Рус Бел En

Раздзел IX. Заключныя і пераходныя палажэнні

Артыкул 141. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме (гэтая Канстытуцыя), уступае ў сілу з дня яе апублікавання, за выключэннем яе асобных палажэнняў, якія ўступаюць у сілу ў тэрміны, устаноўленыя гэтай Канстытуцыяй. Адначасова спыняецца дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Артыкул 142. Законы, указы і іншыя акты, што дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне гэтай Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 143. У месячны тэрмін з дня ўступлення ў сілу гэтай Канстытуцыі Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь фарміруюць Палату прадстаўнікоў з ліку дэпутатаў Вярхоўнага Савета, выбраных да дня прызначэння даты правядзення рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года. Пры гэтым дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь захоўваюць свае паўнамоцтвы на працягу тэрміну, прадугледжанага гэтай Канстытуцыяй. Тэрмін іх паўнамоцтваў лічыцца з дня ўступлення ў сілу гэтай Канстытуцыі.

Савет Рэспублікі фарміруецца ў парадку, прадугледжаным артыкулам 91 гэтай Канстытуцыі.

Калі ў названы тэрмін склад Палаты прадстаўнікоў не будзе сфарміраваны з прычыны рознагалоссяў паміж Прэзідэнтам і Вярхоўным Саветам, Прэзідэнт у адпаведнасці з пунктамі 2 і 3 артыкула 84 гэтай Канстытуцыі распускае Вярхоўны Савет і прызначае выбары ў Парламент.

Артыкул 144. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь захоўвае свае паўнамоцтвы. Тэрмін яго паўнамоцтваў лічыцца з дня ўступлення ў сілу гэтай Канстытуцыі.

Артыкул 145. Урад Рэспублікі Беларусь набывае з дня ўступлення ў сілу гэтай Канстытуцыі ўстаноўленыя ёю правы і абавязкі.

Артыкул 146. Прэзідэнт, Парламент, Урад на працягу двух месяцаў з дня ўступлення ў сілу гэтай Канстытуцыі ўтвараюць і фарміруюць названыя ў ёй органы ў парадку, устаноўленым гэтай Канстытуцыяй, калі іншае не прадугледжана часткай трэцяй артыкула 143 Канстытуцыі.