Рус Бел En

Раздзел I. Асновы канстытуцыйнага ладу

Артыкул 1. Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.

Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.

Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак.

Артыкул 2. Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. 

Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы. Грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй.

Артыкул 3. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй.

Любыя дзеянні па змяненню канстытуцыйнага ладу і дасягненню дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэння законаў Рэспублікі Беларусь караюцца згодна з законам.

Артыкул 4. Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў.

Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.

Артыкул 5. Палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, дзейнічаючы ў рамках Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, садзейнічаюць выяўленню і выказванню палітычнай волі грамадзян, удзельнічаюць у выбарах.

Палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб’яднанні маюць права карыстацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі ў парадку, вызначаным заканадаўствам.

Забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці.

Артыкул 6. Дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове падзелу яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго.

Артыкул 7. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права.

Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства.

Прававыя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымі з палажэннямі Канстытуцыі, не маюць юрыдычнай сілы.

Нарматыўныя акты дзяржаўных органаў публікуюцца або даводзяцца да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам.

Артыкул 8. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх.

Не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі.

Артыкул 9. Тэрыторыя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Тэрыторыя Беларусі адзіная і неадчужальная.

Тэрыторыя падзяляецца на вобласці, раёны, гарады і іншыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел дзяржавы вызначаецца заканадаўствам.

Артыкул 10. Грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі.

Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства.

Грамадзянін Рэспублікі Беларусь не можа быць выдадзены замежнай дзяржаве, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Набыццё і страта грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам.

Артыкул 11. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі.

Артыкул 12. Рэспубліка Беларусь можа надаваць права прытулку асобам, якія церпяць пераслед у іншых дзяржавах за палітычныя, рэлігійныя перакананні або нацыянальную прыналежнасць.

Артыкул 13. Уласнасць можа быць дзяржаўнай і прыватнай.

Дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці.

Дзяржава садзейнічае развіццю кааперацыі.

Дзяржава гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці.

Дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства; забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах.

Нетры, воды, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Землі сельскагаспадарчага прызначэння знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы.

Законам могуць быць вызначаны і іншыя аб’екты, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы, або ўстаноўлены асобы парадак пераходу іх у прыватную ўласнасць, а таксама замацавана выключнае права дзяржавы на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці.

Дзяржава гарантуе працоўным права прымаць удзел у кіраванні прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сацыяльна-эканамічнага ўзроўню жыцця.

Артыкул 14. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі і іншымі супольнасцямі на аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі іх правоў і інтарэсаў.

Адносіны ў сацыяльна-працоўнай сферы паміж органамі дзяржаўнага кіравання, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафесійнымі саюзамі ажыццяўляюцца на прынцыпах сацыяльнага партнёрства і ўзаемадзеяння бакоў.

Артыкул 15. Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

Артыкул 16. Рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам.

Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.

Забараняецца дзейнасць рэлігійных арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян, а таксама перашкаджае выкананню грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадскіх, сямейных абавязкаў або прычыняе шкоду іх здароўю і маральнасці.

Артыкул 17. Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы.

Артыкул 18. Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.

Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай.

Артыкул 19. Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.

Артыкул 20. Сталіца Рэспублікі Беларусь — горад Мінск.

Статус горада Мінска вызначаецца законам.