Рус Бел En

Раздзел VI. Пракуратура. Камітэт дзяржаўнага кантролю

ГЛАВА 7 
ПРАКУРАТУРА

Артыкул 125. Нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных актаў міністэрствамі і другімі падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясцовымі прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі ўскладаецца на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падначаленых яму пракурораў.

Пракуратура ажыццяўляе нагляд за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў, адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадзянскіх, крымінальных справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, у выпадках, прадугледжаных законам, праводзіць папярэдняе следства, падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачанне ў судах.

Артыкул 126. Адзіную і цэнтралізаваную сістэму органаў пракуратуры ўзначальвае Генеральны пракурор, які назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі.

Ніжэйстаячыя пракуроры назначаюцца Генеральным пракурорам.

Артыкул 127. Генеральны пракурор і ніжэйстаячыя пракуроры незалежныя ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруюцца заканадаўствам. У сваёй дзейнасці Генеральны пракурор падсправаздачны Прэзідэнту.

Артыкул 128. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці органаў пракуратуры вызначаюцца заканадаўствам. 

ГЛАВА 8 
КАМІТЭТ ДЗЯРЖАЎНАГА КАНТРОЛЮ

Артыкул 129. Дзяржаўны кантроль за выкананнем рэспубліканскага бюджэту, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, выкананнем актаў Прэзідэнта, Парламента, Урада і іншых дзяржаўных органаў, якія рэгулююць адносіны дзяржаўнай уласнасці, гаспадарчыя, фінансавыя і падатковыя адносіны, ажыццяўляе Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Артыкул 130. Камітэт дзяржаўнага кантролю ўтвараецца Прэзідэнтам.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю назначаецца Прэзідэнтам.

Артыкул 131. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю вызначаюцца заканадаўствам.