Рус Бел En
Главная / Пресс-служба / Интервью, выступления, публикации

Информационно-аналитическое управление

Почтовый адрес: 220010, Республика Беларусь, г. Минск,
ул. Советская, 11.

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:    +375 (17) 222-64-75
             +375 (44) 755-22-94

Электронная почта: inform@house.gov.by

22.06.2018

Якім будзе Закон «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях»?

22.06.2018
Аўтар: Вольга Мядзведзева
Грамадства, Экалогія

На мінулым тыдні ў Авальнай зале Дома ўрада дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу разгледзелі ў першым чытанні два законапраекты, якія датычацца захавання беларускай прыроды і выкарыстання яе рэсурсаў. Цікава, што ініцыятарамі абодвух з'яўляюцца самі дэпутаты. Размова — пра змяненні і дапаўненні ў Лясны кодэкс і пра новы закон «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях». Андрэй АБРАМЧУК, старшыня Лясной рабочай групы грамадскага аб'яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны», браў актыўны ўдзел у грамадскім абмеркаванні абодвух дакументаў, пры гэтым найбольш блізкім для сябе ён назваў будучы закон «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях». Мы распыталі эксперта, наколькі законапраект задавальняе чаканні спецыялістаў па ахове прыроды.

— Перш за ўсё, у выніку прыняцця новага закона якасна зменіцца ахова нашых заказнікаў. У дзеючым законе прапісаны рэжымы абмежавання ў нацыянальных парках і запаведніках, а ў дачыненні да заказнікаў ніводны заканадаўчы акт у нас дагэтуль не меў пераліку абмежаванняў. Таму кожны вызначаў рэжым так, як сабе ўяўляў, і прапісваў яго ў Палажэнні аб заказніку. Гэта прыводзіла да таго, што шэраг заказнікаў фактычна не мелі рэжыму аховы альбо ён нічым не адрозніваўся ад рэжыму іншых тэрыторый.

Перш за ўсё гэта датычыцца лясных заказнікаў, а такіх каля 80 %. У многіх з іх зусім няма абмежаванняў па высечцы. Гэта, напрыклад, мясцовыя заказнікі «Бабравіна» і «Велута», «Алес», рэспубліканскі заказнік «Пойма ракі Сож» і шмат іншых. Там вядзецца звычайная лясная гаспадарка з усімі наступствамі. Фактычна гэтыя заказнікі высякаюцца пад нуль. Пералічаныя прыклады — з Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Самі лясгасы здзіўляюцца: навошта ствараць такія заказнікі?

Цяпер для ўсіх заказнікаў прапісаны абмежаванні па самых шкодных высечках, якія цалкам знішчаюць экасістэмы (суцэльныя галоўнага карыстання і палосна-паступовыя). Гэта адно з самых галоўных новаўвядзенняў.

Яшчэ адно важнае новаўвядзенне датычыцца асабліва ахоўных прыродных тэрыторый міжнароднага значэння. У пералік такіх уключылі аб'екты «Ізумруднай сеткі», да якой у 2013 годзе далучылася Беларусь, але з адным удакладненнем: адносіцца гэта толькі да тых аб'ектаў, якія маюць нацыянальны прыродаахоўны статус. Тыя ж, якія такога статусу не маюць, не ўвойдуць і ў пералік асабліва ахоўных тэрыторый міжнароднага значэння. Такім чынам распрацоўшчыкі зрабілі палову кроку. З аднаго боку, мы прызнаём міжнародныя дакументы, у прыватнасці — Бернскую канвенцыю, з другога — будзем выконваць іх настолькі, наколькі гэта дазваляе наша заканадаўства. Тым не менш ужо добра, што аб'екты «Ізумруднай сеткі» згаданы ў праекце закона. Зараз у нас 162 такія аб'екты, або 11,57 % тэрыторыі краіны.

Трэці значны момант — праект закона прадугледжвае ўдзел грамадскасці ў шэрагу важных прыродаахоўных мерапрыемстваў. Напрыклад, у фарміраванні і рабоце вучоных саветаў нацыянальных паркаў, у правядзенні грамадскіх абмеркаванняў схем развіцця асабліва ахоўных прыродных тэрыторый — як рэспубліканскага, так і мясцовага значэння. Схемы гэтыя зацвярджаюцца на дзяржаўным узроўні, і часта грамадскія арганізацыі добра ведаюць тую альбо іншую тэрыторыю, якой мэтазгодна надаць статус асабліва ахоўнай.

Насамрэч змен не так шмат, як хацелася б. Мы прапаноўвалі значна больш, але, на жаль, прыкладна толькі траціна з нашых прапаноў увайшла ў праект.

Увогуле, лічыцца, што прырода ў Беларусі захавалася значна лепш, чым у астатняй Еўропе. Пры гэтым у нас адзін з самых нізкіх у Еўропе паказчыкаў плошчы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый у працэнтных адносінах. У кожнай краіне існуе свая схема такіх тэрыторый, і не заўсёды іх можна параўноўваць. Але можна параўнаць па сетцы «Натура 2000», якая ствараецца ў краінах ЕС, і сетцы «Эмеральд» («Ізумрудная сетка»), створанай у еўрапейскіх краінах, якія не ўваходзяць у Еўрапейскі саюз. Гэтыя дзве экалагічныя сеткі абсалютна адпаведныя па сваіх прынцыпах і крытэрыях. Па долі сеткі «Эмеральд» Беларусь у аўтсайдарах — 11,57 % ад усёй плошчы — трошкі вышэй за Англію і Данію, дзе засталіся рэшткі прыроды. Але сярэднееўрапейскі паказчык — 17 %. Для мяне гэта дзіўна.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна КАНАНЧУК:

— Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і сетка «Эмеральд» — не зусім аднолькавыя рэчы. Доля асабліва ахоўных прыродных тэрыторый у Беларусі складае 8,7 % ад плошчы краіны, да гэтага дадайце «Ізумрудную сетку». Да 2020 года плануецца павялічыць долю асабліва ахоўных прыродных тэрыторый да 8,8 %. Дасягнуць гэтага будзе лёгка, бо не абавязкова спатрэбіцца стварэнне новых, у нас увесь час ідзе працэс пераўтварэнне тых, што маюцца. Гэта нармальны паказчык. Аб тым, наколькі добра краіна працуе ў гэтым плане, сведчыць дынаміка: у 2015 годзе доля асабліва ахоўных прыродных тэрыторый складала 8,2 %.

Міжнародная супольнасць ацэньвае беларускі паказчык як вельмі добры. Сапраўды, гэтыя рэчы нельга параўноўваць, бо ў кожнай краіне свае падыходы і свае крытэрыі. Напрыклад, калі доля асабліва ахоўных прыродных тэрыторый у Германіі 28 %, то пад строгім рэжымам аховы знаходзіцца толькі 3 %. На астатняй тэрыторыі можна весці тую альбо іншую дзейнасць. Немэтазгодна ахоўваць дзясяткі тысяч гектараў зямлі там, дзе можна праводзіць гаспадарчую дзейнасць пры ўмове захавання экасістэмы. Мы сёння асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, заказнікі павінны разглядаць з улікам сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, развіваць інфраструктуру турызму, прасоўваць экалагічны турызм.

Загаловак у газеце: І захаваць, і зарабіць

Заголовки публикаций в СМИ

Все публикации
Главные новости
Все новости Законодательная деятельность Международная деятельность Общественно-политическая деятельность