08.02.2017

8 лютага 2017 года ў Палаце прадстаўнікоў адбыўся круглы стол на тэму «Выкарыстанне прыроднага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь у кантэксце развіцця ўзнаўляльнай энергетыкі», ініцыіраваны Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы і Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі.

Акрамя членаў названых пастаянных камісій у мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пірштук Б.К., намеснік Міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь Закрэўскі В.А., намеснік Старшыні дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь — дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Малашэнка М.П., прадстаўнікі Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, Асацыяцыі «Узнаўляльная энергетыка», а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія маюць цікавасць да вызначанай тэматыкі.


Адкрываючы пасяджэнне круглага стала, старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Рыбак А.А. падкрэсліў важнасць энергетычнай галіны для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Ён адзначыў, што сітуацыя з энергазабеспячэннем у свеце ў апошнія гады істотна мяняецца. Так, на змену традыцыйным вуглевадародным крыніцам прыходзяць узнаўляльныя крыніцы энергіі (УКЭ), што звязана з іх экалагічнай чысцінёй, параўнальна невысокім коштам эксплуатацыі і прадбачаным паліўным дэфіцытам у традыцыйнай энергетыцы. Доля электраэнергіі, вырабленай у Рэспубліцы Беларусь з дапамогай УКЭ, расце, але ўсё ж застаецца на даволі нізкім узроўні не толькі ў параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы, але і з краінамі-суседзямі.

А.А.Рыбак таксама звярнуў увагу прысутных, што прыняцце ў 2010 годзе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб узнаўляльных крыніцах энергіі» паслужыла добрым стымулам для нарошчвання інвестыцый, у тым ліку замежных, у стварэнне ўстановак па выкарыстанні УКЭ. Але потым тэмпы інвестыцый знізіліся ў сувязі са змяненнямі ў заканадаўчай базе, якая рэгулюе адносіны ў гэтай галіне, у прыватнасці з увядзеннем квот на стварэнне ўстановак па выкарыстанні УКЭў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2015 г. № 209.

Менавіта таму адной з мэт правядзення круглага стала была адзначана неабходнасць вызначэння напрамкаў далейшага развіцця ўзнаўляльнай энергетыкі ў нашай краіне.

Намеснік Міністра энергетыкі Закрэўскі В.А. выступіў з дакладам аб цяперашнім стане энергетычнай галіны Рэспублікі Беларусь і планах яе развіцця, у тым ліку ў разрэзе доляў розных відаў паліва ў агульным энергабалансе. Ён падкрэсліў, што сёння развіццё электраэнергетыкі Беларусі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Комплексным планам развіцця электраэнергетычнай сферы да 2025 года з улікам уводу Беларускай атамнай станцыі. Па прагнозах да 2021 года агульная ўстаноўленая электрычная магутнасць беларускай энергасістэмы складзе каля 13300 МВТ.

Па словах В.А.Закрэўскага, раней па прагнозе да 2020 года электраспажыванне ў рэспубліцы ацэньвалася на ўзроўні 47 млрд. кВт/ч і, адпаведна,устаноўленая магутнасць Беларускай АЭС была выбрана з улікам гэтых даных. У снежні 2015 года Урадам была зацверджана новая Канцэпцыя энергетычнай бяспекі, у якой прагноз па электраспажыванні ў 2020 годзе быў перагледжаны, і ў цяперашні час ён ацэньваецца на ўзроўні 39,9 млрд. кВт/ч. Намеснік Міністра энергетыкі расказаў аб мерах,што прапануюцца Міністэрствам энергетыкі па ліквідацыі магчымага дысбалансу энергетычных магутнасцей.

У прыватнасці, Міністэрства энергетыкі выступае за значнае зніжэнне (увядзенне мараторыю) будаўніцтва блок-станцый, якія працуюць з выкарыстаннем узнаўляльных крыніц энергіі і прыроднага газу.

Каменціруючы пазіцыю Міністэрства энергетыкі, намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пірштук Б.К. настояў на разглядзе пытанняў у практычнай плоскасці, ацэньваючы доўгатэрміновы макраэканамічны эфект ад развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі з улікам сусветнага вопыту.

Акрамя таго, Б.К.Пірштук прапанаваў удзельнікам круглага стала звярнуць увагу на магчымасць выкарыстання зямель, што падвергліся радыеактыўнаму забруджванню і выведзены з гаспадарчага абароту, для ўстаноўкі блок-станцый, якія працуюць з выкарыстаннем УКЭ, у прыватнасці энергіі сонца.

Намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі — дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Малашэнка М.П. расказаў удзельнікам круглага стала пра неабходнасць выканання дамоўленасцей па зніжэнні выкідаў вуглякіслага газу ў адпаведнасці з Парыжскім пагадненнем (пагадненне ў рамках Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату, якое рэгулюе меры па зніжэнні вуглякіслага газу ў атмасферы з 2020 года). Рэспубліцы Беларусь разам са зніжэннем энергаёмістасці ВУП трэба нарошчваць выкарыстанне УКЭ. У сувязі з гэтым стаіць задача да 2020 года павялічыць долю УКЭў валавым спажыванні паліўна-энергетычных рэсурсаў да 6%, а долю мясцовых відаў паліва —да 16%.

Акрамя таго, М.П.Малашэнка акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што ў апошнія гады буйныя сусветныя інвестары пераразмяркоўваюць свае інвестыцыі з традыцыйнай энергетыкі даўзнаўляльнай, асобна вылучыўшы перспектывы развіцця тэхналогій накаплення і захоўвання электрычнай энергіі. У гэтым напрамку трэба рухацца і Рэспубліцы Беларусь.

Старшыня Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Кананчук Т.П. звярнула ўвагу ўдзельнікаў пасяджэння на тое, што вялікай перавагай у выкарыстанні УКЭ з’яўляецца іх высокая экалагічнасць, якая забяспечвае чысціню навакольнага асяроддзя. З экалагічнага пункту гледжання выкарыстанне УКЭ, безумоўна, лепш чым спальванне традыцыйных вуглевадародных рэсурсаў. Таксама Т.П.Кананчук адзначыла важнасць падрыхтоўкі кадраў для эксплуатацыі энергаўстановак, якія працуюць на УКЭ.

Начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Заўялаў С.У. праінфармаваў удзельнікаў круглага сталааб прыродным патэнцыяле Рэспублікі Беларусь у частцы магчымасці выкарыстання энергіі сонца, ветру і вады ў якасці крыніц энергіі. Таксама была агучана ацэнка Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя перспектыў рэалізацыі асобных праектаў па будаўніцтве ўстановак з выкарыстаннем УКЭ.

У сваім выступленні выканаўчы дырэктар Асацыяцыі «Узнаўляльная энергетыка» Нісцюк У.П. расказаў аб дзейнасці Асацыяцыі, аб некаторых рэалізаваных яе ўдзельнікамі праектах і, улічваючы вялікі практычны вопыт, прапанаваў Парламенту і Ураду залучаць Асацыяцыю і яе членаў да абмеркавання любых пытанняў, якія датычаць развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі ў нашай краіне.

Свой погляд на разглядваемыя праблемы выказалі iпрадстаўнікі навуковых колаў — дырэктар рэспубліканскага навукова-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут энергетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Брынь А.А., загадчык лабараторыі дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Ламан А.А., рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Шкляр А.Х. і іншыя.

Вельмі пазнавальным было і меркаванне замежнага спецыяліста Якобі Клауса, эксперта Асацыяцыі «Узнаўляльная энергетыка» ад Міністэрства эканомікі і энергетыкі ФРГ, які прапанаваў беларускаму боку садзейнічанне ва ўдасканальванні заканадаўчай базы з выкарыстаннем лепшых напрацовак Германіі.

Па ініцыятыве кіраўніцтва Асацыяцыі «Узнаўляльная энергетыка», суб’ектаў гаспадарання, якія маюць непасрэднае дачыненне да рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь інвестыцыйных праектаў у сферы УКЭ, удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі шэраг найбольш актуальных пытанняў развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі, а менавіта:

мэтазгоднасць унясення змяненняў у дзеючы Закон Рэспублікі Беларусь «Аб узнаўляльных крыніцах энергіі», у тым ліку ў частцы распаўсюджвання яго дзеяння на вытворчасць і выкарыстанне цеплавой энергіі;

правядзенне дакладнай дзяржаўнай тарыфнай палітыкі ў сферы УКЭ;

мэтазгоднасць захавання квот на будаўніцтва ўстановак, якія працуюць на УКЭ;

магчымасць прымянення інстытута прыватнага партнёрства пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў;

неабходнасць наладжвання ў Рэспубліцы Беларусь уласнай вытворчасці абсталявання, што выкарыстоўваецца ў сферы УКЭ;

эфектыўнасць выкарыстання ў рэспубліцы біягазавых установак (сваім практычным вопытам у гэтай сферы падзяліўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Міраш В.В.);

важнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў;

складанасці бізнесу пры атрыманні сертыфікатаў прадукцыі ўласнай вытворчасці ў дачыненні да энергіі, вырабленай з УКЭ;

стварэнне дэманстрацыйнага парка УКЭ;

забеспячэнне ўзгодненай энергетычнай палітыкі ў рамках ЕАЭС.

Закрываючы пасяджэнне круглага стала, А.А.Рыбак падкрэсліў важнае месца ўзнаўляльнай энергетыкі ў справе забеспячэння энергетычнай бяспекі краіны ў доўгатэрміновай перспектыве. Парламентарыі маюць намер і ў далейшым удзяляць самую пільную ўвагу гэтай тэматыцы і ва ўзаемадзеянні з усімі зацікаўленымі ўдзельнічаць у вызначэнні напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў названай сферы, у тым ліку пры ўдасканальванні нарматыўна-прававой базы.

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць