Рус Бел En

Раздзел III. Выбарчая сістэма. Рэферэндум

ГЛАВА 1 
ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА

Артыкул 64. Выбары дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады народам, з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў.

У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія ўтрымліваюцца па прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзелу асобы, у адносінах да якіх у парадку, устаноўленым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, выбрана мера стрымання — утрыманне пад вартай. Любое прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у іншых выпадках з’яўляецца недапушчальным і караецца згодна з законам.

Узроставы цэнз дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, вызначаецца адпаведнымі законамі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.

Артыкул 65. Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць.

Падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна.

Артыкул 66. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў.

Кандыдаты, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, удзельнічаюць у выбарах на роўных падставах.

Артыкул 67. Выбары дэпутатаў з’яўляюцца прамымі: дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна.

Артыкул 68. Галасаванне на выбарах з’яўляецца тайным: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у ходзе галасавання забараняецца.

Артыкул 69. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам у адпаведнасці з законам.

Артыкул 70. Расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах выдзеленых на гэтыя мэты сродкаў. У выпадках, прадугледжаных законам, расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў могуць ажыццяўляцца за кошт сродкаў грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, грамадзян.

Артыкул 71. Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камісіі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.

Парадак правядзення выбараў вызначаецца законамі Рэспублікі Беларусь.

Выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча.

Артыкул 72. Адкліканне дэпутатаў ажыццяўляецца па падставах, прадугледжаных законам.

Галасаванне аб адкліканні дэпутата праводзіцца ў парадку, прадугледжаным для выбрання дэпутата, па ініцыятыве не менш як дваццаць працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.

Падставы і парадак адклікання членаў Савета Рэспублікі ўстанаўліваюцца законам. 

ГЛАВА 2 
РЭФЕРЭНДУМ (НАРОДНАЕ ГАЛАСАВАННЕ)

Артыкул 73. Для вырашэння важнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця могуць праводзіцца рэспубліканскія і мясцовыя рэферэндумы.

Артыкул 74. Рэспубліканскія рэферэндумы назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па ўласнай ініцыятыве, а таксама па прапанове Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, якая прымаецца на іх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад устаноўленага Канстытуцыяй складу (поўнага складу) кожнай з палат, або па прапанове не менш як 450 тысяч грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у тым ліку не менш як 30 тысяч грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска.

Прэзідэнт пасля ўнясення на яго разгляд у адпаведнасці з законам прапаноў Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі або грамадзян аб правядзенні рэферэндуму назначае рэспубліканскі рэферэндум.

Дата правядзення рэферэндуму ўстанаўліваецца не пазней як праз тры месяцы з дня выдання ўказа Прэзідэнта аб назначэнні рэферэндуму.

Рашэнні, прынятыя рэспубліканскім рэферэндумам, падпісваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 75. Мясцовыя рэферэндумы назначаюцца адпаведнымі мясцовымі прадстаўнічымі органамі па сваёй ініцыятыве або па прапанове не менш як дзесяць працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.

Артыкул 76. Рэферэндумы праводзяцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і тайнага галасавання.

У рэферэндумах удзельнічаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.

Артыкул 77. Рашэнні, прынятыя рэферэндумам, могуць быць адменены або зменены толькі шляхам рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана рэферэндумам.

Артыкул 78. Парадак правядзення рэспубліканскіх і мясцовых рэферэндумаў, а таксама пералік пытанняў, якія не могуць быць вынесены на рэферэндум, вызначаюцца законам Рэспублікі Беларусь.