонду, умовы і парадак уліку і захоўвання такой маёмасці, кантролю за яе распараджэннем, асобныя аспекты дзейнасці інвестыцыйных фондаў на рынку каштоўных папер.

Таксама парламентарыі азнаёміліся з арганізацыяй работы ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа», яго матэрыяльна-тэхнічнай базай.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Л.А.Дабрыніна адзначыла, што дыскусія пацвердзіла важную ролю фінансавага рынку ў эканоміцы любой сучаснай дзяржавы. Прапановы і рэкамендацыі, выказаныя ўдзельнікамі мерапрыемства, будуць прадметна прапрацаваны пры падрыхтоўцы да разгляду ў другім чытанні праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыйных фондах».

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць