Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


27.10.2017

27 кастрычніка 2017 года адбылося сумеснае пасяджэнне палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па пытаннях дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі і адказаў Урада Рэспублікі Беларусь.

Перад парламентарыямі выступіў Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Калінін А.М. з дакладам на тэму «Аб рабоце і развіцці ў сферах будаўніцтва, транспарту, сувязі і жыллёва-камунальнай гаспадаркі».

Характарызуючы работу беларускай эканомікі за дзевяць месяцаў, ён адзначыў адпаведнасць тэмпаў росту валавога ўнутранага прадукту гадавому значэнню прагнозу, павелічэнне экспарту, збалансаванасць знешняга гандлю.

Віцэ-прэм’ер заявіў, што інфляцыя за гэты перыяд дасягнула мінімальнага паказчыка за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі (2,7 працэнта пры прагнозе на год 9 працэнтаў). Ён таксама звярнуў увагу на нармальнае функцыянаванне ўнутранага валютнага рынку, патанненне крэдытаў для рэальнага сектара эканомікі.

Намеснік Прэм’ер-міністра канстатаваў захаванне станоўчых тэндэнцый у асноўных галінах эканомікі. Аб’ёмы прамысловай вытворчасці павялічыліся на 6,1 працэнта. Чысты прыбытак у прамысловасці склаў 2,6 млрд. беларускіх рублёў, што ў 1,6 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Знізілася доля стратных арганізацый. Запасы гатовай прадукцыі знаходзяцца на самым нізкім узроўні за апошнія пяць гадоў — 60 працэнтаў да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. З ростам працуе сельская гаспадарка (101,7 працэнта), стабільныя тэмпы росту назіраюцца ў жывёлагадоўлі (102,2 працэнта), праінфармаваў А.М.Калінін. Адстае толькі вытворчасць прадуктаў нафтаперапрацоўкі (87,6 працэнта), што абумоўлена скарачэннем паставак расійскай нафты на нафтаперапрацоўчыя заводы ў пачатку года. Але гэта адставанне паступова скарачаецца, дадаў віцэ-прэм’ер.

Дзякуючы росту прадукцыйнасці працы ў эканоміцы рэальная заработная плата сёння перавышае ўзровень аналагічнага перыяду 2016 года. Намеснік Прэм’ер міністра расказаў, што Прэзідыум Савета Міністраў падтрымаў дадатковыя меры па павышэнню заработнай платы нізкааплатным катэгорыям у бюджэтнай сферы. Пасля адабрэння Кіраўніком дзяржавы яны пачнуць дзейнічаць. Што тычыцца ўзроўню намінальнай заработнай платы, ён адстае ад графіка выхаду да канца года на тысячу рублёў, канстатаваў віцэ-прэм’ер. За жнівень сярэдняя заработная плата склала 844 беларускіх рублёў.

Кажучы пра перспектывы росту заработнай платы ў рэальным сектары, А.М.Калінін падкрэсліў, што ён будзе забяспечвацца выключна за кошт росту прадукцыйнасці працы. Рашэнне гэтай задачы прадугледжвае захаванне набраных тэмпаў у сельскай гаспадарцы, максімальнае выкарыстанне запланаваных рэсурсаў дырэктыўнага крэдытавання і лімітаў крэдытавання ў межах дзяржаўных праграм, засваенне новых экспартных рынкаў, выкарыстанне патэнцыялу гандлёвых сетак і айчынных вытворцаў.

Больш падрабязна ў сваім дакладзе Намеснік Прэм’ер-міністра спыніўся на пытаннях работы курыруемых ім галін эканомікі. У прыватнасці, ён адзначыў выкананне транспартнай галіной усіх асноўных паказчыкаў і дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванню насельніцтва. Уклад транспартнага комплексу ў ВУП складае каля 6 працэнтаў. Комплекс з’яўляецца адной з асноўных крыніц паступлення валюты (да 46 працэнтаў).

Віцэ-прэм’ер праінфармаваў парламентарыяў, што самую пільную ўвагу сёння ў галіне надаецца рэалізацыі інфраструктурных праектаў. У верасні Урадам зацверджана Дзяржаўная праграма па ўтрыманні, рамонце і развіцці аўтамабільных дарог агульнага карыстання на 2017 — 2020 гады. Праграма прадугледжвае рэканструкцыю і ўзвядзенне 410 км рэспубліканскіх аўтамабільных дарог. Плануецца ажыццявіць бягучы рамонт 4 тыс. км рэспубліканскіх аўтамабільных дарог і капітальны рамонт 200 км дарог. На працягу бліжэйшых трох гадоў у належны стан будуць прыведзены 7 тыс. км мясцовых аўтамабільных дарог. Для ўтрымання і рамонту мясцовых дарог дарожныя прадпрыемствы даручана забяспечыць сучаснай тэхнікай.

А.М.Калінін таксама расказаў аб рабоце па развіцці транспартных узаемаадносін з Еўрапейскім саюзам і сумеснай мадэрнізацыі трансгранічных інфраструктурных праектаў. У цяперашні час вядуцца перагаворы па прыцягненню крэдыту Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця для рэалізацыі праекта па рэканструкцыі ўчастка дарогі М-7 (Мінск — Ашмяны). Дасягнута дамоўленасць з ЕБРР аб фінансавым забеспячэнні рэканструкцыі ўчастка дарогі Р-80 у раёне Кургана Славы, што дазволіць у 2018 годзе поўнасцю завяршыць будаўніцтва другога кальца вакол Мінска. У рамках ўкаранення ў практыку механізму дзяржаўна-прыватнага партнёрства сумесна з ЕБРР рэалізуецца праект па рэканструкцыі ўчастка аўтамабільнай дарогі М-10.

Гаворачы аб пазітыўных тэндэнцыях у галіне, віцэ-прэм’ер таксама адзначыў сур’ёзны эфект ад укаранення сістэмы збірання платы за праезд па платных дарогах, развіццё прыдарожнага сэрвісу, нарошчванне экспарту будаўнічых паслуг.

Характарызуючы работу чыгуначнага транспарту, А.М.Калінін паведаміў, што яго доля ў грузазвароце краіны складае 63 працэнта. Прыярытэтам у сферы грузаперавозак з’яўляецца развіццё кантэйнерных перавозак. У гэтых мэтах сумесна з расійскімі і казахстанскімі чыгуначнікамі створана аб’яднаная транспартна-лагістычная кампанія. Вырашэнню гэтай задачы будзе таксама спрыяць падпісанае Пагаднення аб супрацоўніцтве чыгунак Беларусі, Германіі, Польшчы, Расіі, Казахстана, Манголіі і Кітая. Віцэ-прэм’ер расказаў, што ў пасажырскіх перавозках асноўны ўпор робіцца на павелічэнні парку і камфартабельнасці цягнікоў гарадскіх ліній, забеспячэнні доступу ў інтэрнэт на ўсіх чыгуначных вакзалах краіны і Нацыянальным аэрапорце, электрыфікацыі чыгунак.

Аўтамабільны транспарт, па словах Намесніка Прэм’ер-міністра, фарміруе 36 працэнтаў грузаабароту краіны. І галоўнай задачай у гэтай сферы з’яўляецца нарошчванне міжнародных аўтамабільных перавозак, эксплуатацыя транспартных калідораў, развіццё лагістычнай сістэмы. З улікам таго, што ў цяперашні час аўтатранспарт дзяржаўных прадпрыемстваў, у тым ліку буйных заводаў, загружаны менш чым на палову, Урад прапануе правесці эксперымент па выкарыстанні транспарту на ўмовах аўтсорсінгу.

Вялікае значэнне для развіцця аўтамабільных перавозак мае работа па зняцці бар’ераў і удасканаленні ўмоў работы суб’ектаў транспартнай дзейнасці ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Стрымліваючыяь фактары ў гэтым пытанні звязаны з практыкай нетарыфнага рэгулявання міжнародных аўтаперавозак іншымі дзяржавамі.

Асаблівае значэнне ў сацыяльна-эканамічным развіцці ўсіх рэгіёнаў рэспублікі мае гарадскі і прыгарадны грамадскі транспарт, адзначыў А.М.Калінін. Крытэрыі, па якіх ацэньваецца работа грамадскага транспарту, — камфорт, бяспека, аператыўнасць і стан рухомага састава. У гэтых мэтах укараняецца новы від грамадскага транспарту — электробусы, абнаўляецца парк гарадскіх аўтобусаў і аўтобусаў турыстычнага класа. Вырашэнню гэтай задачы будзе садзейнічаць і рэалізацыя праекта па стварэнні інтэлектуальнай транспартнай сістэмы ў сталіцы.

У цяперашні час вядзецца будаўніцтва трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна, выканана больш за 30 працэнтаў будаўніча-мантажных работ. На гэтай лініі будзе задзейнічаны сучасны рухомы састаў вытворчасці «Штадлер Мінск».

Падводзячы вынік намаганням па ўдасканаленні сістэмы перавозак, віцэ-прэм’ер адзначыў уклад парламентарыяў у карэкціроўку заканадаўства аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках.

Намеснік Прэм’ер-міністра паведаміў, што ў бягучым годзе захавана станоўчая дынаміка развіцця авіяцыйных прадпрыемстваў. Колькасць перавезеных пасажыраў павялічылася на 20 — 25 працэнтаў да ўзроўня мінулага года. У 2016 годзе адкрыты шэраг новых прамых авіяцыйных рэйсаў. З усіх рэгіянальных аэрапортаў сталі ажыццяўляцца чартарныя рэйсы. Рэгулярныя рэйсы выконваюцца з Віцебска ў Калінінград.

У мэтах замацавання гэтай тэндэнцыі рэалізуюцца мерапрыемствы па абнаўленню і павелічэнню авіяцыйнага парку, у Нацыянальным аэрапорце «Мінск» вядзецца будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы, завяршаецца перанос новага авіярамонтнага завода, плануецца будаўніцтва дадатковага пасажырскага тэрмінала.

Кажучы аб галіне сувязі, А.М.Калінін адзначыў, што Беларусь займае 31 пазіцыю ў свеце па індэксе развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, якi вызначаецца Міжнародным саюзам электрасувязі (сярод краін СНД — першае месца). Паспяхова працуе Парк высокіх тэхналогій. Мяркуецца, што ў 2017 годзе аб’ём вытворчасці камп’ютэрных праграм перавысіць 1 млрд. долараў ЗША. У мэтах павышэння эфектыўнасці гэтай дзейнасці на разгляд Кiраўнiка дзяржавы накіравана новая рэдакцыя праекта Дэкрэта «Аб Парку высокіх тэхналогій», у якой спрашчаюцца правілы вядзення бізнесу, пашыраецца пералік відаў дзейнасці рэзідэнтаў, ствараюцца больш прывабныя ўмовы работы для інвестараў і інш.

Характарызуючы сферу электрасувязі, Намеснік Прэм’ер-міністра паведаміў, што да канца 2018 года сотавай сувяззю стандарту LTE плануецца забяспечыць усе населеныя пункты краіны з колькасцю насельніцтва ад 50 тысяч чалавек. У бягучай пяцігодцы плануецца забяспечыць спажыўцоў паслугамі шырокапалоснага доступу на хуткасці да 100 Мбіт/с. Стандартам для новых дамоў і кватэр стане сістэма «Разумны дом».

Паспяхова развіваецца і сфера інфарматызацыі. Для размяшчэння дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў і аказання паслуг з выкарыстаннем воблачных сэрвісаў пабудаваны сучасныя цэнтры апрацоўкі даных. Створана сістэма электроннага дакументаабароту дзяржорганаў. Працягваецца рэалізацыя праектаў электроннай школы, электроннага рэцэпту, сістэмы маніторынгу таварна-транспартных патокаў.

Інфармуючы аб сітуацыі ў будаўнічай галіны, А.М.Калінін адзначыў зніжэнне інвестыцыйнай актыўнасці бізнесу і скарачэнне фінансавання дзяржаўных праграм. Разам з тым пераход ад бюджэтнага фінансавання будаўніцтва да рыначных механізмаў рэгулявання прывёў да росту колькасці прыватных і замежных будаўнічых арганізацый, дзякуючы чаму ў 2017 годзе ў рэйтынгу Doing Business, які штогод праводзіцца Сусветным банкам, Рэспубліка Беларусь заняла 37-е месца сярод 190 краін свету. У вобласці «атрымання дазволаў на будаўніцтва» краіна перамясцілася на 28-е месца.

У цяперашні час Урад засяродзіў асноўную ўвагу на выпрацоўцы эфектыўных мер па скарачэнні і спрашчэнні адміністрацыйных працэдур, норм і патрабаванняў у будаўніцтве. Працягваецца работа па прывядзенню дзеючай нарматыўнай базы ў адпаведнасць з еўрапейскімі стандартамі.

Прыцягненне інвестыцый, нарошчванне экспарту, скарачэнне выдаткаў і павышэнне выканаўчай дысцыпліны — гэта пункты росту, якія дазволяць будаўнічаму комплексу выйсці на стабільную работу і створаць неабходныя ўмовы для выхаду на пазітыўную дынаміку, перакананы віцэ-прэм’ер. У гэтых мэтах Урад праводзіць актыўную работу па павелічэнні экспарту будаўнічых, інжынерных і архітэктурных паслуг.

Работа па мадэрнізацыі прадпрыемстваў прамысловасці будматэрыялаў і тая ўвага, што надаецца зніжэнню затрат на вытворчасць, дазваляюць арганізацыям стабілізаваць сваё фінансавае становішча і паспяхова канкурыраваць на знешніх рынках. Сёння каля 40 працэнтаў ад усяго аб’ёму будаўнічых матэрыялаў пастаўляецца на экспарт, шкла і керамічнай пліткі — звыш 80 працэнтаў. Павышэнню канкурэнтаздольнасці айчынных прадпрыемстваў будзе садзейнічаць стварэнне холдынгу, які аб’яднае вытворцаў розных будаўнічых матэрыялаў.

Намеснік Прэм’ер-міністра паведаміў, што у 2018 годзе плануецца ўвесці 3,5 млн. кв.м жылля, у тым ліку з дзяржаўнай падтрымкай 700 тыс. кв.м. Забудоўшчыкам пастаўлена задача пры будаўніцтве новых мікрараёнаў фармаваць жылую сераду. На бягучы год праграма жыллёвага будаўніцтва, па словах віцэ-прэм’ера, у цэлым выконваецца. На 1 кастрычніка ўведзена ў эксплуатацыю амаль 2,9 млн. кв.м агульнай плошчы жылля, у тым ліку з дзяржаўнай падтрымкай — 400 тыс. кв.м. За 2017 год чакаецца ўвод 50 тыс. кватэр, з дзяржпадтрымкай — 8 тыс. кватэр, з іх 4 360 кватэр — для шматдзетных сем’яў.

Як адзначыў А.М.Калінін, Прэзідэнтам краіны падтрымана ініцыятыва Урада аб укараненні новага механізму крэдытавання жылля за кошт рэсурсаў шырокага круга камерцыйных банкаў, пад камерцыйны крэдыт (у межах 14 — 15 працэнтаў). Прадугледжаная адрасная дзяржаўная падтрымка ў выглядзе субсідый на пагашэнне часткі працэнтаў асноўнага доўгу па крэдыту. У бягучым годзе для крэдытавання жылля на ўмовах Указа Кiраўнiка дзяржавы № 240 выдзелена 209 млн. рублёў. Разам з тым іх выкарыстанне на месцах ідзе недастатковымі тэмпамі. За паўтара месяца асвоілі толькі 5 працэнтаў ад плана. Асноўная прычына — неразваротлівасць выканкамаў, адсутнасць неабходнай растлумачальнай работы з грамадзянамі, канстатаваў віцэ-прэм’ер. У сувязі з гэтым ён прызнаўся, што разлічвае на дапамогу дэпутацкага корпуса.

Асобна віцэ-прэм’ер спыніўся на пытаннях будаўніцтва аб’ектаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Паводле яго слоў, ва ўмовах абмежаванасці бюджэтных выдаткаў і неабходнасці стварэння інфраструктуры АЭС працягваецца будаўніцтва і рэканструкцыя 102 важных і сацыяльна значных аб’ектаў, з якіх 34 плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў бягучым годзе. Разам з тым абмежаваныя фінансавыя рэсурсы не дазволілі працягнуць будаўніцтва 94 прыпыненых аб’ектаў праграмы. У наступным годзе асноўныя сродкі будуць сканцэнтраваны на такіх важнейшых накірунках, як інфраструктура для АЭС, дарожная гаспадарка, праграма меліярацыі, аб’екты да 1000-годдзя г. Брэста, сацыяльныя аб’екты, аб’екты з высокай будаўнічай гатоўнасцю.

Галоўным прыярытэтам для мясцовых органаў улады ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, падкрэсліў Намеснік Прэм’ер-міністра, з’яўляецца эфектыўнае кіраванне камунальнай інфраструктурай. У гэтых мэтах у першую чаргу неабходна вырашыць пытанні якасці спажываемай вады. Прапануецца сфарміраваць і зацвердзіць Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь асобную Дзяржаўную праграму па водазабеспячэнню і водаадвядзенню «Чыстая вада». Неабходна пабудаваць больш за 500 станцый абезжалезвання. Урадам прапрацавана пытанне прыцягнення на гэтыя мэты сродкаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (да 100 млн. еўра).

Другой найважнейшай задачай з’яўляецца рамонт і мадэрнізацыя жыллёвага фонду. Аб’ём рамантуемага жылля павінен штогод складаць не менш за 3,6 млн. кв.м. Адначасова з правядзеннем капітальнага рамонту неабходна праводзіць цеплавую мадэрнізацыю жылых дамоў.

Яшчэ адна задача — замена ліфтаў, паколькі трэцяя частка эксплуатаваных ліфтаў выпрацавала свой тэрмін. Да 2020 года ўвесь ліфтавай фонд неабходна прывесці ў належны тэхнічны стан.

На першы план выходзяць таксама пытанні экалогіі і абыходжання з камунальнымі адходамі. Значная колькасць ачышчальных збудаванняў пабудаваны больш за 30 гадоў таму, і 39 такіх аб’ектаў патрабуюць рэканструкцыі. З улікам выкарыстання механізмаў кампенсацыі, збор і перапрацоўка камунальных адходаў сталі рэнтабельнымі і прыносяць даход. Узровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў неабходна павялічыць да 2025 года ў 2 разы і нарасціць яго да 50 працэнтаў да 2035 года.

Акрамя якасці жыллёва-камунальных паслуг, актуальным застаецца пытанне іх кошту. З 2016 года перайшлі ад выдатковага метаду фарміравання кошту жыллёва-камунальных паслуг да планава-разліковых цэн. Усе асноўныя складнікі кошту паслуг нарміраваны. Устаноўлены адзіныя для ўсіх арганізацый нормы накладных выдаткаў. Выключаны ўплыў звышнарматыўных страт на сабекошт паслуг. Створаны эканамічны механізм стымулявання зніжэння выдаткаў.

Забяспечана дзяржаўная падтрымка сацыяльна слабых катэгорый грамадзян пры аплаце жыллёва-камунальных паслуг. Аднак тэма кампенсацыі пры аплаце ЖКП праз сістэму безнаяўных жыллёвых субсідый досыць шматгранная, мяркуе А.М.Калінін. Запатрабаванасць як заяўнага, так і выяўнага прынцыпу, па якіх налічваюцца субсідыі, вельмі нізкая, канстатаваў ён і заклікаў дэпутатаў прыняць актыўны ўдзел у разглядзе прапаноў Урада, накіраваных на прыцягненне большай колькасці грамадзян у гэтую сістэму.

Пасля выступлення Намеснік Прэм’ер-міністра адказаў на пытанні парламентарыяў.

Дэпутат Шаўцоў Д.Я. звярнуў увагу Намесніка Прэм’ер-міністра на неабходнасць ўключэння ў пералік работ, якія праводзяцца пры капітальных рамонтах жылых дамоў, цеплавой мадэрнізацыі.

Дэпутат Сайганова Т.І. спытала А.М.Калініна, ці разглядаецца ва Урадзе магчымасць замацавання права ўладальнікаў зносімых дамоў на атрыманне новага жылля па месцы іх пражывання.

Дэпутат Рыбак А.А. закрануў праблему адсутнасці механізму канфіскацыі зямельных участкаў, на якіх размяшчаюцца незавершаныя будаўніцтвам жылыя будынкі, а таксама папрасіў удакладніць, ці маецца ва Урадзе парадак кантролю вырашэння пытанняў, якія падымаюць дэпутаты на падставе зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб.

Дэпутат Жыбуль Н.П. папрасіла Намесніка Прэм’ер-міністра патлумачыць, ці плануецца ўвядзенне аднолькавых тарыфаў за выкарыстанне аўтаматычнай інфармацыйнай сістэмы пры аплаце камунальных плацяжоў па-за залежнасці ад таго, дзе размешчана жылое памяшканне і на балансе якой арганізацыі яно знаходзіцца.

Дэпутат Макарына-Кібак Л.Э. выказала заклапочанасць у сувязі з частымі выпадкамі гібелі людзей у дарожна-транспартных здарэннях у выніку выхаду на дарогу дзікіх жывёл. У сувязі з гэтым яна пацікавілася, ці прадугледжваецца пры будаўніцтве дарог ўстанаўленне спецыяльных пераходаў у месцах міграцыі жывёл.

Дэпутат Юніцын А.Ю. завастрыў праблему забеспячэння якаснага ўтрымання дарог мясцовага значэння праз недахоп спецыяльнай тэхнікі і яе значным зносам і пацікавіўся, ці вядзецца падрыхтоўка адпаведнага нарматыўнага акту, накіраванага на паляпшэнне сітуацыі, што склалася ў гэтай сферы.

Звяртаючыся да Намесніка Прэм’ер-міністра, дэпутат Дарагакупец Ю.І. звярнуў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на неабходнасць пашырэння пераліку катэгорый грамадзян, якія маюць права на атрыманне адрасных субсідый ў жыллёвым будаўніцтве.

Дэпутат Ніжэвіч Л.І. пацікавілася меркаваннем А.М.Калініна адносна мэтазгоднасці перадачы функцыі ўтрымання вуліц малых населеных пунктаў, якія сёння нярэдка выконваюць мясцовыя жыллёва-камунальныя службы, у веданне спецыялізаваных дарожна-рамонтных будаўнічых арганізацый.

Далей на пытанні парламентарыяў адказвалі члены Урада.

Дэпутат Канопацкая А.А. спытала ў першага намесніка Міністэрства энергетыкі Каранкевіча В.М. пра прычыны росту коштаў на цеплавую і электрычную энергію для насельніцтва.

Дэпутат Міраш В.В. падняў пытанне аб мэтазгоднасці абавязковай замены газавых пліт, якія маюць тэрмін эксплуатацыі 20 гадоў.

Дэпутат Цацоха А.У. папрасіў намесніка Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Трубілу Г.А. удакладніць тэрміны ўключэння цеплавой мадэрнізацыі ў пералік работ, якія праводзяцца пры капітальных рамонтах жылых дамоў.

Дэпутат Анісім А.М. пацікавілася ў Міністра інфармацыі Карлюкевіча А.М. аб магчымасці стварэння на тэлебачанні цалкам беларускамоўнага тэлеканала.

Дэпутат Цацоха А.У. спытаў у Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Зайца Л.К., хто ўваходзіць у міжведамасную рабочую групу, якая вядзе распрацоўку правіл для аматарскага рыбалоўства і прапанаваў уключыць у яе склад прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса.

Вялікая колькасць пытанняў парламентарыі адрасавалі Старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Гаеву А.А.

Дэпутат Гайдукевіч В.У. звярнуў увагу на тое, што зямельныя ўчасткі таварыскіх супольнасцяў, размешчаныя ў гарадской мяжы, пры іншых роўных характарыстыках каштуюць значна даражэй участкаў, размешчаных за горадам. У сувязі з гэтым ён папрасіў Старшыню Дзяржаўнага камітэта выказаць сваю пазіцыю аб мэтазгоднасці зніжэння пачатковай цаны на такія ўчасткі пры правядзенні аўкцыёнаў.

Дэпутат Старавойтаў А.Г. спытаў у А.А.Гаева, ці можна спрасціць механізм зніжэння стартавай цаны на аб’екты нерухомасці, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, пры правядзенні аўкцыёнаў.

Дэпутат Хішчанка А.П. прапанаваў скараціць тэрмін пошуку спадчыннікаў закінутых зямельных участкаў.

Дэпутат Анісім А.М. папрасіла А.А.Гаева праінфармаваць, ці існуе магчымасць замацавання права перадачы ў субарэнду аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці, набытых за адну базавую велічыню, пры ўмове захавання іх мэтавага выкарыстання.

Дэпутат Кананчук Т.П. звярнула ўвагу на тое, што сёння нярэдка цяжка вызначыць уласніка некаторых старых або пустуючых аб’ектаў нерухомасці. У сувязі з гэтым яна выказала меркаванне аб мэтазгоднасці правядзення маштабнай інвентарызацыі падобных аб’ектаў, што дазволіць пазбегнуць канфліктаў пры вызначэнні права ўласнасці на нерухомую маёмасць.

Дэпутат Сопікава А.М. папрасіла намесніка Міністра Фінансаў Кійко Д.М. патлумачыць, чым абумоўлена павышэнне памераў страхавых узносаў за аўтатранспарт з гібрыдным рухавіком.

Усяго ў ходзе пасяджэння парламентарыі задалі членам Урада 24 пытанні; 49 пытанняў было зададзена ў пісьмовай форме.

 

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць