Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


25.10.2017

25 кастрычніка 2017 года адбылося чарговае пасяджэнне трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, падчас якога разгледжаны 13 пытанняў.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні прынялі два законапраекты.

Праект Закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў» прадставіў Міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Шуневіч І.А. (судакладчык — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі СаўкоВ.І.).

Законапраект накіраваны на далейшае ўдасканаленне прававога рэгулявання адносін у сферы арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў з улікам правапрымяняльнай практыкі.

Законапраектам, у прыватнасці, прапануецца:

увесці паведамляльны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў у пастаянных месцах для правядзення масавых мерапрыемстваў, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі;

прадугледзець шэраг мер, накіраваных на забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі, у тым ліку дадатковыя патрабаванні да арганізатараў масавага мерапрыемства, устанавіць пералiк прадметаў, забароненых да праносу ў месца правядзення масавага мерапрыемства, а таксама павысіцьузровень адказнасці палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый за арганізацыю і правядзенне масавых мерапрыемстваў;

урэгуляваць працэдуру адазвання заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства;

устанавіць абавязак журналіста, які прысутнічае на масавым мерапрыемстве з мэтай асвятлення ходу падзей, мець пры сабе дакумент, які пацьвярждае асобу, і службовае пасведчанне журналіста сродку масавай інфармацыі;

прадугледзець магчымасць змены кіраўніком мясцовага органа пры разглядзе заявы па ўзгадненні з арганізатарам масавага мерапрыемства выгляду масавага мерапрыемства (замест дэманстрацыі дазваляць мітынг і інш.);

устанавіць вычарпальны пералік спосабаў, якімі нельга аб’яўляць аб масавых мерапрыемствах да атрымання дазволу на іх правядзенне.

З дакладамі па праекце Закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях»выступілі намеснік Міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Шаўчэнка С.А. і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Качына Л.І.

Карэкціроўка Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях абумоўлена ўступленнем у сілу Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лістапада 2016 г. № 5 «Аб перамяшчэнні, захоўванні і продажы фізічнымі асобамі алкагольных напояў».

Законапраектам, у прыватнасці, адмяняюцца абмежаванні па колькасці алкагольных напояў, маркіраваных акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь і (або) спецыяльнымі маркамі, якія фізічныя асобы маюць права перамяшчаць па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (не для камерцыйных мэтаў) без дакументаў, якія пацвярджаюць легальнасць набыцця гэтых напояў, а таксама па колькасці захоўваемых алкагольных напояў па-за залежнасці ад наяўнасці на іх такіх марак. Скарэкціравана таксама адказнасць фізічных асоб за незаконныя перамяшчэнне, захоўванне і продаж алкагольных напояў.

У мэтах лібералізацыі заканадаўства праектам Закона таксама прапануецца адмена колькасных абмежаванняў на перамяшчэнне і захоўванне фізічнымі асобамі, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, тытунёвых вырабаў, маркіраваных акцызнымі і (або) спецыяльнымі маркамі, незалежна ад наяўнасці альбо адсутнасці дакументаў, якія пацвярджаюць легальнасць іх набыцця.

Прапануецца таксама захаваць дзеючыя колькасныя абмежаванні на перасоўванне па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і захоўванне на ёй фізічнымі асобамі, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, тытунёвых вырабаў без іх маркіроўкі акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь і (або) спецыяльнымі маркамі – не больш за 200 цыгарэт або 50 цыгар (цыгарыл), 250 грамаў тытуню цi iншых тытунёвых вырабаў.

У другім чытанні парламентарыі прынялі праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ветэранах», пра які расказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Леўшуноў А.Ф. Ён адзначыў, што ў Законе «Аб ветэранах» прапануецца прадугледзець катэгорыю ветэранаў органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і вызначыць іх статус. Акрамя таго, дзяржаўным органам, у тым ліку органам мясцовага кіравання і самакіравання, за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовага бюджэтаў даецца права ўдзельнічаць у фінансаванні мерапрыемстваў, якія праводзяцца грамадскімі аб’яднаннямі ветэранаў, у адпаведнасці з дзяржаўнымі праграмамі (падпраграмамі) у галіне сацыяльнай абароны ветэранаў.

Шэраг норм Закона «Аб ветэранах» прыводзіцца ў адпаведнасць з заканадаўчымі актамі, якія рэгулююць пытанні жыллёвых адносін, адукацыі і пенсіённага забеспячэння.

Дэпутацкі корпус прыняў у двух чытаннях праект Закона «Аб унясенні змянення ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пратакола да Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 22 студзеня 1993 года». Перад парламентарыямі выступілі Старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Наскевіч І.Д. і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Бараннік В.М.

Праект Закона падрыхтаваны ў адпаведнасці з артыкулам 5 Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 22 студзеня 1993 года ў мэтах надзялення ўпраўленняў Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па абласцях і г. Мінску паўнамоцтвамі па ажыццяўленні непасрэдных зносін з кампетэнтнымі органамі дзяржаў — удзельніц Канвенцыі. Гэта дасць магчымасць устанавіць прамыя кантакты паміж тэрытарыяльнымі следчымі падраздзяленнямі дзяржаў — удзельніц Канвенцыі, паскорыць выкананне даручэнняў аб аказанні прававой дапамогі па крымінальных справах, а таксама будзе садзейнічаць скарачэнню тэрмінаў папярэдняга следства і забеспячэнню прынцыпу няўхільнасці крымінальнай адказнасці за ўчыненыя злачынствы.

На пасяджэнні былі таксама разгледжаны чатыры праекты законаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў і пагадненняў.

Аб праекце Закона «Аб ратыфікацыі Дагавора аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза» дэпутатаў праінфармаваў Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Сянько Ю.А. З судакладам па гэтым пытанні выступіў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Шаўцоў Д.Я.

Структурна Мытны кодэкс ЕАЭС складаецца з 9 раздзелаў, 61 главы, 465 артыкулаў і двух дадаткаў да яго.

У дадатку 1 вызначаецца парадак узаемадзеяння мытных органаў дзяржаў — членаў ЕАЭС пры спагнанні мытных пошлін, падаткаў, спецыяльных, антыдэмпінгавых, кампенсацыйных пошлін пры перавозцы (транспарціроўцы) тавараў у адпаведнасці з мытнай працэдурай мытнага транзіту і пералічэння спагнаных сум мытных пошлін, падаткаў, спецыяльных, антыдэмпінгавых, кампенсацыйных пошлін у дзяржаву– член ЕАЭС, у якой падлягаюць выплаце мытныя пошліны, падаткі, спецыяльныя, антыдэмпінгавыя, кампенсацыйныя пошліны. У дадатку 2 утрымліваецца пералік звестак, якімі будуць абменьвацца мытныя органы.

У раздзелах I — VIII Мытнага кодэкса ЕАЭС выкладзены асноўныя палажэнні, якія тычацца мытнага рэгулявання ў ЕАЭС, перамяшчэння тавараў праз мытную мяжу ЕАЭС, адзінай Таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці ЕАЭС, класіфікацыі тавараў, паходжання тавараў, мытнага кошту тавараў; вылічэння мытных плацяжоў; мытных аперацый; мытных працэдур; асаблівасцяў парадку і ўмоў перамяшчэння праз мытную мяжу ЕАЭС асобных катэгорый тавараў; правядзення мытнага кантролю, узаемадзеяння мытных органаў; дзейнасці ў сферы мытнай справы.

Мытным кодэксам ЕАЭС устанаўліваецца, што мытнае рэгуляванне ў ЕАЭС грунтуецца на прынцыпах раўнапраўя асоб пры перамяшчэнні тавараў праз мытную мяжу ЕАЭС, выразнасці, яснасці і паслядоўнасці здзяйснення мытных аперацый, галоснасці ў распрацоўцы і прымяненні міжнародных дагавораў і актаў у сферы мытнага рэгулявання і іх гарманізацыі з нормамі міжнароднага права, а таксама на ўжыванні сучасных метадаў мытнага кантролю і максімальным выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у дзейнасці мытных органаў.

У выпадку ўзнікнення супярэчнасцяў паміж гэтым Кодэксам і іншымі міжнароднымі дагаворамі, што рэгулююць мытныя праваадносіны, якія ўваходзяць у права ЕАЭС, прымяняюцца палажэннi гэтага Кодэкса.

Мытныя праваадносіны, не ўрэгуляваныя міжнароднымі дагаворамі і актамі ў сферы мытнага рэгулявання, да ўрэгулявання адпаведных праваадносін такімі міжнароднымі дагаворамі і актамі рэгулююцца заканадаўствам дзяржаў — членаў ЕАЭС аб мытным рэгуляванні.

Раздзел IX вызначае пераходныя палажэнні аб прымяненні норм Мытнага кодэкса ЕАЭС да адносiн, якiя рэгулююцца міжнароднымі дагаворамі і актамі ў сферы мытнага рэгулявання.

З уступленнем гэтага Дагавора ў сілу спыняецца дзеянне (часовае прымяненне) міжнародных дагавораў, якія ўваходзяць у права ЕАЭС, па пераліку згодна з дадаткам 2 да Дагавора і прызнаюцца страціўшымі сілу палажэнні міжнародных дагавораў, якія ўваходзяць у права ЕАЭС, па пераліку згодна з дадаткам 3 да Дагавора.

З дакладам па праекце Закона «Аб ратыфікацыі Пратакола аб прымяненні асобных палажэнняў Дагавора аб далучэнні Кыргызскай Рэспублікі да Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года, падпісанага 23 снежня 2014 г.»выступіў Міністр фінансаў Рэспублікі Беларусь Амарын В.У., з судакладам — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Корж І.А.

У адпаведнасці з Пратаколам нарматывы размеркавання сум увазных мытных пошлін для кожнай дзяржавы — члена Еўразійскага эканамічнага саюза ўстанаўліваюцца ў наступных памерах:

Рэспубліка Арменія – 1,220 працэнта;

Рэспубліка Беларусь – 4,560 працэнта;

Рэспубліка Казахстан – 7,055 працэнта;

Кыргызская Рэспубліка – 1,900 працэнта;

Расійская Федэрацыі – 85,265 працэнта.

Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Сліжэўскі А.Л. расказаў аб праектах законаў «Аб ратыфікацыі Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Арабскай Рэспублікай Егіпет аб выдачы» і «Аб ратыфікацыі Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Арабскай Рэспублікай Егіпет аб узаемнай прававой дапамозе па грамадзянскіх і эканамічных справах». Судакладчыкам па абодвух законапраектах выступіла член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Кралевіч І.М.

Першы з названых дагавораў рэгламентуе працэдуры выдачы асоб для прыцягнення да крымінальнай адказнасці або для прывядзення прысуду ў выкананне, устанаўлiвае падставы для адмовы ў выдачы, рэгламентуе пытанні папярэдняга змяшчэння пад варту, парадак спрошчанай выдачы і іншыя пытанні ў гэтай сферы дзейнасці.

Дагавор аб узаемнай прававой дапамозе па грамадзянскіх і эканамічных справах рэгламентуе парадак выканання просьб аб аказанні прававой дапамогі, а таксама замацоўвае падставы для адмовы ў аказанні прававой дапамогі. Супрацоўніцтва ў гэтай сферы будзе ажыццяўляцца праз Міністэрства юстыцыі і Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, а таксама Упраўленне міжнароднага і культурнага супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі Арабскай Рэспублікі Егіпет.

Акрамя таго, на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў былі разгледжаны два дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 верасня 2017 г. № 5 «Аб змяненні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (дакладчык — Міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Зіноўскі У.І., судакладчык — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Заблоцкі Д.У.) накіраваны на карэкціроўку асобных норм Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2012 г. № 6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці». Дэкрэт прадугледжвае ўдакладненне наймення Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 мая 2017 г. № 166 «Аб удасканаленні спецыяльнага прававога рэжыму Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку«Вялікі камень», а таксама змяненне таварнай пазіцыі 9406 00 на 9406 у адпаведнасці з новай рэдакцыяй Таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза.

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 верасня 2017 г. № 6 «Аб змяненні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», (дакладчык — Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Сліжэўскі А.Л., судакладчык — член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Стаціўка Ж.У.) накіраваны на ўдасканаленне заканадаўства ў сферы прафесійных саюзаў, іх стварэння і дзейнасці, будзе садзейнічаць больш поўнай рэалізацыі права работнікаў на аб’яднанне ў прафесійныя саюзы, абароне іх сацыяльна-працоўных адносин.

У ходзе пасяджэння парламентарыі таксама прынялі рашэнне аб правядзенні парламенцкіх слуханняў на тэму «Нацыянальная сістэма адукацыі: стан і шляхі ўдасканалення заканадаўчага рэгулявання», а таксама прынялі пастановы Палаты прадстаўнікоў «Аб зацвярджэнні Палажэння аб Сакратарыяце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь» і «Аб зацвярджэнні Палажэння аб камісіі па прысваенні класаў дзяржаўных служачых дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляючым свае паўнамоцтвы на прафесійнай аснове, і камісіі па прысваенні класаў дзяржаўных служачых дзяржаўным служачым Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».

27 кастрычніка 2017 года адбудзецца сумеснае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, у ходзе якога на пытанні парламентарыяў адкажуць члены Урада. З дакладам на тэму «Аб рабоце, што праводзіцца, і развіцці ў сферах будаўніцтва, транспарту, сувязі і жыллёва-камунальнай гаспадаркі»выступіць Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Калінін А.
Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць