09.02.2017

8 лютага 2017 года ў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы адбылося чарговае пасяджэнне рабочай групы па падрыхтоўцы да разгляду ў другім чытанні праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб якасцi i бяспецы харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека».

У пасяджэнні, якое прайшло пад кіраўніцтвам намесніка старшыні камісіі Мілашэўскага В.С., прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Рассоха М.Ф., Старавойтаў А.Г., прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, а таксама работнікі сакратарыятаў Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Члены рабочай групы абмеркавалі папраўкі дэпутата Рассохі М.Ф. і прапановы Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, што паступілі па законапраекце.

У прыватнасці, былі разгледжаны пытанні, якія тычацца дэфініцыі тэрмінаў «распрацоўка харчовых прадуктаў» і «спецыялізаваныя харчовыя прадукты», удакладнення паўнамоцтваў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у частцы вызначэння парадку пацвярджэння юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі звестак аб спецыяльных уласцівасцях харчовай сыравiны i харчовых прадуктаў, раскрыцця інфармацыі, якая павінна змяшчацца ў суправаджальных дакументах, на ўпакоўцы, этыкетках або даводзiцца да ведама насельнiцтва iншым спосабам.

Работа па падрыхтоўцы законапраекта да разгляду ў другім чытанні будзе прадоўжана.

 

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць