Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


28.06.2019

28 чэрвеня 2019 года адбылося сумеснае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у ходзе якога члены Урада адказалі на пытанні парламентарыяў.

Перад парламентарыямі выступіў намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ляшэнка І.В. з дакладам на тэму «Аб выніках, мэтах і задачах у галіне прамысловай вытворчасці і энергетыкі».

Віцэ-прэм’ер праінфармаваў, што рост прамысловай вытворчасці за чатыры гады пяцігодкі складзе 116,5 працэнта. Гэта на 1,5 працэнтных пункта вышэй за верхнюю мяжу прагнозу, прадугледжанага праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016 — 2020 гг. Пры гэтым паказчыкі дынамікі ў айчынным прамысловым сектары вышэй, чым у нашых стратэгічных партнёраў па ЕАЭС — Расіі і Казахстана, падкрэсліў І.В.Ляшэнка.

За пяць месяцаў рост прамысловай вытворчасці склаў 100,3 працэнта. Аднак да канца 2019 года ўклад прамысловага комплексу ў прырост ВУП павінен скласці да 1 працэнтнага пункта.

Намеснік Прэм’ер-міністра таксама адзначыў, што ў галіновым плане прамысловасць развівалася нераўнамерна. Станоўчая дынаміка была забяспечана перш за ўсё ў тых сферах, дзе былі рэалізаваны значныя інвестыцыйныя праекты.

Рост вытворчасці транспартных сродкаў склаў 110,3 працэнта. Дрэваапрацоўка забяспечыла 107,9 працэнтаў росту. Сёння галіна цалкам арыентавана на экспарт, падкрэсліў І.В.Ляшэнка. Ён растлумачыў, што сальда яе прадукцыі складае 255,1 млн. долараў, а ступень перапрацоўкі лесу дасягнула 92 працэнта.

У вытворчасці электраабсталявання забяспечаны рост 107,8 працэнта ў асноўным за кошт павелічэння вытворчасці халадзільнікаў, маразільнікаў і пральных машын.

Металургічная вытворчасць прадэманстравала рост у 104,6 працэнта. Тут адзначаецца павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці гатовага пракату і металакорду. Гэтыя паказчыкі шмат у чым забяспечаны за кошт асваення ў ААТ «БМЗ» новай імпартазамяшчальнай прадукцыі.

Гаворачы аб рабоце лёгкай прамысловасці і машынабудавання, віцэ-прэм’ер адзначыў тэндэнцыю да зніжэння вытворчасці і продажаў.

Тым не менш, падкрэсліў намеснік Прэм’ер-міністра, чысты прыбытак комплексу за студзень — красавік 2019 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2018 года павялічана ў 3,1 разы. Гэты вынік дасягнуты за кошт паляпшэння аперацыйнай дзейнасці прадпрыемстваў і зніжэння пазыковай нагрузкі.

Рэнтабельнасць продаж у прамысловасці за студзень — красавік 2019 года склала 8,4 працэнта. Аднак рост якасных параметраў стрымлівае наяўнасць досыць высокай крэдытнай нагрузкі ў асобных прамысловых арганізацыях, паведаміў І.В.Ляшэнка. Аб’ём сродкаў, што накіроўваюцца на пагашэнне крэдытаў і пазык арганізацыямі рэспублікі, у агульным аб’ёме выручкі складае ў сярэднім 27,1 працэнта.

Для зніжэння крэдытнай нагрузкі айчынных вытворцаў Урадам і Нацыянальным банкам прымаюцца меры па зніжэнні працэнтных ставак. Сёння пры стаўцы рэфінансавання 10 працэнтаў камерцыйныя стаўкі ў банках па новых крэдытах складаюць 11,2 працэнта.

Сярод негатыўных трэндаў у сферах прамысловай вытворчасці і энергетыкі віцэ-прэм’ер вылучыў зніжэнне экспарту. Па выніках студзеня — красавіка 2019 года страты тут склалі 302,5 млн. долараў, або 97,2 працэнта да аналагічнага ўзроўню 2018 года.

Найбольшае зніжэнне адзначана па пастаўках нафтапрадуктаў (421,9 млн. долараў). Асноўная прычына — скарачэнне фізічных аб’ёмаў экспарту нафтапрадуктаў на 17,3 працэнтаў.

Для ўстойлівага і стабільнага забеспячэння валютаакупаемасці прамысловага комплексу неабходна экспартаваць не менш за 65 працэнтаў выпускаемай прадукцыі. Аднак на сённяшні дзень гэты паказчык складае 59,8 працэнта.

Асноўная балявая кропка беларускага экспарту — значная таварная і краінавая канцэнтрацыя. Амаль дзве траціны экспарту залежаць ад пяці краін (Расія, Украіна, Вялікабрытанія, Польшча, Германія), а без уліку сыравінных тавараў амаль на 60 працэнтаў Беларусь залежыць ад Расіі. У сувязі з гэтым, па словах намесніка Прэм’ер-міністра, Урадам і галіновымі міністэрствамі праводзіцца актыўная работа па стварэнню роўных умоў на рынку Саюзнай дзяржавы.

У прыватнасці, у верасні 2018 года на ўзроўні міністраў Мінпрама Беларусі і Мінпрамгандлю Расіі падпісаныя «Узгодненыя прапановы аб механізмах фарміравання роўных умоў канкурэнцыі на расійскім і беларускім рынках». Дакумент прадугледжвае непрымяненне абмежавальных мер па допуску да дзяржаўных (муніцыпальных) закупак традыцыйна выпускаемай сістэмаўтваральнымі прадпрыемствамі прадукцыі і забеспячэнне «люстранога» допуску да праграм ільготнага фінансавання.

Яшчэ адна трывожная тэндэнцыя — выцясненне з расейскага рынку беларускіх інвестыцыйных тавараў, машын і абсталявання, што вылучае на першы план задачу дыферэнцыяцыі рынкаў збыту. У гэтых мэтах Урадам прыняты шэраг рашэнняў па аптымізацыі сістэмы стымулявання продажаў айчынных вытворцаў.

Гаворачы пра бліжэйшыя перспектывы развіцця прамысловага комплексу, І.В.Ляшэнка паведаміў, што бягучы год у прамысловасці павінен быць завершаны на ўзроўні 104,3 працэнта. Гэта плануецца забяспечыць за кошт рэалізацыі трох інвестыцыйных праектаў у дрэваапрацоўцы і цэлюлозна-папяровай галіне, правядзення трэцяга этапу мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната, завяршэння мадэрнізацыі ААТ «Мазырскі НПЗ» і ААТ «Нафтан», рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве новага азотнага комплексу ў ААТ «Гродна Азот».

Інфармуючы аб рабоце па мінімізацыі рызык, звязаных з дзейнасцю нафтаперапрацоўчай галіны, віцэ-прэм’ер расказаў парламентарыям, што ў цяперашні час распрацавана і ўзгоднена дарожная карта па замяшчэнні на тэрыторыі Беларусі няякаснай нафты. Гэтыя мерапрыемствы павінны да сярэдзіны жніўня 2019 года забяспечыць поўнае выцясненне няякаснай нафты з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.

Каментуючы наступствы падатковага манеўру, намеснік Прэм’ер-міністра падкрэсліў, што беларускія НПЗ рыхтуюцца да работы ва ўмовах сусветнай цаны на нафту з 2024 года. Пры гэтым ён адзначыў, што ўзровень коштаў на нафтапрадукты на ўнутраным рынку таксама будзе расці. У сувязі з гэтым важна, каб рост коштаў адбываўся паступова з улікам усіх фактараў, што ўплываюць на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны.

Ва ўмовах чарговага этапу падатковага манеўру з улікам высокай валацільнасць нафтавага рынку аб’ём перапрацоўкі нафты на беларускіх НПЗ стане велічынёй, якая будзе вызначацца зыходзячы з дасягнення максімальнага эканамічнага эфекту для рэспублікі.

У цэлым жа, па словах І.В.Ляшэнка, паліўна-энергетычны комплекс развіваецца дынамічна і забяспечвае бесперабойнае забеспячэнне энергарэсурсамі спажыўцоў краіны.

Мадэрнізацыя асноўных вытворчых фондаў і ўкараненне новых высокаэфектыўных генерыруючых магутнасцей далі магчымасць забяспечыць значную эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў, адмовіцца ад імпарту і нарасціць аб’ёмы экспарту электраэнергіі, знізіць тарыфы на яе для прамысловых спажыўцоў.

Толькі за мінулы год пабудавана і рэканструявана больш за 2,3 тыс. км ліній электраперадач, больш за 120 км цепласетак, уведзена ў эксплуатацыю больш за 1,5 тыс. км газаправодаў розных катэгорый.

Далей намеснік Прэм’ер-міністра расказаў аб ходзе будаўніцтва атамнай электрастанцыі і мерах, якія прымаюцца Урадам па яе інтэграцыі ў энергасістэму і эканоміку краіны, уключаючы стымуляванне развіцця электратранспарту, будаўніцтва жылля і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры з выкарыстаннем электраэнергіі для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння.

У заключэнне свайго дакладу І.В.Ляшэнка канстатаваў наяўнасць у краіне ўсіх неабходных перадумоў для ўстойлівага развіцця прамысловага і энергетычнага комплексаў і дасягнення прагнозных паказчыкаў 2019 года і пяцігоддзя ў цэлым.

Па завяршэнні дакладу намеснік Прэм’ер-міністра адказаў на пытанні парламентарыяў.

Дэпутат Канапацкая А.А. папрасіла І.В.Ляшэнка патлумачыць, ці адказвае рост заробкаў у прамысловасці тэмпам павышэння прадукцыйнасці працы, у чым складаецца фінансавы эфект ад прыбытку, атрыманага прадпрыемствамі і арганізацыямі прамысловага комплексу, а таксама пералічыць перспектыўныя крыніцы росту ВУП Беларусі.

Дэпутат Ніжэвіч Л.І. спытала віцэ-прэм’ера аб тым, як, на яго думку, у сувязі з уводам у эксплуатацыю АЭС зменяцца для спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг цэны на газ і электрычнасць, і на якіх умовах будзе ажыццяўляцца перавод жылых дамоў на электрычнае ацяпленне.

Дэпутат Гайдукевіч В.У. пацікавіўся, ці праводзіцца работа па забеспячэнню кампенсацыі расійскімі пастаўшчыкамі шкоды, нанесенай Беларусі ў выніку паставак няякаснай нафты.

Дэпутат Шаўцоў Д.Я. спытаў намесніка Прэм’ер-міністра, ці разглядаецца ва Урадзе перспектыва прадастаўлення садаводчым таварыствам магчымасці платы за ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне па зніжаных тарыфах.

Далей на пытанні парламентарыяў адказвалі члены Урада.

Звяртаючыся да намесніка старшыні канцэрна «Белнафтахім» Бунакова А.Н., дэпутат Дзевятоўскі В.А. папрасіў яго расказаць пра тое, як складваецца сітуацыя па прасоўванні прадукцыі айчыннай нафтаперапрацоўчай прамысловасці на ўкраінскім рынку.

Дэпутат Паліціка В.С. спытала ў старшыні канцэрна «Беллегпрам» Лугіной Т.А. аб тым, наколькі эфектыўна ў цяперашні час рэалізуецца праграма імпартазамяшчэння прадпрыемствамі скураной вытворчасці.

Дэпутат Канапацкая А.А. пацікавілася ў Т.А.Лугіной умовамі здзелкі па продажы долі дзяржавы ў статутным фондзе ААТ «Купалінка».

Усяго ў ходзе пасяджэння парламентарыі задалі членам Урада 13 пытанняў.


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць