Рус Бел En

Раздзел VII. Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь

Артыкул 132. Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь уключае бюджэтную сістэму, банкаўскую сістэму, а таксама фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадзян.

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка.

Артыкул 133. Бюджэтная сістэма Рэспублікі Беларусь уключае рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты.

Даходы бюджэту фарміруюцца за кошт падаткаў, якія вызначаюцца законам, іншых абавязковых плацяжоў, а таксама іншых паступленняў.

Агульнадзяржаўныя расходы ажыццяўляюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту ў адпаведнасці з яго расходнай часткай.

У адпаведнасці з законам у Рэспубліцы Беларусь могуць стварацца пазабюджэтныя фонды.

Артыкул 134. Парадак складання, зацвярджэння і выканання бюджэтаў і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў вызначаецца законам.

Артыкул 135. Справаздача аб выкананні рэспубліканскага бюджэту прадстаўляецца на разгляд Парламента не пазней чым за пяць месяцаў з дня заканчэння справаздачнага фінансавага года.

Справаздачы аб выкананні мясцовых бюджэтаў падаюцца на разгляд адпаведных Саветаў дэпутатаў у вызначаны заканадаўствам тэрмін.

Справаздачы аб выкананні рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў публікуюцца.

Артыкул 136. Банкаўская сістэма Рэспублікі Беларусь складаецца з Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і іншых банкаў. Нацыянальны банк рэгулюе крэдытныя адносіны, грашовае абарачэнне, вызначае парадак разлікаў і валодае выключным правам эмісіі грошай.