Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


22.01.2020

21 студзеня 2020 года ў рамках візіту Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. ў Дзяржаву Ізраіль адбылася яго сустрэча са спікерам Кнэсета Дзяржавы Ізраіль Ё.Эдэльштэйнам.

Адзначаючы важнасць правядзення Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту, У.П.Андрэйчанка расказаў, як у беларускім Парламенце шануюць памяць яўрэяў, якія змагаліся супраць нацызму. У іх ліку былі і дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларускай ССР першага склікання Перачынскі Барыс Ханонавіч і Ласко Фама Іосіфавіч. Іх імёны высечаныя на мемарыяльных дошках, размешчаны у фае Авальнай залы Палаты прадстаўнікоў, сказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў і дадаў, што копіі наяўных дакументаў аб іх будуць перададзеныя ў Мемарыяльны комплекс гісторыі Халакоста «Яд Вашэм».

Далей у ходзе гутаркі бакі абмеркавалі перспектывы развіцця двухбаковага міжпарламенцкага супрацоўніцтва.


У.П.Андрэйчанка адзначыў прадуктыўны характар узаемадзеяння парламенцкіх груп дружбы. Ён паведаміў, што ў цяперашні час у Нацыянальным сходзе ідзе працэс абнаўлення складу рабочай групы па супрацоўніцтве з парламентам Ізраіля і выказаў надзею, што пасля парламенцкіх выбараў, якія пройдуць у Ізраілі ў сакавіку гэтага года, у Кнэсеце 23-га склікання таксама будзе сфарміравана Ліга міжпарламенцкай дружбы «Ізраіль — Беларусь».

У ходзе сустрэчы была падкрэслена неабходнасць больш цеснага ўзаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый, у прыватнасці ў ПА АБСЕ. Важным кірункам гэтай працы павінна стаць супрацьдзеянне любым спробам перагляду вынікаў вайны і скажэння гістарычнай праўды.


Акрамя таго, бакі абмеркавалі перспектывы рэалізацыі дамоўленасцей аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж Ізраілем і ЕАЭС. Стварэнне падобнай зоны адпавядае інтарэсам двух народаў і дазволіць больш эфектыўна вырашаць пытанні, накіраваныя на забеспячэнне эканамічнага дабрабыту і сацыяльнай абароны. Беларускае старшынства ў ЕАЭС у 2020 годзе адкрывае ў гэтым плане акно магчымасцей, адзначыў У.П.Андрэйчанка і растлумачыў, што шосты раўнд перагавораў па заключэнні Пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Дзяржавай Ізраіль плануецца правесці ў сакавіку 2020 года ў г. Маскве.

Нам неабходна актыўна выкарыстоўваць патэнцыял парламенцкай дыпламатыі для нарошчвання гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў і прапанаваў падключаць дэпутатаў да работы Сумеснага Беларуска-Ізраільскага камітэта па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве.

Адзначаючы важнасць рэгіянальнага супрацоўніцтва, У.П.Андрэйчанка прывёў пазітыўны вопыт развіцця пабрацімскіх сувязей паміж беларускімі і ізраільскімі гарадамі. У цяперашні час такія сувязі ўстаноўлены паміж васьмю парамі гарадоў. У прыватнасці ён адзначыў прыклад ўзаемадзеяння паміж населеным пунктам прыгарада Хайфы Кір’ят-Бялік і Глыбоцкім раёнам Віцебскай вобласці.

Разам з развіццём міжрэгіянальных гандлёва-эканамічных сувязей Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў важнасць рэалізацыі праектаў па захаванні месцаў гістарычнай памяці, звязаных з сумесным пражываннем беларускага і яўрэйскага народаў на тэрыторыі Беларусі. З Віцебшчынай, напрыклад, звязана жыццё заснавальніка сучаснага іўрыту Эліэзэра Бэн-Йегуды.

Да рэалізацыі падобных праектаў неабходна больш актыўна прыцягваць грамадскасць, моладзь, перакананы У.П.Андрэйчанка. Адным з крокаў у гэтым кірунку магло б стаць наведванне ізраільскімі старшакласнікамі памятных месцаў, звязаных з Халакостам ў Беларусі.

Акрамя таго, падчас размовы былі абмеркаваныя перспектывы супрацоўніцтва ў галінах навукі, інавацый, медыцыны, сельскай гаспадаркі і турызму.


Пасля завяршэння сустрэчы Старшыня Палаты прадстаўнікоў пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей Кнэсета. У прыватнасці ён адзначыў, што «Двухбаковыя міжпарламенцкія сувязі грунтуюцца на шматвяковай гісторыі ўзаемаадносін нашых дружалюбных народаў на беларускай зямлі, якая стала калыскай для трох прэзідэнтаў і трох прэм’ер-міністраў Дзяржавы Ізраіль, бачных габрэйскіх мысляроў, рэлігійных дзеячаў і заснавальніка сучаснага іўрыту. Яшчэ адным напамінам аб агульных старонках гісторыі з’яўляецца адзін з сімвалаў Кнэсета — Зала Марка Шагала, ураджэнца беларускага Віцебска.

Выступаючы за захаванне і развіццё нашых гістарычных сувязяў і традыцый, шчыра жадаю сваім ізраільскім калегам канструктыўнай і плённай работы ў імя міру, стабільнасці і працвітання Дзяржавы Ізраіль».

У.П.Андрэйчанка знаходзіцца ў Ерусаліме па даручэнні Кіраўніка дзяржавы для ўдзелу ў мерапрыемствах Міжнароднага форуму лідэраў, прысвечанага Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту і 75-й гадавіне вызвалення Асвенцыма.

 

Фотаматэрыялы прадастаўлены парталам «Ізраіль у асобах» і Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль.


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць