Рус Бел Eng
Галоўная / Аб Палаце прадстаўнiкоў / Парадак стварэння Палаты прадстаўнікоў

Парадак стварэння Палаты прадстаўнікоў

Парадак стварэння Палаты прадстаўнікоў

Тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў

Кампетэнцыя Палаты прадстаўнікоў

 


Парадак стварэння Палаты прадстаўнікоў

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь складаецца са 110 дэпутатаў, якія выбіраюцца на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь выбары новага складу Палаты прадстаўнікоў назначаюцца не пазней як за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней як за 30 дзён да сканчэння паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў дзеючага склікання. Нечарговыя выбары Палаты прадстаўнікоў праводзяцца на працягу трох месяцаў з дня датэрміновага спынення яе паўнамоцтваў.

Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам Рэспублікі Беларусь. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў мае права быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 года.

Расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах выдзеленых на гэтыя мэты сродкаў. У выпадках, прадугледжаных законам, расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў могуць ажыццяўляцца за кошт сродкаў грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, грамадзян.

Першая пасля выбараў сесія Палаты прадстаўнікоў склікаецца Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў і пачынае сваю працу не пазней як праз 30 дзён пасля выбараў.

 Тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў

Тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў — чатыры гады. У той жа час Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь агаворвае магчымасць, умовы, а таксама парадак датэрміновага спынення паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў. Па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць датэрмінова спынены ў выпадках:

• адмовы Палатай прадстаўнікоў у даверы Ураду;

• выказвання вотуму недаверу Ураду;

• двухразовай адмовы ў дачы згоды на назначэнне Прэм’ер-міністра;

• спынення паўнамоцтваў Савета Рэспублікі.

Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць таксама датэрмінова спынены на падставе заключэння Канстытуцыйнага Суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Рашэнні па гэтых пытаннях прымае Прэзідэнт не пазней чым у двухмесячны тэрмін пасля афіцыйных кансультацый са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў.

Палата прадстаўнікоў не можа быць распушчана ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча, у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта, у перыяд вырашэння палатамi Парламента пытання аб датэрміновым вызваленні або зняцці Прэзідэнта з пасады. Не дапускаецца таксама роспуск Палаты прадстаўнікоў на працягу года з дня яе першага пасяджэння.

Кампетэнцыя Палаты прадстаўнікоў

Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Палата прадстаўнікоў:

1. разглядае па прапанове Прэзідэнта або па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, аб тлумачэнні Канстытуцыі;

2. разглядае праекты законаў, у тым ліку аб зацвярджэнні асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь; ваеннай дактрыны; аб ратыфікацыі і дэнансацыі міжнародных дагавораў; аб асноўным змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян; аб грамадзянстве, статусе іншаземцаў і асоб без грамадзянства; аб правах нацыянальных меншасцей; аб зацвярджэнні рэспубліканскага бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; устанаўленні рэспубліканскіх падаткаў і збораў; аб прынцыпах ажыццяўлення адносін уласнасці; аб асновах сацыяльнай абароны; аб прынцыпах рэгулявання працы і занятасці; аб шлюбе, сям’і, дзяцінстве, мацярынстве, бацькоўстве, выхаванні, адукацыі, культуры і ахове здароўя; аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; аб вызначэнні парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання дзяржавы; аб мясцовым самакіраванні; аб судаўладкаванні, судаводстве і статусе суддзяў; аб крымінальнай адказнасці; аб амністыі; аб абвяшчэнні вайны і заключэнні міру; аб прававым рэжыме ваеннага і надзвычайнага становішча; аб устанаўленні дзяржаўных узнагарод; аб тлумачэнні законаў;

3. назначае выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

4. дае згоду Прэзідэнту на назначэнне Прэм’ер-міністра;

5. заслухоўвае даклад Прэм’ер-міністра аб праграме дзейнасці Урада і адабрае або адхіляе праграму; паўторнае адхіленне палатай праграмы азначае выказванне вотуму недаверу Ураду;

6. разглядае па ініцыятыве Прэм’ер-міністра пытанне аб даверы Ураду;

7. па ініцыятыве не менш як адной трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў выказвае вотум недаверу Ураду; пытанне аб адказнасці Урада не можа быць пастаўлена на працягу года пасля адабрэння праграмы яго дзейнасці;

8. прымае адстаўку Прэзідэнта;

9. выстаўляе большасцю галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў абвінавачанне супраць Прэзідэнта ва ўчыненні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства; на падставе адпаведнага рашэння Савета Рэспублікі прымае большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу рашэнне аб зняцці Прэзідэнта з пасады;

10. адмяняе распараджэнні Старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Палата прадстаўнікоў можа прымаць рашэнні па іншых пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй.

220010, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Савецкая, 11

Аддзел па арганізацыі работы з дакументамі
Тэл. (017) 222 32 62
Факс: (017) 327 37 84
E-mail: kc1@house.gov.by

Аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб
Тэл. (017) 222 62 52
          (017) 222 63 58
E-mail: letters@house.gov.by

Накіраваць электронны зварот на адрас Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і яе Cакратарыята вы можаце тут

Тэл. (017) 222 64 75
Факс: (017) 222 32 13
E-mail: inform@house.gov.by