Рус Бел En

Раздзел IV. Прэзідэнт, Парламент, Урад, Суд

ГЛАВА 3 
ПРЭЗІДЭНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 79. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

Прэзідэнт увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Прэзідэнт прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, забяспечвае палітычную і эканамічную стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж органамі дзяржаўнай улады.

Прэзідэнт валодае недатыкальнасцю, яго гонар і годнасць ахоўваюцца законам.

Артыкул 80. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнню, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш як дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі.

Артыкул 81. Прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.

Кандыдаты на пасаду Прэзідэнта вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш як 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў.

Выбары Прэзідэнта назначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазней чым за два месяцы да сканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта.

Калі пасада Прэзідэнта аказалася вакантнай, выбары праводзяцца не раней чым праз 30 дзён і не пазней чым праз 70 дзён з дня адкрыцця вакансіі.

Артыкул 82. Лічыцца, што выбары адбыліся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш як палова грамадзян Рэспублікі Беларусь, уключаных у спіс выбаршчыкаў.

Прэзідэнт лічыцца выбраным, калі за яго прагаласавала больш як палова грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Калі ні адзін з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасці галасоў, то ў двухтыднёвы тэрмін праводзіцца другі тур галасавання па двух кандыдатах, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. Выбраным лічыцца кандыдат у Прэзідэнты, які атрымаў пры паўторным галасаванні больш паловы галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Парадак правядзення выбараў Прэзідэнта вызначаецца законам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 83. Прэзідэнт заступае на пасаду пасля прынясення Прысягі наступнага зместу:

«Заступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, захоўваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі».

Прысяга прыносіцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага судоў не пазней як два месяцы з дня выбрання Прэзідэнта. З моманту прынясення Прысягі нававыбраным Прэзідэнтам паўнамоцтвы папярэдняга Прэзідэнта спыняюцца.

Артыкул 84. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь:

1) назначае рэспубліканскія рэферэндумы;

2) назначае чарговыя і нечарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі і мясцовыя прадстаўнічыя органы;

3) распускае палаты ў выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй;

4) назначае шэсць членаў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў;

5) утварае, ліквідуе і рэарганізуе Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншыя органы дзяржаўнага кіравання, а таксама кансультатыўна-дарадчыя і іншыя органы пры Прэзідэнце;

6) са згоды Палаты прадстаўнікоў назначае на пасаду Прэм’ер-міністра;

7) вызначае структуру Урада Рэспублікі Беларусь, назначае на пасаду і вызваляе ад пасады намеснікаў Прэм’ер-міністра, міністраў і іншых членаў Урада, прымае рашэнне аб адстаўцы Урада або яго членаў;

8) са згоды Савета Рэспублікі назначае на пасаду Старшыню Канстытуцыйнага Суда, Старшыню Вярхоўнага Суда, Старшыню Вышэйшага Гаспадарчага Суда з ліку суддзяў гэтых судоў;

9) са згоды Савета Рэспублікі назначае на пасаду суддзяў Вярхоўнага Суда, суддзяў Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Старшыню Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, Генеральнага пракурора, Старшыню і членаў Праўлення Нацыянальнага банка;

10) назначае шэсць суддзяў Канстытуцыйнага Суда, іншых суддзяў Рэспублікі Беларусь;

11) вызваляе ад пасады Старшыню і суддзяў Канстытуцыйнага Суда, Старшыню і суддзяў Вярхоўнага Суда, Старшыню і суддзяў Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Старшыню і членаў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, Генеральнага пракурора, Старшыню і членаў Праўлення Нацыянальнага банка па падставах, прадугледжаных законам, з паведамленнем Савету Рэспублікі;

12) назначае на пасаду і вызваляе ад пасады Старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю;

13) звяртаецца з пасланнямі да народа Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў дзяржаве і аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі;

14) звяртаецца са штогадовымі пасланнямі да Парламента, якія заслухоўваюцца без абмеркавання на пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі; мае права ўдзельнічаць у рабоце Парламента і яго органаў, выступаць перад імі ў любы час з прамовай або паведамленнем;

15) мае права старшынстваваць на пасяджэннях Урада Рэспублікі Беларусь;

16) назначае кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і вызначае іх статус; назначае прадстаўнікоў Прэзідэнта ў Парламенце і іншых службовых асоб, пасады якіх вызначаны ў адпаведнасці з заканадаўствам, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй;

17) вырашае пытанні аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь, яго спыненні і прадастаўленні прытулку;

18) устанаўлівае дзяржаўныя святы і святочныя дні, узнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі, прысвойвае класныя чыны і званні;

19) ажыццяўляе памілаванне асуджаных;

20) вядзе перагаворы і падпісвае міжнародныя дагаворы, назначае і адклікае дыпламатычных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях;

21) прымае даверчыя і адзыўныя граматы акрэдытаваных пры ім дыпламатычных прадстаўнікоў замежных дзяржаў;

22) у выпадку стыхійнага бедства, катастрофы, а таксама беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасці і існаванню дзяржавы, уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становішча з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі;

23) у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, мае права адкласці правядзенне забастоўкі або прыпыніць яе, але не больш чым на трохмесячны тэрмін;

24) падпісвае законы; мае права ў парадку, устаноўленым Канстытуцыяй, вярнуць закон або асобныя яго палажэнні са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў; 

25) мае права адмяняць акты Урада;

26) непасрэдна або праз ствараемыя ім органы ажыццяўляе кантроль за захаваннем заканадаўства мясцовымі органамі кіравання і самакіравання; мае права прыпыняць рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў і адмяняць рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у выпадку неадпаведнасці іх заканадаўству;

27) фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь; назначае на пасаду і вызваляе ад пасады Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі;

28) з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь; назначае на пасады і вызваляе ад пасад вышэйшае камандаванне Узброеных Сіл;

29) уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку ваеннай пагрозы або нападу ваеннае становішча, аб’яўляе поўную або частковую мабілізацыю з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі;

30) ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй і законамі.

Артыкул 85. Прэзідэнт на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй выдае ўказы і распараджэнні, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Прэзідэнт выдае дэкрэты, што маюць сілу законаў. Прэзідэнт непасрэдна або праз ствараемыя ім органы забяспечвае выкананне дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў.

Артыкул 86. Прэзідэнт не можа займаць іншыя пасады, атрымліваць апрача заработнай платы грашовыя ўзнагароджанні, за выключэннем ганарараў за творы навукі, літаратуры і мастацтва.

Прэзідэнт прыпыняе членства ў палітычных партыях і іншых грамадскіх аб’яднаннях, якія дамагаюцца палітычных мэт, на ўвесь тэрмін паўнамоцтваў.

Артыкул 87. Прэзідэнт можа ў любы час падаць у адстаўку. Адстаўка Прэзідэнта прымаецца Палатай прадстаўнікоў.

Артыкул 88. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры стойкай няздольнасці па стану здароўя ажыццяўляць абавязкі Прэзідэнта. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні Прэзідэнта прымаецца большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў і большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на падставе заключэння спецыяльна ствараемай палатамі камісіі.

Прэзідэнт можа быць зняты з пасады ў сувязі з учыненнем дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства. Рашэнне аб выстаўленні абвінавачання і яго расследаванні ў гэтым выпадку лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў па прапанове не менш як адной трэці яе дэпутатаў. Расследаванне абвінавачання арганізуецца Саветам Рэспублікі. Прэзідэнт лічыцца знятым з пасады, калі за гэта рашэнне прагаласавала не менш як дзве трэці ад поўнага складу Савета Рэспублікі, а таксама не менш як дзве трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.

Непрыняцце Саветам Рэспублікі і Палатай прадстаўнікоў рашэння аб зняцці Прэзідэнта з пасады на працягу месяца з дня выстаўлення абвінавачання азначае адхіленне абвінавачання. Прапанова аб зняцці Прэзідэнта з пасады не можа ініцыіравацца ў перыяд разгляду ў адпаведнасці з Канстытуцыяй пытання аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў Парламента.

У выпадку зняцця Прэзідэнта ў сувязі з учыненнем злачынства справа па сутнасці абвінавачання разглядаецца Вярхоўным Судом.

Артыкул 89. У выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў па падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягі нававыбраным Прэзідэнтам пераходзяць да Прэм’ер-міністра.

ГЛАВА 4
ПАРЛАМЕНТ — НАЦЫЯНАЛЬНЫ СХОД

Артыкул 90. Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь.

Парламент складаецца з дзвюх палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Артыкул 91. Склад Палаты прадстаўнікоў — 110 дэпутатаў. Выбранне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з законам на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.

Савет Рэспублікі з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Ад кожнай вобласці і горада Мінска тайным галасаваннем выбіраюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска па восем членаў Савета Рэспублікі. Восем членаў Савета Рэспублікі назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Выбары новага складу палат Парламента назначаюцца не пазней як за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней як за 30 дзён да сканчэння паўнамоцтваў палат дзеючага склікання Парламента.

Нечарговыя выбары палат Парламента праводзяцца на працягу трох месяцаў з дня датэрміновага спынення паўнамоцтваў палат Парламента.

Артыкул 92. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 года.

Членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці, горада Мінска не менш як пяць гадоў.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы ў Парламенце на прафесійнай аснове, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў можа быць адначасова членам Урада.

Адна і тая ж асоба не можа адначасова з’яўляцца членам дзвюх палат Парламента. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў не можа быць дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. Член Савета Рэспублікі не можа быць адначасова членам Урада. Не дапускаецца сумяшчэнне абавязкаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі з адначасовым заняццем пасады Прэзідэнта або суддзі.

Артыкул 93. Тэрмін паўнамоцтваў Парламента — чатыры гады. Паўнамоцтвы Парламента могуць быць прадоўжаны на падставе закона толькі ў выпадку вайны.

Першая пасля выбараў сесія палат Парламента склікаецца Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў і пачынае сваю работу не пазней як праз 30 дзён пасля выбараў. Адлік трыццацідзённага тэрміну для склікання і пачатку работы першай сесіі Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца з дня другога тура галасавання па выбарах яе новага складу. Калі другі тур галасавання па выбарах у Палату прадстаўнікоў не праводзіцца, адлік трыццацідзённага тэрміну ажыццяўляецца з дня правядзення першага тура агульных выбараў у Рэспубліцы Беларусь. Адлік трыццацідзённага тэрміну для склікання і пачатку работы першай сесіі Савета Рэспублікі ажыццяўляецца з дня першага пасяджэння дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню па выбарах членаў Савета Рэспублікі ад вобласці або горада Мінска.

У выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй, паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць спынены датэрмінова. Са спыненнем паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі па рашэнню Прэзідэнта могуць быць таксама спынены паўнамоцтвы адпаведна Савета Рэспублікі або Палаты прадстаўнікоў.

Артыкул 94. Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць датэрмінова спынены пры адмове ў даверы Ураду, выказванні вотуму недаверу Ураду або двухразовай адмове ў дачы згоды на назначэнне Прэм’ер-міністра.

Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць таксама датэрмінова спынены на падставе заключэння Канстытуцыйнага Суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі.

Рашэнні па гэтых пытаннях Прэзідэнт прымае не пазней чым у двухмесячны тэрмін пасля афіцыйных кансультацый са старшынямі палат.

Палаты не могуць быць распушчаны ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча, у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта, у перыяд вырашэння палатамі пытання аб датэрміновым вызваленні або зняцці Прэзідэнта з пасады.

Не дапускаецца роспуск палат на працягу года з дня іх першых пасяджэнняў.

Артыкул 95. Палаты збіраюцца на дзве чарговыя сесіі ў год.

Першая сесія адкрываецца 2 кастрычніка; яе працягласць не можа быць больш як восемдзесят дзён.

Другая сесія адкрываецца 2 красавіка; яе працягласць не можа быць больш як дзевяноста дзён.

Калі 2 кастрычніка або 2 красавіка прыпадаюць на нерабочы дзень, то сесія адкрываецца ў першы наступны за ім рабочы дзень.

Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі ў выпадку асаблівай неабходнасці склікаюцца на нечарговую сесію па ініцыятыве Прэзідэнта, а таксама па патрабаванню большасці не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу кожнай з палат па вызначаным парадку дня.

Нечарговыя сесіі адкрываюцца ўказамі Прэзідэнта.

Артыкул 96. Палата прадстаўнікоў выбірае са свайго складу Старшыню Палаты прадстаўнікоў і яго намесніка.

Савет Рэспублікі выбірае са свайго складу Старшыню Савета Рэспублікі і яго намесніка.

Старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, іх намеснікі вядуць пасяджэнні і кіруюць унутраным распарадкам палат.

Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі са свайго складу выбіраюць пастаянныя камісіі і іншыя органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да ведання палат.

Артыкул 97. Палата прадстаўнікоў:

1) разглядае па прапанове Прэзідэнта або па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, аб тлумачэнні Канстытуцыі;

2) разглядае праекты законаў, у тым ліку аб зацвярджэнні асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь; ваеннай дактрыны; аб ратыфікацыі і дэнансацыі міжнародных дагавораў; аб асноўным змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян; аб грамадзянстве, статусе іншаземцаў і асоб без грамадзянства; аб правах нацыянальных меншасцей; аб зацвярджэнні рэспубліканскага бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; устанаўленні рэспубліканскіх падаткаў і збораў; аб прынцыпах ажыццяўлення адносін уласнасці; аб асновах сацыяльнай абароны; аб прынцыпах рэгулявання працы і занятасці; аб шлюбе, сям’і, дзяцінстве, мацярынстве, бацькоўстве, выхаванні, адукацыі, культуры і ахове здароўя; аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; аб вызначэнні парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання дзяржавы; аб мясцовым самакіраванні; аб судаўладкаванні, судаводстве і статусе суддзяў; аб крымінальнай адказнасці; аб амністыі; аб абвяшчэнні вайны і заключэнні міру; аб прававым рэжыме ваеннага і надзвычайнага становішча; аб устанаўленні дзяржаўных узнагарод; аб тлумачэнні законаў;

3) назначае выбары Прэзідэнта;

4) дае згоду Прэзідэнту на назначэнне Прэм’ер-міністра;

5) заслухоўвае даклад Прэм’ер-міністра аб праграме дзейнасці Урада і адабрае або адхіляе праграму; паўторнае адхіленне палатай праграмы азначае выказванне вотуму недаверу Ураду;

6) разглядае па ініцыятыве Прэм’ер-міністра пытанне аб даверы Ураду;

7) па ініцыятыве не менш як адной трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў выказвае вотум недаверу Ураду; пытанне аб адказнасці Урада не можа быць пастаўлена на працягу года пасля адабрэння праграмы яго дзейнасці;

8) прымае адстаўку Прэзідэнта;

9) выстаўляе большасцю галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў абвінавачанне супраць Прэзідэнта ва ўчыненні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства; на падставе адпаведнага рашэння Савета Рэспублікі прымае большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу рашэнне аб зняцці Прэзідэнта з пасады;

10) адмяняе распараджэнні Старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Палата прадстаўнікоў можа прымаць рашэнні па іншых пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй.

Артыкул 98. Савет Рэспублікі:

1) адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю; аб тлумачэнні Канстытуцыі; праекты іншых законаў;

2) дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам Старшыні Канстытуцыйнага Суда, Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда, Старшыні і суддзяў Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, Генеральнага пракурора, Старшыні і членаў Праўлення Нацыянальнага банка;

3) выбірае шэсць суддзяў Канстытуцыйнага Суда;

4) выбірае шэсць членаў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў;

5) адмяняе рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству;

6) прымае рашэнне аб роспуску мясцовага Савета дэпутатаў у выпадку сістэматычнага або грубага парушэння ім патрабаванняў заканадаўства і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам;

7) разглядае выстаўленае Палатай прадстаўнікоў абвінавачанне супраць Прэзідэнта ва ўчыненні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства, прымае рашэнне аб яго расследаванні. Пры наяўнасці падстаў большасцю не менш як дзвюма трацямі галасоў ад поўнага складу прымае рашэнні аб зняцці Прэзідэнта з пасады;

8) разглядае ўказы Прэзідэнта аб увядзенні надзвычайнага становішча, ваеннага становішча, поўнай або частковай мабілізацыі і не пазней як у трохдзённы тэрмін пасля іх унясення прымае адпаведнае рашэнне.

Савет Рэспублікі можа прымаць рашэнні па іншых пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй.

Артыкул 99. Права заканадаўчай ініцыятывы належыць Прэзідэнту, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Ураду, а таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш як 50 тысяч чалавек і рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў.

Законапраекты, вынікам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў, могуць уносіцца ў Палату прадстаўнікоў толькі са згоды Прэзідэнта або па яго даручэнню — Урада.

Прэзідэнт або па яго даручэнню Урад маюць права ўносіць прапановы ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі аб абвяшчэнні разгляду праекта закона тэрміновым. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў гэтым выпадку павінны разгледзець дадзены праект на працягу дзесяці дзён з дня ўнясення на іх разгляд.

Па патрабаванню Прэзідэнта або, з яго згоды, Урада Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі на сваіх пасяджэннях прымаюць рашэнні, галасуючы ў цэлым за ўвесь унесены Прэзідэнтам або Урадам праект ці яго частку, захаваўшы толькі тыя папраўкі, якія прапанаваны ці прыняты Прэзідэнтам або Урадам.

Артыкул 100. Любы законапраект, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй, спачатку разглядаецца ў Палаце прадстаўнікоў, а потым у Савеце Рэспублікі.

Законапраект, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй, становіцца законам пасля прыняцця Палатай прадстаўнікоў і адабрэння Саветам Рэспублікі большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай палаты.

Прынятыя Палатай прадстаўнікоў законапраекты на працягу пяці дзён перадаюцца на разгляд у Савет Рэспублікі, дзе могуць разглядацца не больш як дваццаць дзён, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.

Закон лічыцца адобраным Саветам Рэспублікі, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Савета Рэспублікі або калі на працягу дваццаці дзён, а пры абвяшчэнні законапраекта тэрміновым — дзесяці дзён з дня ўнясення ён не быў разгледжаны Саветам Рэспублікі. У выпадку адхілення законапраекта Саветам Рэспублікі палаты могуць стварыць пагаджальную камісію, якая фарміруецца на парытэтнай аснове, для пераадолення ўзнікшых рознагалоссяў. Тэкст законапраекта, выпрацаваны пагаджальнай камісіяй, прадстаўляецца на адабрэнне абедзвюх палат.

Калі пагаджальнай камісіяй не прыняты ўзгоднены тэкст законапраекта, Прэзідэнт або па яго даручэнню Урад могуць запатрабаваць, каб Палата прадстаўнікоў прыняла канчатковае рашэнне. Закон лічыцца прынятым Палатай прадстаўнікоў пры ўмове, што за яго прагаласавала не менш як дзве трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.

Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным дадзеным артыкулам, прадстаўляецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закона, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу двух тыдняў пасля таго, як ён быў яму прадстаўлены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не ўступае ў сілу, калі ён не мог быць вернуты ў Парламент у сувязі з заканчэннем сесіі.

Пры нязгодзе з тэкстам закона Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як праз трыццаць дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў пяцідзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як праз дваццаць дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён адобраны большасцю не менш як дзвюма трацямі галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у пяцідзённы тэрмін. Закон уступае ў сілу і ў тым выпадку, калі ён не будзе падпісаны Прэзідэнтам у гэты тэрмін.

У такім жа парадку палатамі разглядаюцца пярэчанні Прэзідэнта на асобныя палажэнні закона, якія вяртаюцца для паўторнага галасавання. У гэтым выпадку да вынясення адпаведнага рашэння Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі закон падпісваецца Прэзідэнтам і ўступае ў сілу, за выключэннем тых палажэнняў, адносна якіх маюцца пярэчанні Прэзідэнта.

Артыкул 101. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі законам, прынятым большасцю галасоў ад поўнага складу палат, па прапанове Прэзідэнта могуць дэлегаваць яму заканадаўчыя паўнамоцтвы на выданне дэкрэтаў, якія маюць сілу закона. Гэты закон павінен вызначаць прадмет рэгулявання і тэрмін паўнамоцтваў Прэзідэнта на выданне дэкрэтаў.

Не дапускаецца дэлегаванне паўнамоцтваў Прэзідэнту на выданне дэкрэтаў, якія прадугледжваюць змяненне і дапаўненне Канстытуцыі, яе тлумачэнне; змяненне і дапаўненне праграмных законаў; зацвярджэнне рэспубліканскага бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; змяненне парадку выбараў Прэзідэнта і Парламента, абмежаванне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Закон аб дэлегаванні заканадаўчых паўнамоцтваў Прэзідэнту не можа дазваляць яму змяненне гэтага закона, а таксама прадастаўляць права прымаць нормы, якія маюць зваротную сілу.

З прычыны асаблівай неабходнасці Прэзідэнт па сваё ініцыятыве або па прапанове Урада можа выдаваць часовыя дэкрэты, якія маюць сілу закона. Калі такія дэкрэты выдаюцца па прапанове Урада, яны змацоўваюцца подпісам Прэм’ер-міністра. Часовыя дэкрэты павінны быць у трохдзённы тэрмін прадстаўлены для наступнага разгляду Палатай прадстаўнікоў, а потым Саветам Рэспублікі. Гэтыя дэкрэты захоўваюць сілу, калі яны не адменены большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты могуць рэгуляваць законам адносіны, што ўзніклі на аснове дэкрэтаў, якія адменены.

Артыкул 102. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі карыстаюцца недатыкальнасцю пры выказванні сваіх меркаванняў і ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў. Гэта не адносіцца да абвінавачання іх у паклёпе і знявазе.

На працягу тэрміну сваіх паўнамоцтваў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі могуць быць арыштаваны, іншым чынам пазбаўлены асабістай свабоды толькі з папярэдняй згоды адпаведнай палаты, за выключэннем учынення дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства, а таксама затрымання на месцы ўчынення злачынства.

Крымінальная справа ў дачыненні да дэпутата Палаты прадстаўнікоў або члена Савета Рэспублікі разглядаецца Вярхоўным Судом.

Артыкул 103. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі. Палаты, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяржавы, могуць прыняць рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння большасцю галасоў ад іх поўнага складу. У час пасяджэнняў, у тым ліку і закрытых, Прэзідэнт, яго прадстаўнікі, Прэм’ер-міністр і члены Урада могуць выступаць без чаргі тых, хто запісаўся для выступлення, столькі разоў, колькі яны гэтага запатрабуюць.

Адно пасяджэнне ў месяц рэзервуецца для пытанняў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі і адказаў Урада.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Савета Рэспублікі мае права звярнуцца з запытам да Прэм’ер-міністра, членаў Урада, кіраўнікоў дзяржаўных органаў, што ўтвараюцца або выбіраюцца Парламентам. Запыт павінен быць уключаны ў парадак дня палаты. Адказ на запыт належыць даць на працягу дваццаці сесійных дзён у парадку, устаноўленым палатай Парламента.

Пасяджэнне палаты лічыцца правамоцным пры ўмове, што на ім прысутнічае не менш як дзве трэці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў або членаў Савета Рэспублікі ад поўнага складу палаты.

Галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі адкрытае і ажыццяўляецца асабіста дэпутатам, членам Савета Рэспублікі шляхам падачы голасу «за» або «супраць». Тайнае галасаванне праводзіцца толькі пры вырашэнні кадравых пытанняў.

Артыкул 104. Рашэнні Палаты прадстаўнікоў прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Пастановы Палаты прадстаўнікоў прымаюцца па пытаннях распарадчага і кантрольнага характару.

Рашэнні Савета Рэспублікі прымаюцца ў форме пастаноў.

Рашэнні палат лічацца прынятымі пры ўмове, што за іх прагаласавала большасць ад поўнага складу палат, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.

Законы аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, аб ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца праграмнымі і лічацца прынятымі пры ўмове, калі за іх прагаласавала не менш як дзве трэці ад поўнага складу палат.

Законы падлягаюць неадкладнаму апублікаванню пасля іх падпісання і ўступаюць у сілу праз дзесяць дзён пасля апублікавання, калі ў самім законе не ўстаноўлены іншы тэрмін. У такім жа парадку публікуюцца і ўступаюць у сілу дэкрэты Прэзідэнта.

Закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян.

Артыкул 105. Парадак дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, іх органаў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі вызначаецца рэгламентамі палат, якія падпісваюцца старшынямі палат. 

ГЛАВА 5 
УРАД — САВЕТ МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 106. Выканаўчую ўладу ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляе Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь — цэнтральны орган дзяржаўнага кіравання.

Урад у сваёй дзейнасці падсправаздачны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і адказны перад Парламентам Рэспублікі Беларусь.

Урад складае свае паўнамоцтвы перад нававыбраным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Урад Рэспублікі Беларусь складаецца з Прэм’ер-міністра, яго намеснікаў і міністраў. У склад Урада могуць уваходзіць і кіраўнікі іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.

Прэм’ер-міністр назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са згоды Палаты прадстаўнікоў. Рашэнне па гэтым пытанні прымаецца Палатай прадстаўнікоў не пазней як у двухтыднёвы тэрмін з дня ўнясення прапановы па кандыдатуры Прэм’ер-міністра. У выпадку двухразовай адмовы ў дачы згоды на назначэнне Прэм’ер-міністра Палатай прадстаўнікоў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права назначыць выконваючага абавязкі Прэм’ер-міністра, распусціць Палату прадстаўнікоў і назначыць новыя выбары.

Работай Урада кіруе Прэм’ер-міністр.

Прэм’ер-міністр:

1) ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва дзейнасцю Урада і нясе персанальную адказнасць за яго работу;

2) падпісвае пастановы Урада;

3) у двухмесячны тэрмін пасля свайго назначэння прадстаўляе Парламенту праграму дзейнасці Урада, а ў выпадку яе адхілення прадстаўляе паўторную праграму дзейнасці Урада на працягу двух месяцаў;

4) інфармуе Прэзідэнта аб асноўных напрамках дзейнасці Урада і аб усіх яго найважнейшых рашэннях;

5) выконвае іншыя функцыі, звязаныя з арганізацыяй і дзейнасцю Урада.

Урад або любы член Урада маюць права заявіць Прэзідэнту аб сваёй адстаўцы, калі лічаць немагчымым далейшае ажыццяўленне ўскладзеных на іх абавязкаў. Урад заяўляе Прэзідэнту аб адстаўцы ў выпадку выказвання Палатай прадстаўнікоў вотуму недаверу Ураду.

Прэм’ер-міністр можа паставіць перад Палатай прадстаўнікоў пытанне аб даверы Ураду па прадстаўленай праграме або з канкрэтнай нагоды. Калі Палата прадстаўнікоў у даверы адмаўляе, Прэзідэнт мае права ў дзесяцідзённы тэрмін прыняць рашэнне аб адстаўцы Урада або аб роспуску Палаты прадстаўнікоў і назначэнні новых выбараў. Пры адхіленні адстаўкі Урад прадаўжае ажыццяўляць свае паўнамоцтвы.

Прэзідэнт мае права па ўласнай ініцыятыве прыняць рашэнне аб адстаўцы Урада і вызваліць ад пасады любога члена Урада.

У выпадку адстаўкі або складання паўнамоцтваў Урад Рэспублікі Беларусь па даручэнню Прэзідэнта прадаўжае ажыццяўляць свае паўнамоцтвы да сфарміравання новага Урада.

Артыкул 107. Урад Рэспублікі Беларусь:

кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзяржаўнага кіравання і іншых органаў выканаўчай улады;

распрацоўвае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі;

распрацоўвае і прадстаўляе Прэзідэнту для ўнясення ў Парламент праект рэспубліканскага бюджэту і справаздачу аб яго выкананні;

забяспечвае правядзенне адзінай эканамічнай, фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сацыяльнага забеспячэння і аплаты працы;

прымае меры па забеспячэнню правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю;

выступае ад імя ўласніка ў дачыненні да маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь, арганізуе кіраванне дзяржаўнай уласнасцю;

забяспечвае выкананне Канстытуцыі, законаў і дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў Прэзідэнта;

адмяняе акты міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта. 

Артыкул 108. Урад Рэспублікі Беларусь выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Прэм’ер-міністр выдае ў межах сваёй кампетэнцыі распараджэнні.

Кампетэнцыя, парадак арганізацыі і дзейнасці Урада вызначаюцца на аснове Канстытуцыі законам аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. 

ГЛАВА 6 
СУД

Артыкул 109. Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць судам.

Сістэма судоў будуецца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі.

Судаўладкаванне ў Рэспубліцы Беларусь вызначаецца законам.

Утварэнне надзвычайных судоў забараняецца.

Артыкул 110. Суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону.

Якое-небудзь умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананню правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць па закону.

Артыкул 111. Суддзі не могуць ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, выконваць іншую аплачваемую работу, акрамя выкладчыцкай і навукова-даследчай.

Падставы для выбрання (назначэння) суддзяў на пасады і іх вызвалення прадугледжваюцца законам.

Артыкул 112. Суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю іншых нарматыўных актаў.

Калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да вываду аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі, ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным.

Артыкул 113. Справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — аднаасобна суддзямі.

Артыкул 114. Разбор спраў ва ўсіх судах адкрыты.

Слуханне спраў у закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца толькі ў выпадках, вызначаных законам, з выкананнем усіх правілаў судаводства.

Артыкул 115. Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе.

Судовыя пастановы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян і службовых асоб.

Бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і іншых судовых пастаноў.

Артыкул 116. Кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ажыццяўляецца Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь фарміруецца ў колькасці 12 суддзяў з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права, якія маюць, як правіла, вучоную ступень.

Шэсць суддзяў Канстытуцыйнага Суда назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, шэсць суддзяў выбіраюцца Саветам Рэспублікі. Старшыня Канстытуцыйнага Суда назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў членаў Канстытуцыйнага Суда — 11 гадоў. Гранічны ўзрост членаў Канстытуцыйнага Суда — 70 гадоў.

Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дае заключэнні:

аб адпаведнасці законаў, дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта, міжнародных дагаворных і іншых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь;

аб адпаведнасці актаў міждзяржаўных утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, указаў Прэзідэнта, выдадзеных у мэтах выканання закона, Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам і дэкрэтам;

аб адпаведнасці пастаноў Савета Міністраў, актаў Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Генеральнага пракурора Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам, дэкрэтам і ўказам;

аб адпаведнасці актаў любога другога дзяржаўнага органа Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам, дэкрэтам і ўказам.

Нарматыўныя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя неканстытуцыйнымі, страчваюць сілу ў парадку, што вызначаецца законам.

У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Канстытуцыйны Суд па прапанове Прэзідэнта дае заключэнне аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Канстытуцыйнага Суда вызначаюцца законам.